BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларускіх біятланістаў не дапусцяць да міжнародных турніраў

Міжнародны саюз біятланістаў (IBU) не дапусціць расейскіх і беларускіх спартоўцаў да спаборніцтваў пад эгідай арганізацыі да заканчэння вайны ва Украіне.

Расейцы і беларусы адхілены ад спаборніцтваў IBU з 2022 года. «У бліжэйшыя тыдні, месяцы ці нават даўжэй не чакаецца ніякіх дзеянняў, да таго часу, пакуль ваенны канфлікт не скончыцца і федэрацыі не выканаюць згаданыя ўмовы. Правілы спаборніцтваў IBU у цяперашні час ніяк не рэгламентуюць удзел нейтральных спартоўцаў », – гаворыцца ў паведамленні. У сакавіку 2022 года IBU з-за сітуацыі ва Украіне адхіліў расейскіх і беларускіх спартоўцаў ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах. Сяброўства федэрацый біятлону Расеі і Беларусі ў IBU было прыпынена.

Шайба Шаранговіча не дапамагла “Калгары” абыграць “Атаву”

Беларускі нападнік “Калгары” Ягор Шаранговіч працягнуў выніковую серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Нацыянальнай хакейнай лігі. “Агеньчыкі” гасцявалі ў сталіцы Канады ў “сенатараў” з “Атавы”. У канцы другога перыяду Шаранговіч закінуў суперніку шайбу, скараціўшы адставанне свайго клуба 2:3. У заключнай трэці каманды абмяняліся галамі, у выніку параза “Калгары” з лікам 3:4. Усяго Ягор Шаранговіч правёў на лёдзе 19 з паловай хвілін, нанёс 7 кідкоў і скончыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці “+1”. Беларускі форвард вызначыўся закінутай шайбай у трэцім паядынку запар. “Вашынгтон Кэпіталз” у гасцях адолеў “Флорыду Пантэрз” — 4:1. У складзе сталічнай каманды беларускі форвард Аляксей Протас гуляў на левым флангу першага звяна. Протас правёў на лёдзе 15 хвілін 59 секунд, нанёс 2 кідкі, здзейсніў 1 перахоп і зарабіў паказчык карыснасці «-1». Протас не набірае ачкі ў трэцім матчы запар.

Менскія дынамаўцы прымуць лідара Усходняй канферэнцыі КХЛ

Хакеісты менскага “Дынама” cёння завершаць чарговую хатнюю серыю матчаў у рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Апошнім госцем “Мінск-Арэны” ў гэтым месяцы будзе чэлябінскі “Трактар”, які ўзначальвае табліцу Усходняй канферэнцыі. Абысці ўсіх супернікаў удалося дзякуючы ўдаламу кастрычніку, калі ўральцы з трынаццаці матчаў прайгралі толькі два. Аднак у апошні час “мядзведзі” выглядаюць не настолькі выдатна: усяго тры перамогі ў сямі гульнях. У менчукоў на аналагічным адрэзку ідэнтычныя паказчыкі, на гэты момант беларуская каманда замыкае васьмёрку найлепшых на Захадзе. Першае супрацьстаянне “зуброў” і “мядзведзяў” у гэтай “рэгулярцы” стартуе ў 19:30 па беларускім часе.

«Вальядалід» прапанаваў менскаму «Дынама» 200 тысяч даляраў за Лапавухава

Іспанскі «Вальядалід» (Д1) зрабіў прапанову менскаму «Дынама» па трансферу галкіпера Фёдара Лапавухава. Як паведамляе расейскі журналіст Анар Ібрагімаў, клуб прапанаваў за 21-гадовага галкіпера 200 тысяч даляраў. Менчукі хочуць зарабіць не менш як 500 тысяч даляраў. Адзначым, што тэрмін дзеяння кантракта футбаліста заканчваецца пасля завяршэння сезону-2025. «Вальядалід» з 9 ачкамі замыкае турнірную табліцу іспанскага Д1. Лапавухаў у 38 матчах сезону прапусціў 23 мячы, у 23 гульнях захаваў браму ў недатыкальнасці.

Супернік Барселоны плануе згуляць у Лізе чэмпіёнаў рэзервовым складам

Сёння адбудзецца матч пятага тура Лігі чэмпіёнаў, у якім згуляюць іспанская “Барселона” і французскі “Брэст”. Французскія журналісты паведамляюць, што госці збіраюцца ў гэтым матчы правесці ратацыю і даць адпачынак асноўным футбалістам. Справа ў тым, што “Брэст” набраў 10 балаў і займае чацвёртае месца – каманда мае высокія шанцы прайсці ў наступны раўнд Лігі чэмпіёнаў. У чэмпіянаце справы падначаленых Эрыка Руа ідуць нашмат горш – 12-е месца. Таму французскі клуб нібыта  збіраецца ахвяраваць паядынкам з “Барселонай”, каб лепш падрыхтавацца да матчу чэмпіянату. Таксама сёння ў Лізе чэмпіёнаў “Слован” згуляе з “Міланам”, пражская “Спарта” з мадрыдскім “Атлетыка”, “Спортынг” з “Арсеналам”, “Янг Бойз” з “Аталантай”, “Баер” з “Рэд Бул Зальцбург”, “Інтэр” з “Лейпцыгам”, “Манчэстэр” з “Феенордам” і цэнтральны матч гульнявога дня “Баварыя” – ПСЖ.

Беларускае Радыё Рацыя