BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусы на алімпіядах. Мехіка-1968

Высокія вынікі на высакагор’і 1968, Мехіка, 11 медалёў

Чарговая алімпіяда была незвычайнай. Многім спартоўцам у горадзе Мехіка было цяжка фізічна. Сталіца Мексікі геаграфічна знаходзіцца ў чашападобнай горнай даліне на вышыні 2250 метраў над роўнем мора. Атмасферны ціск там ніжэйшы, а паветра разрэжанае. Пры тым многія атлеты адчувалі кіслародны голад.

Найбольшы поспех у Мексіцы з беларускіх прадстаўнікоў выпаў на долю гімнасткі Ларысы Петрык, якая заваявала два залатыя медалі (у камандавым заліку і ў вольных практыкаваннях) і адзін бронзавы (за выступ на гімнастычным бервяне).

Камандава найлепей выступілі беларускія „мушкецёры”. Двойчы на верхнюю прыступку п’едэстала ўзыходзіла Алена Новікава (Бялова), перамогшая ў асабістым і камандавым заліку ў фехтаванні на рапірах. Зноў золата павезлі дахаты Тацяна Самусенка і Аляксандр Мядзведзь, а Юры Смалякоў і Аляксей Ніканчыкаў сталі срэбнымі прызёрамі. Другое месца ў кіданні молату заваяваў Рамуальд Клім. Бронзавы медаль залічыў на свой рахунак стралок Віталь Пархімовіч.

Ларыса Петрык

Ларыса Петрык нарадзілася на Сахаліне, а ў Беларусь трапіла пазней. Яе бацька быў вайскоўцам, сям’я часта пераязджала, пакуль не спынілася ў Віцебску. Петрык – выхаванка віцебскай гімнастычнай школы, а яе першым трэнерам быў Вікенці Дзмітрыеў. Ужо ў 1964 годзе на чэмпіянаце савецкага саюзу 15-гадовая прыгожая школьніца Ларыса стала абсалютнай чэмпіёнкай, перамогшы саму алімпійскую чэмпіёнку Ларысу Латыніну. Потым было 3-е месца на чэмпіянаце Еўропы ў Сафіі ў практыкаванні на бервяне.

Ну а 1968 год стаў пікам кар’еры. Пасля алімпіяды Петрык пераехала ў Маскву, выйшла замуж за вядомага гімнаста Віктара Кліменку (алімпійскі чэмпіён 1972 года на кані), працягвала скараць гледачоў сваімі вольнымі гімнастычнымі міні-спектаклямі.

Вялікі спорт Ларыса Петрык пакінула ў 1971 годзе. Амаль адразу была запрошана працаваць на эстрадзе. Ведамы рэжысёр Сяргей Кашталян стварыў для яе арыгінальны гімнастычны снарад. Гэта было падабенства гімнастычнага бервяна, узнятае на двухмятровую вышыню. Петрык падрыхтавала спартова-акрабатычны танец на музыку Бізэ «Кармэн» і мела з гэтым нумарам вялізны поспех. Выступала ў складзе Маскоўскага мюзік-холу ў Польшчы, Балгарыі, ГДР, тагачасных рэспубліках Балтыі. Пасля нараджэння дзіцяці пакінула гэтыя выступы і стала працаваць у спартовай рэдакцыі Дзяржтэлерадыёкампаніі, каментавала спаборы гімнастаў, паралельна вучылася.

У канцы 1992 года, калі па-сапраўднаму адкрыліся межы, разам з мужам і дзецьмі па запрашэнні знаёмых немцаў паехала працаваць у гімнастычным клубе Германіі. Адзін сын таксама стаў паспяховым гімнастам, іншы – балетным танцорам. Петрык разам з сям’ёй жыве ў нямецкім горадзе Ідар-Обэрштайн, зямля Райнлянд-Пфальц.

Віталь Пархімовіч меў беларускія карані, але нарадзіўся ў Разані ў сям’і вайскоўца. У 1948 годзе Пархімовічы пераехалі ў Менск. Спортам Віталь пачаў займацца ў менскім палацы піянераў і школьнікаў. У той час яшчэ не было вузкай спецыялізацыі стралкоў-спартоўцаў, Пархімовіч быў адным з лепшых у практыкаваннях з баявой буйнакалібернай, адвольнай дробнакалібернай і пнеўматычнай вінтовак. Страляў і стоячы і з калена.

Віталь Пархімовіч

Акрамя алімпійскага поспеху, ён ажно 9 разоў станавіўся чэмпіёнам свету, 13 разоў – чэмпіёнам Еўропы, 18 – лепшым у СССР, здабыў процьму іншых узнагародаў. У 1973 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут фізкультуры. Памёр Пархімовіч досыць рана, у студзені 1995 года, яму быў толькі 51 год.

Юрый Смалякоў таксама нарадзіўся ў Расеі, у горадзе Варонеж, і таксама ў сям’і вайскоўца – лётчыка. У дзяцінстве займаўся акрамя фехтавання лёгкай атлетыкай. Але пасля шпага ўсё ж пераважыла. У 1963 годзе ўпершыню стаў чэмпіёнам савецкага саюзу, пасля чаго трапіў у склад зборнай. Удзельнічаў першы раз на алімпіядзе ў 1964 годзе.

Алена Бялова, Юрый Смалякоў, Герман Бокун

Аляксей Ніканчыкаў і Юрый Смалякоў

У 1972 годзе быў шакаваны трагічнай смерцю сябра – Аляксея Ніканчыкава і завяршыў спартовую кар’еру. Далей займаўся выкладчыцкай і навуковай дзейнасцю, быў загадчыкам кафедры, абараніў дысертацыю і стаў кандыдатам педагагічных навук. У 1980-ых гадах працаваў кіраўніком кафедры баявой і спартовай падрыхтоўкі ў Менскай акадэміі міліцыі. У 2012-15 гадах быў дацэнтам кафедры фізічнай культуры ў БНТУ. Цяпер на пенсіі, яму 82 гады.

Аляксей Ніканчыкаў нарадзіўся ў 1940 годзе ў сяле Ягаднае Магаданскай вобласці. Яго бацька таксама быў вайскоўцам, займацца спортам Аляксей пачаў у Маскве. Але пасля пераехаў у Менск, дзе вучыўся ў інстытуце фізкультуры. Разам з Смаляковым трэніраваўся ў знакамітага Германа Бокуна.

Аляксей Ніканчыкаў

Ажаніўся таксама на шпажыстцы – Дзіяне Ясюкевіч. У студзені 1972 года быў знойдзены мёртвым у салоне свайго аўтамабіля (атруціўся выкідамі газаў). Яму быў толькі 31 год. Гэта быў трагічны выпадак. Ніканчыкаў з кампаніяй выпівалі ў машыне, было холадна. Два чалавекі пайшлі ў краму, Ніканчыкаў з сястрой аднаго з кампаньёнаў заставаліся ў машыне, ніякога сексуальнага падтэксту ў гісторыі не было, проста спартовец з той дзяўчынай задыхнуліся чадам. Пахаваны Ніканчыкаў у Менску на Чыжоўскіх могілках.

Пра Рамуальда Кліма мы пачалі аповяд у мінулым выпуску. Ён выступаў за армейскія клубы Менску і Віцебску. У склад зборнай СССР трапіў толькі ў 30 гадоў. Трэніравалі Кліма Барыс Левінсон, а пасля Яўген Шукевіч. У Мехіка прыехаў у статусе алімпійскага чэмпіёна і пацвердзіў свой высокі клас, стаўшы на гэты раз сярэбраным прызёрам. Быў таксама чэмпіёнам Еўропы 1966 года, двухразовым пераможцам Кубка Еўропы (1965, 1967 гг.). У 1969 годзе ўсталяваў сусветны рэкорд. Завяршыў спартовую кар’еру ў 1973 годзе, пасля чаго стаў трэнерам. З 1997 года працаваў прафесарам-кансультантам кафедры лёгкай атлетыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізкультуры. Аднак, у апошнія гады жыцця пра ветэрана амаль забыліся. Памёр ён у 2011-ым годзе, пахаваны на менскіх Усходніх могілках. Да слова, побач з яго магілай і месца апошняга спачыну нашага паэта Генадзя Бураўкіна.

Магіла Рамуальда Кліма

З 1976-га па 2009 год у Менску праводзіўся турнір кідальнікаў молата на прызы Рамуальда Кліма.

(працяг будзе)

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя

Беларусы на летніх алімпіядах: ад Хельсінкі да Парыжа   

Беларусы на алімпіядах. Рым-1960

Беларусы на алімпіядах. Токіо-1964