Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі святкавалі першую перамогу ў новым сезоне Лігі нацый. У матчы другога тура беларусы абыгралі на выездзе каманду Люксембурга з лікам 1:0. У першым тайме невялікая перавага была ў гаспадароў поля, але абаронцы гасцей і галкіпер Фёдар Лапавухаў адбілі ўсе пагрозы. Пасля перапынку гульня выраўнялася, і на 76-й хвіліне сустрэчы Валерый Грамыка забіў брамніку Энтані Морысу. У стартавым матчы групы С3 беларускія футбалісты ў намінальна хатнім матчы ў венгерскім горадзе Залаэгерсег разышліся мірам з камандай Балгарыі 0:0, а футбалісты Люксембурга саступілі ў Белфасце Паўночнай Ірландыі 0:2. Свой наступны паядынак беларусы правядуць 12 кастрычніка ў Венгрыі супраць паўночнаірландцаў.

ВРЗ разграміў спартоўцаў “Сталіцы” ў паядынку чэмпіянату Беларусі па міні-футболе
Гомельскі ВРЗ разграміў спартоўцаў “Сталіцы” на старце 36-га чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. Гамяльчане на сваёй пляцоўцы нечакана буйна абыгралі дзейных чэмпіёнаў – 5:0. Для “Сталіцы” гэта другая параза ў новым сезоне: на мінулым тыдні менчане прайгралі аршанскаму “Вітэну” ў паядынку за Суперкубак краіны 4:7. Аршанцы ў першым туры нацыянальнага першынства перамаглі на хатняй арэне гарадзенскі клуб “УУС-Дынама” – 4:1. Гомельскі БЧ саступіў на сваёй арэне “Мінску” 2:4, “Барысаў-900” прайграў сталічнаму клубу “Ахова-Дынама” – 4:6, у першым менскім дэрбі новага сезона “Дарожнік” і “Дынама-БНТУ не выявілі пераможцу – 4:4, а берасцейскі “Меркурый-ДМК” на сваёй арэне адолеў светлагорскі ЦКК з лікам 4:2.
Смаленскі “Славуціч” здабыў першую ў гісторыі перамогу ў беларускай экстралізе
У нядзелю завяршыўся першы тур чэмпіянату краіны па хакеі, стартавыя матчы сезона правялі шэсць каманд экстралігі. У Смаленску дэбютант чэмпіянату Беларусі “Славуціч” прымаў яшчэ аднаго навічка галоўнай лігі айчыннага хакея – “Авіятар” з Баранавіч. Пасля 40 хвілін гульні на табло ўсталявалася роўнасць: першы перыяд з мінімальнай перавагай выйгралі госці, у другой трэці адзіную выніковую атаку правялі гаспадары. Аднак у заключным адрэзку інтрыгі не здарылася: смаляне адправілі ў чужую браму чатыры шайбы. У выніку 5:1, “Славуціч” здабывае два балы ў першым жа матчы ў новым турніры. Раней хакеісты “Дынама-Маладзечна” ў гасцях упэўнена разабраліся з “Магілёвам” – 5:2, тры ачкі (1+2) за “бела-блакітных” набраў расійскі форвард Данііл Мельнікаў. Паралельна ў Оршы сустрэліся “Лакаматыў” і “Ліда”. Асноўны час скончыўся ўнічыю 0:0, у выніку каманды дагуляліся да серыі булітаў, у якой для выяўлення пераможцы спатрэбіліся 24 кідкі. Вырашальнай стала спроба аршанца Яўгена Кунцэвіча – 1:0.
Кітай шосты раз запар выйграў Паралімпійскія гульні
У Парыжы завяршыліся спаборніцтвы Паралімпійскіх гульняў 2024. Перамагла зборная Кітая, якая стала лідарам па колькасці ўзнагарод. У цэлым кітайскія спартоўцы заваявалі 220 медалёў, сярод якіх 94 залатыя. Другое месца заваявала Вялікабрытанія, якая выйграла 49 залатых медалёў, 44 срэбраныя і 31 бронзавую. Трэцяй стала зборная ЗША, якая адстала ад лідара на 58 залатых медалёў. Беларусь заняла 25-е месца – 6 залатых і адзін бронзавы медаль. Украіне ўдалося заняць 7 месца ў выніковым медальным заліку, заваяваўшы 82 медалі: 22 залатыя, 28 срэбраных і 32 бронзавыя. У спаборніцтвах прынялі удзел каля 4 400 спартоўцаў са 182 краін свету.
Беларускае Радыё Рацыя






