BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларускія футбалісты-юніёры згулялі ўнічыю з сербамі

Футбалісты юніёрскай зборнай Беларусі (U-19) згулялі ўнічыю на старце адборачнага турніру першынства Еўропы 2025 года. У першым паядынку кваліфікацыйнай групы 13 у сербскім Сісаку беларусы сустракаліся з сербамі, і ўжо на 4-й хвіліне форвард гаспадароў турніру Міхайла Цветкавіч адкрыў лік. Аднак беларускія футбалісты не збіраліся здавацца і пасля перапынку здолелі двойчы адказаць. На 52-й хвіліне сустрэчы Цімафей Сіманенка зраўняў лік, а яшчэ праз 20 хвілін Эрых Мікановіч вывеў беларусаў наперад. Аднак утрымаць перамогу не ўдалося: за 5 хвілін да заканчэння гульні Лука Джорджавіч усталяваў канчатковы лік – 2:2. Наступным супернікам каманды Віталя Паўлава 16 лістапада будуць харвацкія футбалісты, а 19 лістапада ў заключным матчы беларуская дружына згуляе з аднагодкамі з Арменіі. У элітны раунд еўракваліфікацыі выходзяць па дзве лепшыя каманды з 13 груп, а таксама лепшая са зборных, якія занялі трэція месцы.

Антылеўскі прызнаны найлепшым гульцом 28-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі

Асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футбола” падвяла вынікі 28-га тура чэмпіянату краіны сярод каманд вышэйшай лігі. Найлепшым гульцом мінулага ўік-энду прызнаны Аляксей Анцілеўскі. У выязным пераможным паядынку з салігорскім “Шахцёрам” 22-гадовы паўабаронца “Гомеля” ў пачатку другога тайма адкрыў лік, а потым аддаў галявую перадачу, пасля якой найлепшы бамбардзір першынства Родзі Джуніёр Эфаге забіў свой 17-ы гол. Гамяльчане выйгралі 2:1 і, набраўшы 43 ачкі, займаюць 7-е месца ў турнірнай табліцы.
Аўтарам самага эфектнага гола мінулага тура названы жодзінскі тарпедавец Алімардон Шукураў, які ў гасцявой сустрэчы з “Іслаччу” забіў супернікаў прамым ударам са штрафнога. Жодзінская каманда перамагла з лікам 1:0, і забяспечыла сабе бронзавыя медалі сёлетняга чэмпіянату краіны.

Сяргей Кавальчук не зможа кіраваць берасцейскім “Дынама” ў астатніх матчах чэмпіянату

Выканаўца абавязкаў галоўнага трэнера “Дынама-Брэст” Сяргей Кавальчук па медыцынскіх прычынах не зможа дапамагчы камандзе ў канцоўцы бягучага сезона вышэйшай лігі. Працаваць са складам у трэніровачным працэсе і астатніх матчах чэмпіянату супраць “Віцебску” і менскага “Дынама” будзе Аляксандр Дзямешка, паведамляе прэс-служба берасцейскага клуба.

Яўген Арцюхін назваў самых прагрэсіруючых беларускіх хакеістаў КХЛ

Былы нападнік клубаў НХЛ (204 матчы) і КХЛ (487) Яўген Арцюхін назваў двух самых прагрэсіруючых беларускіх хакеістаў.
«Можна адзначыць Вадзіма Мароза і Данііла Сацішвілі. Відаць, як хакеісты прагрэсуюць. Не будзем далёка забягаць, што гэта будучыня беларускага хакея, але на дадзены момант яны выраслі, калі параўноўваць мінулы сезон.
Вадзім Мароз – ужо іншы гулец. Ён сталее, набіраецца вопыту, і яго гульня мяняецца. Ён у многіх аспектах дадаў. Ён стаў правільныя рашэнні прымаць. І прымае іх нашмат хутчэй. З гэтым звязана яго выніковая гульня», – сказаў Арцюхін Legalbet.by
21-гадовы Сацішвілі ў 21 сустрэчы закінуў чатыры шайбы і зрабіў два асісты. Мароз, якому 20 лістапада споўніцца 21 год, набраў 12 (5+7) ачкоў у 23 матчах за “зуброў”.

Беларускае Радыё Рацыя