BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларускія футбалісты саступілі ізраільцянам у таварыскім матчы

Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі пацярпелі другую запар буйную паразу. Пасля пройгрышу ў Менску расейцам 0:4 напярэдадні беларускія футбалісты саступілі ў Будапешце камандзе Ізраіля з тым жа лікам. Ужо ў першай палове гульні ў браме Сяргея Ігнатовіча пабывалі тры мячы. Да перапынку беларусы вельмі рэдка атакавалі і толькі некалькі разоў напружылі абарону супернікаў. У другім тайме гульня ішла па такім жа сцэнары з той толькі розніцай, што ізраільцяне вызначыліся толькі адзін раз. Зборная Беларусі не можа забіць ужо ў чацвёртай сустрэчы запар. Цяпер падначаленыя іспанскага спецыяліста Карласа Алоса Ферэра адправяцца ў свае клубы, а ў пачатку восені прымуць старт у новым сезоне Лігі нацый. Свой першы паядынак у групе С3 беларусы правядуць 5 верасня супраць каманды Балгарыі, а 8 верасня згуляюць з футбалістамі Люксембурга. У гэтым квартэце таксама выступіць зборная Паўночнай Ірландыі.

Матсэн можа замяніць дэ Ёнга ў складзе зборнай Нідэрландаў

Левы абаронца «Чэлсі» Іан Матсэн, які другую палову сезона правёў за дортмундскую «Барусію», можа паехаць на Еўра-2024.

Паводле інфармацыі Фабрыцыа Рамана, 22-гадовы гулец можа замяніць траўмаванага Фрэнкі дэ Ёнга ў заяўцы зборнай Нідэрландаў на турнір. Матсэн у гэтым сезоне аформіў 3 галы і зрабіў 2 асісты ў 38 матчах. Нідэрланды ў групе згуляюць супраць Польшчы, Францыі і Аўстрыі.

Сасновіч і Герасімаў прайгралі на тэнісных турнірах у Нідэрландах і Італіі

Беларускія тэнісісты няўдала згулялі на турнірах у Нідэрландах і Італіі.

На жаночым турніры катэгорыі WTA-250 у нідэрландскім Хертагенбосе з прызавым фондам 197 500 еўра 98-ы нумар сусветнага рэйтынгу беларуска Аляксандра Сасновіч прайграла пятай ракетцы планеты амерыканскай тэнісістцы Джэсіцы Пегуле – 2:6, 2:6. У першым раўндзе мужчынскага турніру ў італьянскай Перуджы з прызавым фондам 145 600 еўра беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў сустракаўся з італьянцам Алесандра Джанэсі і саступіў у дзвюх партыях – 4:6, 2:6.

“Мінск” і “Вікторыя” выйгралі па матчы на старце фіналу жаночага ЧБ па хакеі на траве

У сталіцы адбыліся два стартавыя матчы фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі па хакеі на траве сярод жаночых каманд.

Залатыя медалі нацыянальнага першынства аспрэчваюць хакейны клуб “Мінск” і смалявіцкая “Вікторыя”. На паўфінальнай стадыі менчанкі абыгралі баранавіцкі “Тэкстыльшчык” 2:0 у серыі, а дзяўчаты са Смалявічаў былі мацней за гарадзенскі “Рытм” 2:1. Дзякуючы перамозе ў рэгулярным чэмпіянаце перавагу хатняй пляцоўкі маюць прадстаўніцы сталіцы, фінальнае супрацьстаянне доўжыцца да трох перамог адной з каманд. Першы матч вырашальнай серыі прайшоў у Менску і скончыўся мінімальнай перамогай гаспадынь пляцоўкі 1:0, аўтарам адзінага гола стала Вольга Маскалевіч. У другой гульні фіналісткам асноўнага часу не хапіла: 60 хвілін скончыліся ўнічыю 1:1, а ў серыі булітаў дакладней былі госці 6:5. Такім чынам, лік у серыі зраўняўся, дзве наступныя гульні фіналу пройдуць 15 і 16 чэрвеня ў Смалявічах.

Паралельна за бронзавыя медалі жаночай лігі змагаюцца “Рытм” і “Тэкстыльшчык”, у двух стартавых паядынках у Гародні суперніцы абмяняліся перамогамі.

Беларускае Радыё Рацыя