Журналіст Томаш Уладарчык паведаміў некаторыя дэталі прызначэння галоўным трэнерам польскага “Заглембе” Сасновец экс-настаўніка кіеўскага “Дынама” і зборнай Беларусі Аляксандра Хацкевіча.
– Галоўным трэнерам стане Аляксандр Хацкевіч – былы трэнер кіеўскага «Дынама» і зборнай Беларусі. У яго з нядаўняга часу ёсць польскі пашпарт. Спартовым дырэктарам “Заглембе” будзе іншы беларус — Міхаіл Залеўскі. Былы дырэктар БАТЭ з Барысава, – напісаў Уладарчык у сваім твітары. Кантракт Хацкевіча разлічаны да 30 чэрвеня. «Заглембе» пасля 19 тураў займае апошняе месца ў другім дывізіёне.
У беларускім футболе гучны ўнутраны трансфер
Мацвей Дукса завяршыў выступы за “Смаргонь” і стаў навабранцам берасцейскага “Дынама”. Цікава, што 20-гадовы футбаліст дамовіўся з новым клубам не пра гадавы кантракт. Бакі вырашылі правесці разам тры сезоны. Нападнік у мінулым сезоне ў складзе «Смаргоні» стаў найлепшым снайперам і найлепшым па сістэме «гол+пас» з вялікім адрывам, адзначае Bet News. На рахунку Мацвея восем забітых мячоў. Акрамя таго, Дукса занёс сабе ў актыў яшчэ і сем выніковых перадач – па гэтым паказчыку яму таксама не было роўных.
У апытанні на найлепшага гульца свету Алос Ферэр галасаваў за Месі
Аргентынскі форвард Ліянэль Месі другі год запар прызнаны найлепшым футбалістам планеты па версіі ФІФА. Ліянэль Месі і Эрлінг Холанд набралі аднолькавую колькасць галасоў – па 48. Прыз The Best дастаўся аргенцінцу таму, што капітаны нацыянальных зборных ставілі яго на першае месца часцей, чым канкурэнтаў. Кіліян Мбапэ з «ПСЖ» заняў трэцяе месца з 35 ачкамі.
Беларускі складнік галасавання: галоўны трэнер зборнай Карлас Алос Ферэр аддаў першае месца Месі, капітан зборнай Сяргей Паліцэвіч – Холанду, газета “Прессбол” – таксама Холанду.
Даніэле дэ Росі стане галоўным трэнерам «Ромы»
Знакаміты экс-паўабаронца «Ромы» Даніэле Дэ Росі стане новым галоўным трэнерам «джаларосі». З пасады настаўніка “жоўта-чырвоных” быў звольнены Жазэ Мурынью. У траўні 2021 года Жазэ стаў 60-м галоўным трэнерам у гісторыі сталічнага італьянскага клуба. Праз год ён прывёў каманду да трыўмфу ў Лізе канферэнцый. У мінулым сезоне дайшоў да фіналу Лігі Еўропы.
Вікторыя Азаранка прымкнула да сясцёр Уільямс і Штэфі Граф
Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка, якая выйшла ў другі круг адкрытага чэмпіянату Аўстраліі, правядзе 61-ы ў кар’еры матч на Australian Open. Яна стане толькі пятай тэнісісткай Адкрытай эры, якая згуляла на Australian Open больш за 60 матчаў у жаночым адзіночным разрадзе. Раней гэтую адзнаку пераадолелі амерыканскія тэнісісткі Серэна і Вінус Уільямс, Ліндсэй Дэвенпорт, а таксама расейка Марыя Шарапава. Таксама Азаранка стала шостай тэнісісткай па колькасці перамог у жаночым адзіночным разрадзе на Australian Open у Адкрытай эры. На рахунку Азаранкі 48 перамог на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі. Па гэтым паказчыку беларуская спартоўка абышла легендарную нямецкую тэнісістку Штэфі Граф, у якой 47 перамог на турніры.
Нарвежскія гандбалісты прабіліся ў 2-й групавы этап ЧЕ
Гандбалісты зборнай Нарвегіі прабіліся ў другі групавы этап чэмпіянату Еўропы, які праходзіць у Германіі. У апошнім паядынку папярэдняй групы D нарвежцы саступілі адзін мяч славенцам – 27:28, але ўсё роўна занялі другое месца. Гандбалісты Польшчы абыгралі каманду Фарэрскіх выспаў з вынікам 32:28, але пакідаюць турнір. Дзеючыя чэмпіёны Старога Свету шведы ў матчы 3-га тура квартэта Е святкавалі трэцюю перамогу, узяўшы верх над нідэрландцамі – 29:28. Дэбютанты фінальнай часткі ЧЕ гандбалісты Грузіі напрыканцы паказалі характар – здабылі першую вікторыю, перамогшы зборную Босніі і Герцагавіны – 22:19. У матчы двух фаварытаў групы F датчане разграмілі партугальцаў – 37:27. Чэшскія гандбалісты перайгралі грэкаў – 29:20.
Беларускае Радыё Рацыя