BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларускі штангіст Саковіч стаў чэмпіёнам свету сярод моладзі

Беларус Уладзіслаў Саковіч стаў пераможцам першынства свету па цяжкай атлетыцы сярод спартоўцаў не старэйшых за 20 гадоў, які праходзіць у іспанскім Леоне. Беларус перамог у вагавай катэгорыі да 109 кг, таксама выйграўшы малыя залатыя медалі ў абодвух практыкаваннях. Выступы ў рыўку Саковіч пачаў з удалага падыходу на 165 кг, а затым з другой спробы ўзяў 170 кг – ніводзін з дзевяці супернікаў не перасягнуў гэты вынік. У штуршку беларус паслядоўна справіўся са штангай вагой 195 кг, 201 кг і 204 кг, зноў апярэдзіўшы ўсіх канкурэнтаў. Чэмпіёнская сума Саковіча склала 374 кг, найбліжэйшы пераследнік Эмін Бурун з Турцыі адстаў на 8 кг.

Менскія дынамаўцы ў гасцях абыгралі “Куньлунь”

Хакеісты менскага “Дынама” перамаглі ў выязным матчы рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. Апошні гасцявы паядынак у верасні падначаленыя Дзмітрыя Квартальнава праводзілі ў Мыцішчах супраць “Куньлуня”. Лік у матчы быў адкрыты “зубрамі” напрыканцы стартавай трэці – Віталь Пінчук пераправіў шайбу ў брамку пасля кідка Аляксандра Волкава. Ужо на 23-й секундзе другога перыяду гаспадары зраўнялі лічбы, але даволі хутка мінчане зноў выйшлі наперад намаганнямі Вадзіма Мароза, які вызначыўся пяты раз за сем сустрэч. Праз тры хвіліны Мароз выступіў ужо ў ролі асістэнта, а аўтарам гола стаў Раман Гарбуноў. За астатнія паўтара перыяды лічбы на табло так і не змяніліся, у выніку 3:1 на карысць “Дынама”. Гэтая перамога стала для беларускай каманды пятай у сямі гульнях са старту сезона. На дадзены момант “зубры” займаюць пятае месца ў табліцы Заходняй канферэнцыі, набраўшы 10 ачкоў.

Хакеісты “Брэста” на выездзе разграмілі “Нёман” у матчы экстралігі

Чатырма матчамі ў чацвер працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. “Дынама-Маладзечна”, якое лідаруе ў турнірнай табліцы, святкавала сёмую перамогу запар – на гэты раз “бела-блакітныя” не пакінулі шанцаў дзеючаму чэмпіёну краіны “Металургу” – 5:1. Нечаканы вынік быў зафіксаваны ў Гародні, дзе “Нёман” “згарэў” “Брэсту” – 1:6. Дубль за паўднёўцаў аформіў Юры Верамеенка, а асістэнцкім хет-трыкам адзначыўся Ігар Карабанаў. У Салігорску мясцовы “Шахцёр” быў мацнейшы за “Віцебск” 3:1. Асноўнага часу не хапіла толькі хакеістам “Гомеля” і “Лакаматыва”: каманды згулялі ўнічыю 2:2, а ў серыі булітаў больш дакладнымі апынуліся аршанцы.

У Барысаве і Гомелі пройдуць першыя матчы 23-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі

На футбольным чэмпіянаце Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі пройдуць стартавыя сустрэчы 23-га тура. У першай з іх футбалісты БАТЭ прымуць на поле “Барысаў-Арэны” аўтсайдэра турніру салігорскі “Шахцёр”. У матчы першага круга барысаўчане выйгралі ў Салігорску з лікам 3:1. У папярэднім туры БАТЭ здабыў другую вікторыю запар, абыграўшы на выездзе “Іслач” з лікам 2:1, а “Шахцёр” на хатняй арэне саступіў лідару першынства гарадзенскаму “Нёману” – 0:1. Таксама сёння футбалісты “Гомеля” згуляюць на сваім полі з берасцейскім “Дынама”. Іх сустрэча першага круга ў Берасці завяршылася ўнічыю – 1:1. На мінулым тыдні берасцейцы выйгралі ў дзяржынскага “Арсенала” – 2:1, а гамяльчане з такім жа лікам перамаглі наваполацкі “Нафтан”.

Беларускае Радыё Рацыя