Ноччу некалькі беларускіх хакеістаў прынялі ўдзел у матчах Амерыканскай хакейнай лігі.
Аляксей Коласаў адстаяў у брамцы “Ліхай Вэлі Фантомс” і дапамог камандзе разграміць “Брыджпорт” з лікам 9:2. Беларускі галкіпер адбіў 26 з 28 кідкоў і аформіў сваю першую перамогу пасля вяртання з НХЛ. Данііл Клімовіч закінуў шайбу за “Аббацфорд”, але яго каманда саступіла “Коачэле” 2:5. У сезоне ў беларуса ўжо 18 ачкоў (14+4) у 35 матчах.
Менскае «Дынама» завяршае выязную серыю матчам супраць «Нафтахіміка»
Хакеісты менскага «Дынама» сёння правядуць апошні матч выязнога турнэ ў чэмпіянаце КХЛ, дзе сустрэнуцца з ніжнекамскім «Нафтахімікам». Раней «зубры» вярнуліся на лёд пасля двухтыднёвай паўзы і саступілі «Металургу» 1:4. У каманды зараз 56 балаў і сёмае месца на Захадзе. Супернік менчукоў таксама не ў найлепшым стане: у «Нафтахіміка» адна перамога ў апошніх васьмі матчах, а ад зоны плэй-оф іх аддзяляе 7 ачкоў.
Беларусы пачынаюць кваліфікацыю на Еўра па міні-футболе матчам супраць Італіі
Сёння нацыянальная зборная Беларусі па міні-футболе стартуе ў кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы-2026. У першым матчы падначаленыя Аляксандра Чэрніка сустрэнуцца з адным з фаварытаў — Італіяй. Гульня адбудзецца ў італьянскай Катанні. Беларуская зборная яшчэ ні разу не перамагала італьянцаў у афіцыйных матчах.
Галоўны трэнер “Нёмана” ацаніў перспектывы іграка зборнай Кыргызстана
Галоўны трэнер гарадзенскага “Нёмана” Ігар Кавалевіч выказаўся пра магчымыя змены ў складзе каманды пасля перамогі над “Мінскам” 2:0 у рамках перадсезоннага турніру “Белазавец-2025”. Па словах спецыяліста, каманда працягвае падрыхтоўку да сезона, але асноўны склад паступова фармуецца. Адзначаецца, што кіраўніцтва “Нёмана” зацікаўленае ў тым, каб супрацоўнічаць з абаронцам зборнай Кыргызстана Амантуром Шамурзаевым. 24-гадовы футбаліст у мінулым сезоне стаў чэмпіёнам Кыргызстана ў складзе “Абдыш-Аты” і зараз знаходзіцца на праглядзе ў гарадзенскай камандзе. Ці застанецца ён у клубе, стане вядома пасля наступнага кантрольнага матчу “Нёмана” з “Тарпеда-БелАЗ”.
Абаранца зборнай Камеруна перайшоў у “Ягелонію”
Беластоцкая “Ягелонія” ўзмацняе склад – камерунскі абаронца Энзо Эбосэ далучыўся да клуба на правах арэнды з італьянскага “Удзінэзэ”. Кантракт будзе дзейнічаць да канца сезона, футбаліст будзе гуляць пад нумарам 23. Эбосэ нарадзіўся ў 1999 годзе ў Францыі, праходзіў падрыхтоўку ў акадэміі “Ланса”, пазней выступаў за “Ле Ман” і “Анжэ”, дзе дэбютаваў у французскай Лізе 1. У 2022 годзе перайшоў у італьянскую “Серыю А”, згуляўшы 23 матчы за “Удзінэзэ”. На міжнародным роўні ён спачатку прадстаўляў юнацкія зборныя Францыі, але пазней выбраў зборную Камеруна. У 2022 годзе паехаў на чэмпіянат свету ў Катар, дзе згуляў супраць Бразіліі ў сенсацыйным матчы, які камерунцы выйгралі 1:0.
Салаш зноў стаў лідарам сваёй каманды ў Еўракубку
Беларускі баскетбаліст Максім Салаш вызначыўся ў чарговым матчы свайго клуба «Бур», набраўшы 16 ачкоў. Яго каманда сустракалася з іерусалімскім «Хапаэлем» і саступіла з буйным лікам 67:94. Нягледзячы на паразу, Салаш застаецца адным з ключавых гульцоў клуба і стабільна набірае ачкі. Пасля 17 тураў «Бур» займае пятае месца ў групе В Еўракубка.
Беларускае Радыё Рацыя






