BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларускія тэнісісткі даведаліся суперніц на старце Australian Open

У Мельбурне адбылося лёсаванне першага ў сезоне тэніснага турніру серыі «Вялікага шлема» – адкрытага чэмпіянату Аўстраліі. У жаночым адзіночным разрадзе выступяць тры прадстаўніцы Беларусі. Двухразовая пераможца Australian Open Вікторыя Азаранка (22-гі нумар сусветнага рэйтынгу) у першым раўндзе сустрэнецца з 55-й ракеткай планеты італьянкай Камілай Джорджы. Суперніцай 83-й ракеткі Аляксандры Сасновіч будзе прадстаўніца Іспаніі, 94-я у сусветным рэйтынгу Рэбека Машарава. Дзеючая чэмпіёнка аўстралійскага першынства Арына Сабаленка даведаецца свайго апанента пасля заканчэння кваліфікацыйнага этапа.

Уладзіслаў Лях стане гульцом берасцейскага «Дынама»

Абаронца Уладзіслаў Лях падпіша кантракт з футбольным клубам «Дынама-Брэст». Папярэднія два сезоны 24-гадовы футбаліст правёў у складзе дзяржынскага «Арсенала». Спачатку ў арэндзе, а затым у якасці паўнавартаснага гульца каманды. У мінулым чэмпіянаце ў першай лізе ён згуляў у 24 матчах і набраў 7 (1+6) ачкоў.

«Мілан» прайграў «Аталанце» у матчы 1/4 Фіналу Кубка Італіі

У чвэрцьфінальным матчы Кубка Італіі «Мілан» на сваім полі саступіў «Аталанце» – 1:2. У рымскім дэрбі «Лацыё» перамог «Рому» з лікам 1:0. Адзіны мяч забіў паўабаронца «Лацыё» Матыя Дзаканьі, які рэалізаваў на 51-й хвіліне пенальці. У паўфінале каманда Маўрыцыа Сары згуляе з пераможцам сустрэчы “Ювентус” – “Фразіноне”, а «Аталанта» сустрэнецца з “Фіярэнцінай”.

Шаранговіч можа стаць выгодным актывам для «Калгары»

Менавіта так лічыць журналіст thehockeynews Рэндзі Спартак. У сваім артыкуле аб абмене Шаранговіча на Тайлера Тафалі аўтар піша, што пасля завяршэння кантракта з «Калгары» ў 2025 годзе Ягор атрымае статус неабмежавана свабоднага агента і можа не затрымацца ў клубе. Калі бакі не дамовяцца аб суме новага кантракту, то беларус можа стаць вельмі каштоўным актывам у руках мэнэджэра Крэйга Канроя. Дзеючы 2-х гадовы кантракт у «Флэймз» складае 3 мільёны 100 тысяч даляраў. У бягучым сезоне ў Шаранговіча 14+13 ачкоў за 41 гульню.

Менскае «Дынама» прыме «Тарпеда»

Сёння менскае «Дынама» згуляе ў рамках рэгулярнага чэмпіянату КХЛ з ніжагародскім «Тарпеда». Сустрэча пройдзе на «Мінск-Арэне» і стартуе ў 19.10. Дынамаўцы, у 47 паядынках набраўшы 47 ачкоў, займаюць 8-е месца ў Заходняй канферэнцыі. У тарпедаўцаў 59 балаў у 48 баталіях і пяты радок на «Захадзе».

Баскетбалісты «Мінск» згуляюць з «Зенітам» у Адзінай лізе ВТБ

Баскетбалісты «МІНСКА» зноў зробяць спробу перапыніць серыю няўдач у матчах Адзінай лігі ВТБ. У сваім 21-м паядынку рэгулярнага чэмпіянату менчукі сустрэнуцца ў Санкт-Пецярбургу з адным з галоўных фаварытаў турніру мясцовым «Зенітам». У матчы першага круга ў Менску зенітаўцы перамаглі з лікам 84:62, а ўсяго ў іх актыве 14 вікторый у 20 праведзеных сустрэчах. БК «Мінск» застаецца адзінай камандай Лігі, якая не мае ніводнай перамогі.

На матчы зборных Германіі і Швейцарыі ўсталяваны рэкорд наведвальнасці

У Нямеччыне стартаваў чэмпіянат Еўропы. У першы гульнявы дзень сустракаліся прадстаўнікі квартэта «А». У матчы-адкрыцці Францыя перайграла Паўночную Македонія – 39:29, а ў другім паядынку Германія была мацней за Швейцарыю – 27:14. На матчы немцаў і швейцарцаў быў усталяваны рэкорд наведвальнасці гандбольных матчаў. На трыбуне футбольнай «Меркур Шпіль-Арэна» ў Дзюсельдорфе прысутнічалі 53 586 гледачоў.