
Учора на футбольных палях розных куткоў Еўропы стартавалі кваліфікацыйныя раўнды ў Лізе Еўропы і Лізе канферэнцый.
Асабліва ўдала, як ніколі, і нечакана вынікова склаўся дзень для ўсіх трох беларускіх камандаў, якія стартавалі ў першым раўндзе Лігі канферэнцый.
Спачатку парадаваў гарадзенскі «Нёман», які граў на выездзе з армянскім «Урарту». На пачатку другога тайма штатны пенальціст гарадзенцаў Павел Савіцкі вырашыў выканаць «паненку» пры 11-метровым. Але брамнік армян прачытаў гэтую яго задумку. Праз хвіліну выправіў сітуацыю Антон Сучкоў, які расчахліў сваю «гармату» і забіў першы мяч.
Праз 5 хвілінаў рэабілітаваўся і сам Павел Савіцкі, які выйшаў сам на сам з брамнікам і падвоіў лік. На 68 хвіліне «Урарту» адзін мяч адыграў. У самым канцы гульні той самы брамнік армян быў выдалены з поля за неспартовыя паводзіны і так як каманда гаспадароў на той момант скарыстала ліміт заменаў, яго месца ў браме заняў палявы гулец. Што праўда ў гарадзенцаў ужо заставалася мала часу, каб скарыстацца магчымасцю павялічыць лік. Як вынік – перамога 2:1.
Жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» на намінальна «хатнім» стадыёне ў венгерскім Самбатхэі прымала паўночнамакедонскі клуб «Работнічкі». І прыём, хоць і не на сваім полі, атрымаўся даволі негасцінным. На тры галы – Паўла Сядзько, Вадзіма Пабудзея і Сцівена Альфрэда македонцы не напрацавалі аніводнага. Вынік 3:0. І «аўтазаводцы» зрабілі сабе добры запас на праход у наступны раўнд.
І завяршылі праграму «беларускага дня» ў Лізе канферэнцый футбалісты берасцейскага «Дынама». Яны гулялі на выездзе ў Чарнагорыі з «Суцьескай». На 25 хвіліне фантастычным па моцы і дакладнасці ударам здалёк адкрыў лік у матчы Арцём Быкаў. А пасля 90 хвіліны на полі разыгралася сапраўдная драма. Спачатку суддзя прызначыў берасцейцам вельмі спрэчны 11-метровы ўдар і лік стаў 1:1. А на апошняй дадазенай 94 хвіліне справядлівасць перамагла і гулец «Суцьескі» здзейсніў аўтагол. Такім чынам перамагло і «Дынама» з Берасця – з лікам 2:1. Як кажуць, не дарма знакаміты фанат «Дынама» «Вася-пешаход» пераадолеў шлях ад Варшавы да чарнагорскага Нікшыча пехатою.
Падсумоўваючы ўчорашні дзень: тры беларускія каманды набралі для краіны 0,75 бала ў табліцу каэфіцыентаў УЕФА – і гэта больш, чым за поўны ўдзел у еўракубкавых кампаніях у 2021-м і 2022-м гадах.
Нагадаем, што ў сезоне-2021/22 на рахунку Беларусі было усяго 0,25 бала, а ў сезоне-2022/23 – 0,625 бала.
Гульні ў адказ пройдуць праз тыдзень 17 ліпеня.
Што датычна іншых беларусаў ва ўчорашніх матчах, то ў Лізе Еўропы славенскі «Цэле», дзе другім трэнерам працуе беларускі спецыяліст Іван Маеўскі, перамог на выездзе з лікам 3:2 азербайджанскі «Сабах Баку».
А варшаўская «Легія» абыграла з мінімальным лікам 1:0 казахскі «Актобэ», які трэніруе беларускі спецыяліст Вячаслаў Ляўчук. У складзе «Легіі» Ілля Шкурын выйшаў на поле на 72 хвіліне. А ў складзе «Актобэ» Мікіта Корзун адгуляў увесь матч.
А тым часам ФІФА апублікавала абноўленую версію рэйтынгу.
Зборная Беларусі ўзнялася на адну пазіцыю і цяпер займае 97-е месца. У чэрвені каманда правяла два таварыскія матчы. У першым перайграла Казахстан – 4:1, а затым саступіла Расеі – 1:4. Беларусы ў рэйтынгу абышлі Мазамбік. Вышэй па-ранейшаму Бенін (96), Косава (95), Кітай (94), Люксембург (92), Сірыя (91) і Гаіці (90). Статус наймацнейшай зборнай свету па-ранейшаму ўтрымліваюць аргенцінцы. Тройку таксама складаюць чэмпіёны Еўропы гішпанцы і французы.
І закончым навінамі з тэніснага Уімблдона. Першая ракетка сусветнага рэйтынгу беларуска Арына Сабаленка завяршае барацьбу за галоўны трафей. У паўфінальным матчы яна саступіла 12-й ракетцы свету Амандзе Анісімавай з ЗША з лікам 1:2 (4:6, 6:4, 4:6). Анісімова зноў пацвердзіла, што з’яўляецца вельмі нязручнай суперніцай для Сабаленкі: цяпер у іх асабістым супрацьстаянні Аманда вядзе з лікам 6:3. Для яе гэта будзе першы фінал на Уімблдоне. Дзе яна сустрэнецца з 4-й ракеткай планеты – полькай Ігай Свёнтэк, якая без асаблівых праблем прайшла 35-ю ракетку Белінду Бэнчыч з лікам 2:0 (6:2, 6:0).
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






