BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларускія футбольныя клубы правядуць хатнія матчы ў Венгрыі

Беларускія футбольныя клубы хатнія матчы ў еўракубках плануюць праводзіць у Венгрыі, паведамляе рэсурс Тribuna.com. 

Менскае «Дынама» пачне свой шлях з першага раўнда кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. гарадзенскі «Нёман», жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» і берасцейскае «Дынама» – з першага раўнда кваліфікацыі Лігі канферэнцый. Нагадаем, што з сакавіка 2022-га ўсе клубы і зборныя Беларусі могуць праводзіць хатнія матчы выключна на нейтральнай тэрыторыі і без гледачоў на трыбунах. Такое рашэнне прынятае з-за вайны ва Украіне, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расея з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

Кіраўнік Асацыяцыі Беларуская федэрацыя футбола Мікалай Шарснёў напісаў заяву аб сыходзе са сваёй пасады. У бліжэйшыя дні выканаўчым камітэтам Федэрацыі будзе разгледжана заява і прынята адпаведнае рашэнне. Нагадаем, што Шарснёў быў прызначаны старшынём АБФФ у сакавіку 2023 года і змяніў на гэтай пасадзе Уладзіміра Базанава.
Раней паведамлялася, што АБФФ узначаліць кіраўнік упраўлення спорту і турызму Менаблвыканкама Яўген Булойчык.

Варшаўская «Легія», у якой гуляе беларускі форвард Ілля Шкурын, на гэтым тыдні збіраецца абвясціць аб прызначэнні беларускага спецыяліста Аляксея Шпілеўскага на пасаду галоўнага трэнера. Таксама бакі абмяркоўваюць членаў трэнерскага штаба каманды. Шпілеўскі хацеў бы, каб пасаду трэнера брамнікаў заняў Крысціян Каліноўскі. Адзначым, што ў траўні клуб з Варшавы не змог дамовіцца па ўмовах новага кантракту з партугальцам Гансалу Фейю, пасля чаго той пакінуў каманду. «Легія» завяршыла сезон на 5-м месцы ў польскай Экстракласе і заваявала пуцёўку ў кваліфікацыю Лігі Еўропы дзякуючы перамозе ў Кубку Польшчы.

УЕФА апублікавала абноўлены рэйтынг лепшых футбольных клубаў Старога свету.
«Рэал» працягвае ўзначальваць табліцу, а пераможца Лігі чэмпіёнаў «ПСЖ» ідзе пятым.
1. «Рэал» (Іспанія) – 143,500 ачкоў;
2. «Манчэстэр Сіці» (Англія) – 137,750;
3. «Баварыя» (Германія) – 135,250;
4. «Ліверпуль» (Англія) – 125,500;
5. «ПСЖ» (Францыя) – 118,500;
6. «Інтэр» (Італія) – 116,250;
7. «Чэлсі» (Англія) – 109,000;
8. «Барусія» Дортмунд (Германія) – 106,750;
9. «Рома» (Італія) – 104,500;
10. «Барселона» (Іспанія) – 103,250.

Зборная Беларусі па пляжным футболе пасля чэмпіянату света, які завяршыўся нядаўна на Сэйшэльскіх выспах, паднялася на дзве пазіцыі ў рэйтынгу зборных і займае зараз чацвёртае месца. Узначальвае рэйтынг каманда Бразіліі, якая стала чэмпіёнам свету – 2025 года, абыграўшы ў фінале зборную Беларусі з лікам 4:3. У тройку лідараў таксама ўвайшлі каманды Партугаліі і Італіі, заняўшы другое і трэцяе месца, адпаведна.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя