BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларускія хакеісты выйгралі Кубак Колдэра

У шостым матчы фінальнай серыі плэй-оф АХЛ «Абатсфорд Кэнакс» на выездзе абыграў «Шарлот Чэкерс» з лікам 3:2 і выйграў у фінальнай серыі — 4:2. Канадскі хакейны клуб упершыню ў гісторыі заваяваў гэты трафей.

Форвард Даніла Клімовіч узяў удзел у вырашальным матчы, выйшаўшы ў чацвёртым звяне, і адзначыўся закінутай шайбай на 24-й хвіліне. У 16 матчах плэй-оф ён закінуў 4 шайбы (з іх 3 пераможныя), зарабіў 12 хвілін штрафу і паказчык карыснасці «+3».

Беларускі брамнік Мікіта Талапіла ў гэтым матчы застаўся на лаўцы запасных. У цяперашнім плэй-оф ён правёў адзін матч, які завяршыўся паразай каманды.

АХЛ — гэта Амерыканская хакейная ліга, другая па значнасці хакейная ліга ў Паўночнай Амерыцы пасля НХЛ (Нацыянальнай хакейнай лігі). А Кубак Колдэра ў АХЛ — гэта аналаг Кубка Стэнлі у НХЛ.

Клімовіч і Талапіла сталі чацвёртым і пятым беларусам, што выйгралі Кубак Колдэра. У сезоне 2006-2007 трафей у складзе «Гамільтана» ўзялі Міхаіл Грабоўскі і Андрэй Касціцын. Пасля гэтага яны пайшлі граць у НХЛ. У 2023 годзе Кубак Колдэра заваяваў у складзе «Хершы» Аляксей Протас, сённяшняя зорка «Вашынгтона» ў НХЛ.

Там жа ў ЗША працягваецца групавы этап клубнага чэмпіянату свету. Дзе ўжо паціху пачынаюць вызначацца ўдзельнікі стадыі 1/8 фіналу. Учора партугальскі «Порту» ды егіпецкі «Аль-Ахлі» выдалі сапраўдную галявую феерыю з 8 мячоў і згулялі ўнічыю 4:4. Напалову менш забілі, але таксама згулялі ўнічыю 2:2 – амерыканскі «Інтэр Маямі» ды бразільскі «Палмейрас». Партугальская «Бенфіка» з мінімальным лікам 1:0 перайграла нямецкую «Баварыю». А навазеландскі аматарскі клуб «Оклэнд Сіці» досыць нечакана згуляў у нічыю 1:1 з аргенцінскім грандам «Бока Хуніёрс». Пры тым, што абодва галы  ў матчы забілі непрафесійныя футбалісты з Оклэнда. І адбылося гэта да паўгадзіннага перапынку ў матчы, з-за непагадзі. Такім чынам гэта сталіся адзіныя два галы каманды на гэтым турніры.

У нямецкім Бад Хомбургу працягваецца турнір серыі WTA-500 з прызавым фондам 923 000 еўра. У 1/8 фіналу 105 ракетка сусветнага рэйтынгу беларуска Вікторыя Азаранка саступіла 8-й ракетцы польцы Ізе Свёнтэк з лікам 0:2 (4:6, 4:6).

А вось на травяных кортах Вялікай Брытаніі праходзіць кваліфікацыя да Уімблдонскага турніру. Учора там у чвэрцьфінальных матчах гралі некаторыя беларускі. Крысціна Дзмітрук (203 WTA) у двухгадзінным паядынку саступіла кітайскай спартсменцы Сю Ван (165 WTA) з лікам 1:2 (5:7, 6:3, 3:6).

А вось Аляксандра Сасновіч (108 WTA) цягам 57 хвілінаў разграміла прадстаўніцу Іспаніі Карлоту Марцінес Сірэс (228 WTA) з лікам 2:0 (6:0, 6:0).

Такім чынам, Сасновіч згуляе ў паўфінале адбору з расейскай Аксанай Селехмецьевай (145 WTA).
Таксама Ірына Шымановіч (170 WTA) абыграла ў двух тай-брэйках Амелію Раецкі (421 WTA) з Брытаніі з лікам 2:0 (7:6, 7:6) і прайшла ў паўфінал.

Там яна сустрэнецца з латвійкай Дар’яй Семяністай (131 WTA).

Паўфіналы адбудуцца сёння. Цікава, што ў выпадку перамог, беларускі паміж сабою ў фінале разыграюць права згуляць на асноўных кортах Уімблдона.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя