BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусы на алімпіядах: Масква-1980

Пад знакам байкоту 1980, Масква, 36 медалёў

Аніводныя алімпійскія гульні нашага часу не былі так палітызаваныя. Трэба адзначыць, што вартасць маскоўскіх медалёў стала ў значнай ступені дэвальваванай. Байкатавалі форум ЗША і ФРГ, якія на папярэдняй алімпіядзе былі ў квартэце мацнейшых, не прыехалі моцныя атлеты з некаторых іншых краін. Па-сутнасці спаборніцтвы можна было назваць «Адкрытая спартакіяда сацыялістычнага лагеру”. У такой сітуацыі шанцы беларусаў на ўзнагароды значна падвысіліся. Калі б Беларусь у Маскве выступала незалежнай краінай, то мела б 11-е выніковае месца. Усяго нашы суайчыннікі здабылі 36 медалёў (яны на рахунку адразу 28 чалавек у 16 відах спорту). Пералічым усіх лаўрэатаў 1980-га алімпійскага года.

Найбольшы поспех выпаў на долю весляра Уладзіміра Парфяновіча — тры золаты (на байдарцы адзіночцы — дыстанцыя 500 м. і на байдарцы-двойцы — дыстанцыі 500 і 1 000 м. Па два першыя месцы занялі гімнастка Нэлі Кім (у камандным першынстве і вольных практыкаваннях) і плывец Сяргей Каплякоў (на дыстанцыі 200 м і ў эстафеце 4 па 200 м, ён заваяваў яшчэ срэбра ў эстафеце 4 па 400 м). Чэмпіёнамі гульняў таксама сталі: баскетбалістка Тацяна Івінская (у складзе дружыны СССР), веласіпедыст Алег Логвін (камандавая гонка на 100-кіламетравай шашы), вяслярка Алена Хлопцава, коннік Віктар Угрумаў (на яго балансе таксама бронза), скакун у ваду Аляксандр Партноў (на трохметровым трампліне), штангіст Леанід Тараненка (у найбольш прэстыжнай суперцяжкай вагавай катэгорыі), фехтавальнікі Мікалай Алёхін і Віктар Сідзяк. Срэбныя медалі здабылі барэц грэцка-рымскага стылю Ігар Каныгін (катэгорыя да 90 кг), гандбаліст Аляксандр Каршакевіч, хадок Пётр Пачанчук (дыстанцыя 20 км), плыўчыха Эльвіра Васількова (у яе яшчэ бронза), скакун у ваду Уладзімір Алейнік, стралок-лучнік Барыс Ісачанка, фехтавальнікі Алена Бялова, Аляксандр Раманькоў (плюс бронза), Уладзімір Лапіцкі і Ірына Ушакова. Бронзавымі медалямі былі ўганараваны футбаліст Аляксандр Пракапенка, весляры Ігар Майстрэнка, Андрэй Лугін, Антаніна Мельнікава, лёгкаатлеты Яўген Іўчанка і Мікалай Кіраў, стралок Аляксандр Газаў.

Нэлі Кім, якая нарадзілася ў Таджыкістане ў сям’і карэйца і татаркі, вучылася ў Казахстане, усё дарослае жыццё звязала з Беларуссю. У казахскім Шымкенце яна пачала займацца гімнастыкай, калі мела 10 гадоў (нават па тых часах гэта было пазнавата). У 1976 годзе ў Манрэалі яна ўзяла 3 медалі, у Маскве — 2. Усяго — 5 узнагарод. Пазней працавала дзяржтрэнерам, міжнароднай суддзёй, стала віцэ-прэзідэнтам Беларускай асацыяцыі гімнастыкі.

Нэлі Кім

Алена Бялова ўвайшла ў эліту чацвёртую запар алімпіяду. Яна адна з сама тытулаваных фехтавальніцаў у свеце. Шматразовая чэмпіёнка і прызёрка алімпіядаў, чэмпіянатаў свету і іншых буйных прадстаўнічых турніраў.

Алена Бялова

Аўтарытэт здабываецца ўсё жыццё, а траціцца за адну хвіліну. Так здарылася і са знакамітай фехтавальніцай. Пасля заняткаў спортам яна паспяхова ішла па прыступках чыноўніцкіх кабінетаў. Скандал здарыўся напярэдадні алімпіяды ў Атланце ў 1996 годзе. Бялова, як функцыянерка Нацыянальнага алімпійскага камітэта цягнула лёсы, каб вызначыць пераможцу сярод заўзятараў дзеля паездкі на алімпіяду ў ЗША. Яна выцягнула картку з прозвішчам Оля Іванова. Выявілася, што дзяўчына — дачка вядомага ў Беларусі кампазітара Валерыя Іванова і … Алены Бяловай. Махлярства знакамітай рапірысткі выкрылі адразу, тым больш, што ўся цырымонія здымалася на відэастужку. Пасля гэтай гісторыі Бялова надоўга знікла з тэлевізіі і старонак прэсы.

Кампазітар Валерый Іваноў – другі муж Алены, ён напісаў у яе гонар “Рамантычны вальс”. Бялова была прафесарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Ганаровая грамадзянка горада Менск.

Яшчэ ганебней вызначыўся майстар выездкі на кані Віктар Угрумаў. Сваю трэнерскую кар’еру гэты „выхавацель” завяршыў датэрмінова — за сексуальныя дамаганні да сваіх вучаніц была нават распачата крымінальная справа.

Уладзімір Парфяновіч быў шматразовым чэмпіёнам свету і Еўропы, 17-разовым пераможцам першынстваў Савецкага Саюза. Пасля сканчэння выступаў нейкі час трэніраваў, потым усё актыўней займаўся грамадска-палітычнай дзейнасцю, стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета Бела­русі. Адзін час быў актыўным беларускім палітыкам, уваходзіў у парламенцкую апазіцыйную групу „Рэспубліка”. Пасля рэпрэсій супраць паплечнікаў па гэтай групоўцы знік у цень. Потым стала вядома, што Парфяновіч перабраўся з сталіцы ў Масты, дзе стаў трэніраваць дзяцей.

Уладзімір Парфяновіч

Жыццё некаторых алімпійцаў склалася трагічна. На пачатку снежня 1991 гарадзенца па жыхарстве (нараджэнца вёскі Ляхаўцы на Берасцейшчыне) Пятра Пачынчука знайшлі мёртвым у сваім гаражы. Афіцыйная (і найбольш верагодная) версія — самагубства на глебе асабістых праблем з жонкай. У гісторыі засталіся яго дасягненні – ён быў рэкардсменам свету на дыстанцыі 10 км. 40.37,0 (1977) і Еўропы на дыстанцыі 30 км – 2:16.00,5 (1979).

Пётр Пачынчук на маскоўскай алімпіядзе

Аляксандр Пракапенка быў адным з сама таленавітых футбалістаў Беларусі і нават Еўропы. Сам факт — трапіць у зборную СССР, дзе прыярытэт заўсёды аддаваўся маскоўцам, сведчыць пра многае. Аляксандр Пракапенка быў сапраўдным народным кумірам сярод футбольных заўзятараў Беларусі, ніхто з слаўнай плеяды менскіх дынамаўцаў не карыстаўся такой папулярнасцю як ён.

Аляксандр Пракапенка скончыў сярэднюю школу № 5 (3 гімназія) горада Бабруйска. У пачатку 1960-х гадоў зборная па футболе гэтай школы пяць гадоў запар выйгравала Кубак сяброўства для зборных школ Беларусі і Балтыі. Выхаванец Бабруйскай ДЮСШ па футболе. Трэнер Уладзімір Сасункевіч. Пачаў гуляць у 1962 годзе ў Бабруйску ў дзіцячай камандзе, затым у клубнай камандзе «Будаўнік» (Бабруйск) – 1971-1972 (па чэрвень). У «Дынама» (Мінск) – з ліпеня 1972 года па 1983 год, стаўшы чэмпіёнам СССР у 1982 годзе. У 1983 годзе быў адлічаны з каманды за «сістэматычнае парушэнне рэжыму». З 1983 па 1984 год гуляў за «Тарпеда» (Менск). У канцы 1984 года быў змешчаны ў Мазырскі ЛПП, дзе правёў год. Пазней гуляў за «Дняпро» (Магілёў) – 1986 (па чэрвень), «Нафтчы» (Баку) – 1987 (па красавік). У вышэйшай лізе Пракапенка правёў 168 матчаў, на яго рахунку 52 галы («Дынама» – 163, 51).

Пік славы прыйшоўся на 1982 год, калі менскае „Дынама” стала чэмпіёнам СССР. Тэхнічны і сціплы хаўбек, заставаўся ў цяні сваіх партнёраў на афіцыёзных прыёмах, але любіў выпіць у простай сяброўскай кампаніі. З гадамі звычка перайшла ў зацяжную хваробу. Недарэчная смерць напаткала Аляксандра Пракапенку ў адным з сталічных рэстаранаў. Паводле асноўнай версіі ён падавіўся кавалкам мяса, а навакольныя меркавалі, што «прыхапіла» сэрца і няправільна ратавалі яго. Пахаваны геніяльны футбаліст на могілках вёскі Такары, што ў родным яму Бабруйскім раёне.

На алімпіядзе ў Маскве ледзь не забілі гарадзенца Уладзіміра Лапіцкага. У час паўфінальнага паядынку польскі спартовец Багуслаў Зых здзейсніў фехтавальны прыём пад назвай «гарбушка» (укол робіцца як бы зверху). Рапіра зламалася, клінок трапіў у цела і выйшаў каля сэрца ў некалькіх міліметрах ад яго, металёвае вастрыё толькі слізганула па рабрыне. Пасля завяршэння кар’еры пра Лапіцкага нічога не было вядома. А ў 2017 годзе яго калега Аляксандр Раманькоў расказваў, што Лапіцкага нібыта забілі ў расейскім Растове, скінуўшы з высокага дома. Смерць гэтая не пацверджана дагэтуль.

Уладзімір Лапіцкі

У час амаль трагічнага здарэння

Алег Логвін – нараджэнец горада Барысаў. Акрамя маскоўскага алімпійскага поспеху ён станавіўся сярэбраным прызёрам чэмпіянату свету 1982 года, двухразовым пераможцам Велагонкі міру (1981, 1984 гг.), двухразовым чэмпіёнам Еўропы (1979-80 гг.).

Алег Логвін

У 1986 годзе Логвін завяршыў кар’еру, паступіў у вышэйшую школу МУС, атэставаўся. Ужо перад атрыманнем звання капітана стаў перад выбарам: расці ў званні або кінуць усё і вярнуцца ў спорт. Зразумеўшы, што не жадае быць юрыстам, у 1987 году аднавіў трэніроўкі, затым у 1988 году на чэмпіянаце СССР у Ерэване ў складзе «Працоўных рэзерваў» заваяваў «бронзу», чым здзівіў адмыслоўцаў. Вынікі давалі Алегу права на ўдзел у Гульнях-88. Аднак па рашэнні трэнера зборнай у алімпійскі склад каманды ён не ўвайшоў. Затое Логвін увайшоў у першую савецкую прафесійную каманду Альфалюм. Выступаў у Галяндыі, Бельгіі, Францыі, Партугаліі. Пасля завяршэння спартыўнай кар’еры пражывае ў Менску, зараз яму 65 гадоў.

Баскетбалістка Таццяна Івінская (пасля замужаства – Белашапка) нарадзілася ў Віцебску. Калі Таццяне было 5 месяцаў, ня стала яе бацькі, супрацоўніка Віцебскага абкама КПСС, які быў знойдзены павешаным у санаторыі. Займацца баскетболам пачала з 3-га класа па прыкладзе сваіх старэйшых брата і сястры. Першая трэнерка — Людміла Гусева. У зборную савецкага саюзу трапіла праз менскі «Гарызонт», які трэніраваў легендарны Сямён Халіпскі. На маскоўскай алімпіядзе гуляла ва ўсіх матчах. А праз тыдзень пасля тых гульняў выйшла замуж. Летам 1983 года разам з камандай Беларускай ССР стала бронзавым прызёрам Спартакіяды народаў СССР. У тым жа годзе стала чэмпіёнкай свету. У 1985 годзе стала чэмпіёнкай Еўропы і чэмпіёнкай сусветнай універсіяды.

Таццяна Івінская

У 1986 годзе групавы этап чэмпіянату свету павінен быў праходзіць у Менску і Белашапка разлічвала трапіць у зборную і выступіць перад роднай публікай. Аднак у зборнай змяніўся трэнер і ў склад каманды яе не ўзялі. Неўзабаве прыняла рашэнне завяршыць гульнёвую кар’еру з-за наступстваў траўм і стала працаваць супрацоўніцай спартовай кафедры Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. У пачатку 90-х правяла адзін сезон у Польшчы, але ў выніку вярнулася ў Менск, дзе 5 гадоў працавала ў адной з ДЮСШ. У 2000 годзе зноў пачала працаваць на спартовай кафедры БДЭУ.

Ігар Каныгін – таксама нараджэнец Віцебска. Доўгія гады быў капітанам зборнай СССР па грэка-рымскай барацьбе, двойчы станавіўся чэмпіёнам свету. Выступаў у катэгорыі да 90 кг. У вырашальным паядынку алімпіяды-80 ён саступіў венгру Норберту Нёвеньі толькі адзін бал – 6:7 і застаўся з сярэбраным медалём.

Быў змушаны прапусціць Алімпійскія гульні 1984 года з-за савецкага байкоту алімпіяды ў Лос-Анджэлесе. Але ў 1984 годзе выйграў золата на Гульнях Дружбы-84, узяўшы рэванш у Нёвеньі ў фінальным спаборы. У 1985 годзе выйграў турнір пад назвай “Абсалютны Чэмпіянат Свету” ў Японіі, перамогшы ў фінале алімпійскага чэмпіёна Лос-Анджэлеса Стыва Фрэйзера. У пасляспартовым жыцці Каныгін вядомы сваёй незалежнай грамадскай пазіцыяй і падтрымкай палітыка Аляксандра Мілінкевіча. Жыве ў Віцебску, яму зараз 67 гадоў.

Ігар Каныгін справа

Пра некаторых іншых прызёраў маскоўскай алімпіяды будзе яшчэ нагода расказаць у наступных выпусках.

працяг будзе

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя

Беларусы на летніх алімпіядах: ад Хельсінкі да Парыжа   

Беларусы на алімпіядах. Рым-1960

Беларусы на алімпіядах. Токіо-1964

Беларусы на алімпіядах. Мехіка-1968

Беларусы на алімпіядах. Мюнхен-1972

Беларусы на алімпіядах. Манрэаль-1976