BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусы на алімпіядах. Мюнхен-1972

Узлёт у сталіцы піва. 1972, Мюнхен, 19 медалёў

Працягваем расказваць пра дасягненні беларускіх спартоўцаў на алімпіядах і іх лёсы. Мюнхен-1972 года стаў для беларусаў адным з самых паспяховых.

Ужо па традыцыі ільвіную долю медалёў беларусам прынеслі гімнасты і фехтавальнікі. Алімпіяда стала сапраўдным трыумфам гімнасткі з Гародні Вольгі Корбут. Свет адкрыў для сябе так званае „цуда з коскамі”. Акрамя камандавага золата, Корбут стала мацнейшай у асабістым заліку ў вольных практыкаваннях і на бервяне, а на брусах была другой — агулам ажно 4 медалі (!). Столькі ж заваявала і Тамара Лазаковіч, але меншай вартасці — адно золата, адно срэбра і дзве бронзы. Пераможцамі алімпіяды ў Нямеччыне сталі таксама барэц Аляксандр Мядзведзь, гімнастка Антаніна Кошаль, вясляр Мікалай Гарбачоў, фехтавальнікі Алена Бялова, Тацяна Самусенка, Віктар Сідзяк (ён прыплюсаваў да камандавага чэмпіёнства на шаблях яшчэ асабісты срэбны медаль), баскетбаліст Іван Ядэшка. Срэбра дахаты прывезлі гімнасты Аляксандр Малееў і Уладзімір Шчукін, а таксама лёгкаатлет Уладзімір Лавецкі.

Характэрна, што на цырымоніі адкрыцця мюнхенскай алімпіяды сцяг СССР нёс Аляксандр Мядзведзь.

Вольга Корбут

Вольга Корбут была ўганараваная лепшай спартоўкай свету 1972 года, на Захадзе яна была надзвычай папулярнай, а ў СССР быў створаны цэлы культ дзяўчынкі, якая акрамя фантастычных сальта, нічога ў жыцці яшчэ не ўмела. Пра яе невыносны характар хадзілі легенды, у якіх было багата праўды. Шмат у сваіх успамінах расказаў Рэнальд Кныш – «хросны бацька» гімнастычнага вундэркінда. Кныш таксама стаў знакамітым пасля 1972 года, быў у складзе савецкай спартовай дэлегацыі, якая сустракалася пасля алімпіяды з прэзідэнтам ЗША Рычардам Ніксанам.

Рэнальд Кныш

Пазней з боку Корбут і Кныша было шмат узаемных абвінавачанняў з абодвух бакоў. Сам Кныш, нараджэнец Капыля, аўтар многіх наватвораў (звыш трыццаці элементаў) у гімнастыцы, на некаторы час у выніку крымінальнай справы (так і невядома дагэтуль ці былі для яе падставы) быў адлучаны ад любімага занятку. Былі абвінавачанні і з боку іншых былых гімнастак у сексуальных дамаганнях. Кныш пасля 1980 года нават выязджаў з Беларусі і жыў пэўны час у Мінеральных Водах, Таліне, Калінінградзе. Потым славуты трэнер, які выхаваў акрамя Корбут яшчэ Валчэцкую і чэмпіёнку СССР Тамару Аляксееву, працягваў трэніраваць. Нават пасля 80 гадоў! Акрамя таго пісаў вершы і выдаваў аўтарскія кнігі. Памёр у Гародні ў 2019 годзе ў веку 87 гадоў.

Бацька Вольгі, Валянцін Корбут, жыў у Гародні па суседстве з беларускім настаўнікам і краязнаўцам Апанасам Цыхуном, яны сябравалі. Вольга Корбут у 1978 годзе выйшла замуж за саліста знакамітых «Песняроў» – Леаніда Барткевіча. У пары нарадзіўся сын Рычард. Калі ён вырас, здарылася крымінальная справа – за выраб 30 тысяч фальшывых даляраў сына засудзілі да трох з паловай гадоў і ўрэшце дэпартавалі з ЗША. У 2000 годзе шлюб Корбут з Барткевічам распаўся. Потым яна яшчэ двойчы выходзіла замуж, зараз па-ранейшаму жыве ў Амерыцы, зараз ёй 68 гадоў.

Іван Ядэшка ў фінале алімпіяды

Яшчэ адзін гарадзенец (нараджэнец вёскі Стэцкі, што пад Гародняй) Іван Ядэшка стаў першым беларускім алімпійскім чэмпіёнам у гульнёвым відзе спорту. Яго пас на апошніх секундах фінальнай сустрэчы ў Мюнхене, калі дружына СССР перамагла амерыканскіх студэнтаў, празмерна міфалагізаваны. Ядэшка паспяхова выступаў за маскоўскі ЦСКА, пазней зрабіў неблагую трэнерскую кар’еру, працаваў у Расеі, пэўны час трэніраваў афрыканскія дружыны. Доўга кіраваў баскетбольнай камандай Іркуцка.

Калі святкаваліся 80-я ўгодкі беларускага баскетболу, Ядэшка быў названы лепшым айчынным баскетбалістам за ўсю гісторыю. Перыядычна прыязджае ў Гародню, удзельнічае ў розных юбілейных і праўладных мерапрыемствах.

Антаніна Кошаль

Антаніна Кошаль, якая нарадзілася паблізу Менску ў Смалявічах, пазней была трэнеркай, а з 1997 г. працавала чыноўніцай у Нацыянальным алімпійскім камітэце. Яе выява ёсць на марцы Белпошты. Сёлета Кошаль рыхтуецца сустрэць свой 70-ы дзень нараджэння.

Тамара Лазаковіч родам з Калінінградскай вобласці, пераехала ў Беларусь яшчэ ў пачатку 1960-ых – у Віцебск. Яе першым трэнерам быў Вікенцій Дзмітрыеў. Трэніравалася да крывавых мазалёў на руках, была неверагодна працаздольнай. У Мюнхене яна стала чэмпіёнкай у камандавым заліку і заваявала сярэбраны медаль на бервяне і бронзавыя – у шматбор’і і вольных практыкаваннях.

Любоў Бурда, Эльвіра Саадзі, Людміла Турышчава, Вольга Корбут, Антаніна Кошаль, Тамара Лазаковіч

Лазаковіч была чэмпіёнкай савецкага саюзу 1970-1972 гадоў, чэмпіёнкай Еўропы 1971 года.

Тамара Лазаковіч

Пасля завяршэння кар’еры пачала трэніраваць, але не знайшла ў сабе педагагічнага дару. У Лазаковіч была магчымасць выехаць на Захад, асабліва пасля таго, як яна ў час выступаў у ЗША ў пачатку 1970-ых пазнаёмілася з маладым канадскім бізнесоўцам, але савецкае выхаванне дачкі франтавіка не дазволіла пакінуць радзіму. Тамары Лазаковіч не ўдалося знайсці сябе ні ў грамадскім, ні ў асабістым жыцці. У выніку яна трапіла ў палон алкаголю. Некалькі разоў спрабавала наладзіць сваё жыццё, але гэта не ўдавалася. Фінал стаўся трагічным. У 1992 годзе Лазаковіч памерла ў веку ўсяго 38 гадоў пры невысветленых абставінах. Яе цела было знойдзена на чыгуначных рэйках за станцыяй Віцебск. Пры ёй не было дакументаў і апазналі былую славутую гімнастку толькі дзякуючы знойдзенаму пры ёй медалю з гравіроўкай «Мюнхен 1972».

Тацяна Самусенка, нараджэнка Астрашыцкага Гарадка, што на Меншчыне, усталявала ўнікальны для беларусаў рэкорд — чатыры алімпіяды запар яна заваёўвала медалі, прычым тройчы была чэмпіёнкай. На яе рахунку мноства медалёў на іншых турнірах. У 1990-я тытулаваную спартоўку спасцігнуў жыццёвы крызіс. Спярша абрабавалі яе кватэру, пазней надышоў псіхалагічны фізічны злом. Пра гэта расказвалася ў папярэдніх выпусках.

Віктар Сідзяк

Віктар Сідзяк – адзін з сама тытулаваных беларускіх фехтавальнікаў. Гісторыя пра яго перамогу ў Мюнхене стала легендарнай. Ён цудоўна правёў усё папряэднія баі, але ў фінале справа не ішла. У перапынку шабліст панура падыйшоў да трэнера Германа Бокуна. А той здзейсніў рэзкі хук у сківіцу – так што Сідзяк нават упаў. Ускочыўшы фехтавальнік хацеў кінуцца на трэнера, але той у час адскочыў і толькі выкрыкнуў, што «Вось такі, Віця, ты мне патрэбен!». У выніку Сідзяк выйграў усе наступныя 4 баі і першым з савецкіх шаблістаў заваяваў алімпійскае золата ў асабістым заліку.

Пра іншыя дасягненні Сідзяка яшчэ будзе нагода расказаць у наступных выпусках.

(працяг будзе)

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя

Беларусы на летніх алімпіядах: ад Хельсінкі да Парыжа   

Беларусы на алімпіядах. Рым-1960

Беларусы на алімпіядах. Токіо-1964

Беларусы на алімпіядах. Мехіка-1968