BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларускія хакеісты прайгралі Расeі-25

Нацыянальная зборная Беларусі па хакеі прайграла камандзе Расеі 25 у рамках серыі “Ліга Ставок. Вялікі тур зборнай”.

Матч беларускай і расейскай каманд прымала “G-Drive Арэна” у Омску. Гэты вочны паядынак стаў для зборных другім з чатырох запланаваных у траўні – у суботу сапернікі сустракаліся ў Астане ў рамках міжнароднага турніру Qazaqstan Hockey Open, там Расея-25 пераканаўча перамагла з лікам 6:0. Сваю перавагу падначаленыя Рамана Ратэнберга даволі хутка прадэманстравалі і ў Омску: ужо на 4-й хвіліне Захар Бардакоў вывеў гаспадароў наперад, а неўзабаве Арсень Грыцюк павялічыў перавагу расейцаў да двух галоў.

У другім перыядзе непрыемнасці для беларусаў працягнуліся: у пачатку трэці Сяргей Кузняцоў атрымаў выдаленне за падножку, і на рэалізацыю лішняга супернікам хапіла ўсяго 15 секунд – Грыцюк аформіў дубль. Незадоўга да сыходу на перапынак форвард Расеі-25 Максім Соркін закінуў чацвёртую шайбу сваёй каманды, пасля чаго галкіпер беларусаў Аляксей Снытко саступіў месца ў брамцы Максіму Лубскаму.

У заключнай трэці лік на табло не змяніўся, у выніку 0:4 – зборная Беларусі церпіць другую буйную паразу запар.

Сасновіч перамагла на старце кваліфікацыі турніру WTA-1000 У Рыме

У Рыме пачаліся кваліфікацыйныя паядынкі чарговага турніру WTA-1000 з прызавым фондам 4 мільёны 800 тысяч еўра.

Беларуская тэнісістка 113-ы нумар сусветнага рэйтынгу Аляксандра Сасновіч у першым раундзе сустракалася з амерыканкай 137-й ракеткай планеты Алісіяй Паркс і выйграла ў двух сэтах – 6:1, 6:1. У вырашальным паядынку за трапленне ў асноўную сетку суперніцай беларускі будзе пераможца матчу паміж кітайскай тэнісісткай Чжу Сян Бай і сербкай Аляксандрай Круніч.

Плануецца, што на адкрытых грунтавых кортах італьянскай сталіцы выступяць лідэр сусветнага рэйтынгу полька Іга Свёнтэк і другая ракетка планеты беларуска Арына Сабаленка. У мінулую суботу Свёнтэк адолела Сабаленку ў фінальным паядынку турніру ў Мадрыдзе.

Футбольны чэмпіянат Беларусі ў другой лізе пройдзе па рэгіянальным прынцыпе

На пазачарговым пасяджэнні выканкама асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” разгледжаны пытанні правядзення чэмпіянату краіны ў другой лізе.

Па выніках прынята рашэнне пагадзіцца з пазіцыяй футбольных клубаў аб самастойным правядзенні рэгіянальнымі федэрацыямі чэмпіянатаў абласцей і горада Менска ў 2024 годзе з падзелам усіх каманд-удзельніц на зоны па тэрытарыяльнай прыкмеце, зыходзячы з асаблівасцей кожнага рэгіёну.

Баскетбалісткі “МІНСКА” перамаглі “Гарызонт” на старце залатой серыі чэмпіянату Беларусі

Баскетбалісткі “МІНСКА” выйшлі наперад у залатой серыі жаночага чэмпіянату Беларусі. У стартавым паядынку за чэмпіёнскі тытул лідары рэгулярнага сезона ўпэўнена перайгралі дзеючага чэмпіёна “Гарызонт” – 74:51. Другая сустрэча саіскальнікаў золата адбудзецца 8 траўня, а трэці матч пройдзе 16 траўня.

У серыі за бронзавыя ўзнагароды баскетбалісткі гарадзенскай “Алімпіі” двойчы абыгралі на сваёй арэне выхаванак сталічнага РДУАР – 69:58 і 82:45. Калі 10 траўня гарадзенская каманда выйграе ў Менску, то стане ўладальнікам бронзы 32-га нацыянальнага першынства.

Кацярына Сныціна згуляе апошні матч у кар’еры 19 траўня

Славутая беларуская баскетбалістка Кацярына Сныціна, якая нядаўна з брытанскім клубам «Лондан Лаянс» выйграла баскетбольны Еўракубак, заявіла пра заканчэнне прафесійнай спартовай кар’еры. Апошні матч яна правядзе 19 траўня, а пасля ў яе ёсць для лонданскіх беларусаў цікавая прапанова. 25 траўня Сныціна каля О2 арэны запрашае пагуляць разам з ёй. «Мы класна пагулялі мінулым летам, а гэтым летам я знайшла для нас цудоўную пляцоўку, дзе будзем толькі мы! Пачатак у 11:00», — напісала Сныціна.

Беларускае Радыё Рацыя