Жаночая зборная Беларусі па футболе адкрые адборавы цыкл чэмпіянату Еўропы двума матчамі на Кіпры. Стартавы паядынак у кваліфікацыйнай групе С1 беларускія футбалісткі правядуць 5 красавіка ў Ахне супраць каманды Кіпра, а 9 красавіка там жа правядуць намінальна хатні паядынак са зборнай Грузіі. У гэтым квартэце таксама выступіць каманда Літвы. Пад кіраўніцтвам галоўнага трэнера беларускай дружыны Юрыя Малеева да маючых адбыцца сустрэч будуць рыхтавацца 22 гульцы. Каманда збярэцца 30 сакавіка ў Менску, а 2 красавіка возьме курс на Кіпр.
Беларуска Ласкевіч прайграла Жалнічковай у фінале адзіночнага разраду на турніры ў Манасціры
Беларуская тэнісістка Эвеліна Ласкевіч прайграла славачцы Радцы Жалнічковай на турніры ў Манасціры пад эгідай ITF з прызавым фондам 15 тысяч даляраў. Гэта быў другі прафесійны фінал у адзіночным разрадзе для 19-гадовай беларускі. Першы яна згуляла ў 16-гадовым узросце на турніры аналагічнай катэгорыі ў Шымкенце ў 2021 годзе. Той фінал Ласкевіч таксама прайграла.
Паўфінальная стадыя розыгрышу плэй-оф стартуе ў Салігорску
У Салігорску стартуе паўфінальная стадыя плэй-оф беларускай хакейнай экстралігі. Першую пару паўфіналістаў сфармавалі «Шахцёр» і «Брэст». «Гарнякі» сталі пераможцамі рэгулярнага чэмпіянату, а ў першым раўндзе плэй-оф у чатырох матчах прайшлі наваполацкі «Хімік». Галкіпер салігарчан Георгій Анаркулаў завяршыў гэту серыю з паказчыкам у 96 працэнтаў адбітых кідкоў. Для берасцейцаў, якія выйшлі ў паўфінал ўпершыню ў гісторыі клуба, гэты шлях апынуўся куды больш цярністым. Паўднёўцы занялі сёмае месца і прабіліся ў плэй-оф праз стадыю плэй-ін, дзе двойчы абыгралі «Ліду». У чвэрцьфінале «Брэсту» супрацьстаяў пасеяны другім «Віцебск». Падчас серыі падначаленыя Сяргея Пушкова саступалі 2:3, але затым выйгралі два матчы запар, прычым вырашальны – на выездзе ў другім авертайме. Першы паядынак у супрацьстаянні «Шахцёра» і «Брэста» стартуе сёння ў 19.25, у сераду каманды сустрэнуцца ў Салігорску другі раз. За другую пуцёўку ў фінал у «палескім дэрбі» паспрачаюцца «Гомель» і «Металург». Абедзве каманды пераадолелі стартавы раунд плэй-оф, не будучы фаварытамі ў сваіх парах. Гамельчане выбілі з барацьбы гарадзенскі «Нёман», выйграўшы серыю з лікам 4:2, а прадстаўнікам Жлобіна для перамогі над «Юнацтвам» і ўвогуле хапіла пяці матчаў.
Магуайр, Уокер і Джонстан пакінулі зборную Англіі
Абаронцы Хары Магуайр, Кайл Уокер і галкіпер Сэм Джонстан пакінулі размяшчэнне зборнай Англіі па футболе і вярнуліся ў свае клубы. Паведамляецца, што ўсе футбалісты траўмаваныя. Паводле інфармацыі Фабрыцыа Рамана, у бліжэйшую гадзіну Хары Магуайр пройдзе дадатковае абследаванне, чакаецца, што яго аднаўленне не зойме шмат часу. На матч супраць зборнай Бельгіі 26 сакавіка ў зборную Англіі выкліканы абаронца «Манчэстэр Сіці» Рыка Льюіс і форвард «Бернлі» Джэймс Трафард. Нагадаю, зборная Англіі саступіла зборнай Бразіліі ў таварыскім матчы – 0:1. Гульня прайшла ў Лондане на «Уэмблі». Адзіны гол у матчы на 80-й хвіліне забіў Эндрык.
«Баварыя» кантактавала з Дэ Дзербі
Галоўны трэнер «Брайтана» Раберта Дэ Дзербі – адзін з прэтэндэнтаў на вакантную пасаду ў «Баварыі» пасля сыходу Томаса Тухеля ўлетку, паведамляе Bayern & Germany са спасылкай на інсайдэра Матэа Марэта. Паводле інфармацыі крыніцы, у апошнія тыдні паміж «Баварыяй» і Раберта Дэ Дзербі адбыліся прамыя кантакты. Нягледзячы на тое, што Хабі Алонса застаецца прыярытэтам для «Баварыі», Дэ Дзербі таксама ў спісе, і клуб лічыць яго цікавым трэнерам з характарыстыкамі, прыдатнымі для самага высокага ўзроўню. Італьянскі трэнер задаволены цікавасцю «Баварыі», але не спяшаецца з рашэннем, бо хоча зразумець усе даступныя варыянты. Яго «Брайтан» пакуль займае 8-е месца ў АПЛ.
«Лэйкерз» правялі самы выніковы матч за апошнія 37 гадоў
«Лэйкерз» перамаглі «Індыяну» 150:145 у матчы рэгулярнага чэмпіянату НБА. «Лэйкерз» набралі 150 ачкоў, абнавіўшы камандны рэкорд сезону па выніковасці. Таксама «азёрнікі» правялі самы выніковы матч за апошнія 37 гадоў – з 2 студзеня 1987 года. Таксама гэты матч стаў трэцім самым выніковым у гэтым сезоне.
Беларускае Радыё Рацыя






