BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларускія хакеісты паказваюць стабільна высокі ровень у НХЛ

Ягор Шаранговіч, нападнік “Калгары”, дапамог сваёй камандзе перамагчы “Ванкувер” з лікам 3:1, зрабіўшы выніковую перадачу. У гэтым сезоне Ягор ужо набраў 10 ачкоў у 30 матчах. Аляксей Протас, нападнік “Вашынгтона”, аформіў дубль у матчы супраць “Бостана”, які яго каманда выйграла 3:1. У сезоне на яго рахунку 32 ачкі ў 37 гульнях. Аляксей Коласаў, галкіпер “Філадэльфіі”, выйшаў на замену ў трэцім перыядзе матча супраць “Сан-Хасэ” і адбіў усе сем кідкоў суперніка. Гэтая гульня стала для Коласава 14-й у НХЛ, у яго актыве ўжо чатыры перамогі.

Дземчанка прызнаны лепшым брамнікам месяца ў КХЛ

Галкіпер менскага “Дынама” Васіль Дземчанка стаў найлепшым брамнікам снежня ў КХЛ. Ён правёў пяць матчаў за “Дынама”, усе з якіх сталі пераможнымі. У кожнай гульні ён прапусціў не больш за адну шайбу, а ў матчы супраць маскоўскага “Дынама” адгуляў “на нуль”. Наступная гульня “зуброў” адбудзецца 4 студзеня супраць “Тарпеда”.

Паліцевіч блізкі да пераходу ў “Тарпеда”-БелАЗ

Экс-абаронца менскага “Дынама” і чэмпіён Беларусі Сяргей Паліцевіч рыхтуецца падпісаць кантракт з жодзінскім “Тарпеда”-БелАЗ. Гулец ужо даў папярэднюю згоду на пераход, і афіцыйнае пацверджанне чакаецца бліжэйшыя дні.

Салах можа перайсці ў ПСЖ

Французскі клуб ПСЖ прапанаваў нападніку ангельскага “Ліверпуля” Махамеду Салаху трохгадовы кантракт з заробкам 300 тысяч еўра ў тыдзень. “Ліверпуль” у сваю чаргу жадае працягнуць супрацу, але прапануе меншы заробак. У гэтым сезоне Салах ужо набраў 37 ачкоў (20 галоў і 17 асістаў) у 26 матчах.

Няпомняшчы і Карлсэн сталі чэмпіёнамі свету па бліцы

Упершыню ў гісторыі бліц-шахмат два гросмайстры падзялілі чэмпіёнскі тытул. Ян Няпомняшчы і Магнус Карлсэн згулялі ўнічыю ў фінале (3,5:3,5) і пагадзіліся падзяліць перамогу. Турнір праходзіў у Нью-Ёрку і стаў адной з галоўных шахматных падзей года.

Хэмілтан перайшоў з “Мерседэса” ў “Ферары”

Сяміразовы чэмпіён Формулы-1 Льюіс Хэмілтан афіцыйна стаў пілотам “Ферары”. Пасля дзесяці гадоў у “Мерсэдэсе” ён будзе выступаць разам з Шарлем Леклерам. Гэты пераход можа стаць адной з галоўных інтрыг новага сезона Формулы-1.

Беларускае Радыё Рацыя