
Беларускія футбалісты згуляюць у групавым этапе галоўнага турніра Еўропы – Лізе чэмпіёнаў!
Учора былі згуляныя тры матчы ў адказ стадыі плэй-оф гэтага турніра.
Казахскі «Кайрат» з Алматы беларусаў Аляксандра Мартыновіча і Валерыя Грамыкі выйшаў у агульны этап Лігі чэмпіёнаў, абыграўшы шатландскі «Селтык» у серыі пасляматчавых пенальці.
Асноўны час матчу ў адказ завяршыўся ўнічыю – 0:0. Першая сустрэча ў Глазга тыдзень таму таксама скончылася без галоў. У серыі 11-метровых казахстанскі клуб аказаўся мацнейшым – 3:2.
Ключавым героем матча стаў 21-гадовы брамнік Тэмірлан Амарбекаў, які выйшаў на поле як запасны галкіпер і адбіў тры ўдары ў серыі пенальці. Усе ў правы ад сябе кут брамы.
Капітан каманды абаронца Аляксандр Мартыновіч выйшаў у стартавым складзе і рэалізаваў свой удар у пасляматчавай серыі. Форвард Валер Грамыка таксама пачаў матч з першых хвілінаў гульні, аднак не здолеў забіць у серыі пенальці. Прабіўшы «паненкай» у папярочку.
Але, як у пасляматчавай прэс-канферэнцыі ў жартаўлівай форме падтрымаў яго суайчыннік Аляксандр Мартыновіч, які да ўсяго іншага яшчэ ўчора святкаваў і свой 38 дзень народзінаў:
– Так, мабыць, гэта найлепшы падарунак на дзень нараджэння! Уся каманда – малайцы. Змагаліся на працягу абодвух паядынкаў і заслужылі выхад у наступны раўнд. У серыі пенальці таксама атрымалася, як і задумалі. Хай Валера Грамыка і ўдарыў у папярэчыну, але трапіў у яе ўпэўнена! – сказаў Мартыновіч.
Для «Кайрата» гэта гістарычны поспех – клуб з Алматы ўпершыню ў сваёй гісторыі прабіўся ў групавы этап Лігі чэмпіёнаў. «Кайрат» стаў толькі другім казахстанскім клубам, якому ўдалося выйсці ў асноўную стадыю турніру. Раней гэта ўдалося толькі «Астане».
Што ж тычыцца двух іншых паядынкаў, то там каманды таксама ўпершыню ў сваёй гісторыі выйшлі ў асноўны раўнд Лігі чэмпіёнаў – нарвежскі «Будзё-Глімт» і кіпрыёцкі «Пафас».
У другім матчы раунда плей-оф нарвежская каманда саступіла ў Вене аўстрыйскаму «Штурму» (1:2), але здабыла агульную перамогу 6:2, дзякуючы выйгрышу 5:0 у першым матчы.
Нарвежскі клуб упершыню ў сваёй гісторыі згуляе ў асноўнай стадыі Лігі чэмпіёнаў. Да гэтага каманда таксама гуляла ў Лізе Еўропы і Лізе канферэнцыяў.
Таксама дэбютуе ў асноўным турніры Лігі чэмпіёнаў кіпрыёцкі «Пафас», які прайшоў сербскую «Црвену Звезду» ў раўндзе плэй-оф, дзякуючы нічыёй 1:1 на сваім стадыёне і ранейшай выяздной перамозе ў Белградзе. Прычым ключавы для сябе гол кіпрыёты забілі на 89 хвіліне гульні.
У мінулым сезоне «Пафас» упершыню ў сваёй гісторыі стаў чэмпіёнам Кіпра, так што ў кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў каманда таксама дэбютавала.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






