BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларускіх спартоўцаў ня будзе на адкрыцці зімовай алімпіяды

алімпіяда

У прэс-службе Міжнароднага алімпійскага камітэта заявілі, што беларускія і расейскія спартоўцы не будуць задзейнічаныя падчас цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх гульняў 2026 года.
Што тычыцца цырымоніі закрыцця, рашэнне па гэтым пытанні яшчэ не прынятае, – гаворыцца ў заяве.

На выходных у «беларускім дэрбі» матча рэгулярнага чэмпіянату НХЛ «Калгары» сустракаўся з «Вашынгтонам» і саступіў з лікам 1:3.
27-гадовы беларускі нападнік «Калгары» Ягор Шаранговіч выйшаў на лёд на левым фланзе першага звяна.
А 25-гадовы беларускі форвард «Вашынгтона» Аляксей Протас пачаў матч на левым фланзе другога звяна.
Протас перапыніў сваю 7-матчавую безгалявую серыю, закінуўшы пераможную шайбу.
Беларускі нападнік вывеў «Вашынгтон» наперад на 48-й хвіліне сустрэчы.
Шаранговіч правёў на лёдзе 20 хвілін 13 секунд.
Усяго Шаранговіч прыняў удзел у 46 матчах, набраў 20 (11+9) ачкоў, мае паказчык карыснасці «-14».
Протас правёў на лёдзе 19 хвілін 12 секунд і за гэты час закінуў шайбу.
За гэта НХЛ прызнала беларуса другой зоркай сустрэчы.
«Калгары» набраў 47 ачкоў пасля 51 сустрэчы і апусціўся на 14-е месца ў Заходняй канферэнцыі.
«Вашынгтон» мае 56 ачкоў пасля 52 згуляных матчаў і займае 12-ю пазіцыю ва Усходняй канферэнцыі.

У другім жа матчы «Вашынгтон» Аляксея Протаса прайграў «Эдмантану» ў авертайме з лікам 5:6.
Беларус правёў на лёдзе 17 хвілін 37 секунд і знову закінуў шайбу, якой адкрыў лік галам сваёй каманды ў гэтым матчы.
Агулам за сезон Протас згуляў 50 матчаў, у якіх набраў 34 (18+16) ачкі.

А тым часам беларускі галкіпер Мікіта Талапіла выкліканы ў клуб НХЛ «Ванкувер Кэнакс» з фарм-клуба «Абатсфард Кэнакс» з АХЛ.
У зваротным напрамку пайшоў 26-гадовы чэшскі брамнiк Іржы Патэра.
Талапіла правёў 7 матчаў у НХЛ і здабыў 2 перамогі.
У АХЛ у 25-гадовага беларуса 13 матчаў і 5 перамог.

У беларускай хакейнай Экстралізе былі згуляныя астатнія матчы 42 тура рэгулярнага чэмпіяната.

«Авіятар» у Баранавічах з лікам 2:3 саступіў «Віцебску». «Магілёў» па булітах з лікам 2:1 перайграў «Гомель». Салігорскі «Шахцёр» чарговы раз перамог гарадзенскі «Нёман». Гэтым разам з лікам 4:1.

Беларуска Арына Сабаленка выйшла ў 1/4 фіналу Australian Open. У 1/8 фіналу першая ракетка свету перамагла 19-гадовую канадскую 16 ракетку Вікторыю Мбока з лікам 2:0 – 6:1, 7:6.
У чвэрцьфінале Сабаленка сустрэнецца з амерыканкай Івай Ёвіч (№27 сусветнага рэйтынгу).
Беларуска выйшла ў чвэрцьфінал на 13-м турніры «Вялікага шлема» запар. Апошні раз яна прайграла раней за гэтую стадыю на «Ралан Гарос»-2022. На «Уімблдон»-2022 яе не дапусцілі, а ў 2024-м яна прапусціла «Уімблдон» з-за траўмы.
Сезон-2026 Сабаленка пачала з 9 перамог запар, па ходзе якіх яна не прайграла ніводнага сэта. Больш за сем геймаў у матчы яна прайграла толькі адзін раз – у трэцім крузе Australian Open супраць Насты Патапавай.

Серб Новак Джокавіч (№4 ATP) стаў першым тэнісістам у гісторыі, які здабыў 400 перамог на турнірах Grand Slam.
У трэцім крузе Australian Open Джокавіч перамог Ботыка ван дэ Зандсхулпа (№74 ATP) з лікам 6:3, 6:4, 7:6.
Новак апярэджвае Роджэра Федэрэра на 31 перамогу, Рафаэля Надаля – на 86. Серб з’яўляецца 24-разовым чэмпіёнам турніраў Grand Slam.
Новак паўтарыў рэкорд Федэрэра па колькасці перамог у матчах Australian Open – 102.
Джокавіч васямнаццаты раз выйшаў у 1/8 фіналу Australian Open.

«Візела» ў гасцях саступіла дублю «Порту» з лікам 0:1 ў 19-м туры чэмпіяната Партугаліі па футболе ў 2 дывізіёне.
Беларускі паўабаронца Мікіта Дземчанка ўпершыню выйшаў на поле ў складзе гасцей на 78-й хвіліне.
«Візела» займае 5-е месца ў Сегундзе з 28 ачкамі.
23-гадовы беларус стаў гульцом партугальскага клуба на пачатку студзеня.

У Швецыі, Нарвегіі і Даніі працягваецца асноўны этап чэмпіяната Еўропы па гандболе.
Пасля трох тураў у групах А і В асноўнымі прэтэндэнтамі на выхад у паўфіналы з’яўляюцца – Германія ды Францыя і Ісландыя ды Швецыя, адпаведна.

Фінал турніра – 1 лютага.

Беларуская лыжніца Ганна Каралёва ў нейтральным статусе заняла 47-е месца ў мас-старце на 20 км класічным стылем на этапе Кубка свету, які праходзіць у швейцарскім Гомсе.
Гонка прайшла ў фармаце агульнага старта. Каралёва фінішавала саступіўшы пераможцы Ёхане Матанта 8 хвілін 38,2 секунды.
Нагадаем, што раней Каралёва атрымала і прыняла запрашэнне на алімпійскія гульні 2026.

Беларуская гарналыжніца Марыя Шканава, якая выступае ў нейтральным статусе, таксама заняла 47-е месца па выніках першай спробы ў слаламе на этапе Кубка свету, які праходзіць у чэшскім Шпіндлеруў-Мліне.
36-гадовая спартоўка паказала вынік 54,35 секунды ў першай спробе, саступіўшы Мікаэле Шыфрын 5,55 секунды, і не была дапушчана да другой.
Раней Шканава заваявала права на ўдзел у Алімпіядзе па спартовым прынцыпе і чакае рашэння камісіі па праверцы адпаведнасці крытэрыям допуску Індывідуальных Нейтральных Спартоўцаў.

Завяршыўся чэмпіянат Беларусі па жаночым адзіночным фігурным катанні.
Перамогу святкавала Вікторыя Сафонава.
Другое месца заняла Варвара Стаховіч, трэцяй стала Яраслава Князева.
Сафонава выступіць на Алімпіядзе-2026 у нейтральным статусе. У фігурыстак спаборніцтвы пройдуць 17-19 лютага.

Нагадаем, што XXV зімовыя Алімпійскія гульні пройдуць з 6 па 22 лютага 2026 года ў італьянскіх гарадах Мілан і Корціна-д’Ампецо.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя