BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусы на алімпіядах. Рым-1960

У вечным горадзе. 1960 год, Рым, 8 медалёў

Наведванне сталіцы Італіі стала шчаслівым для цэлага шэрагу беларускіх атлетаў. Золата алімпіяды заваявалі Алег Караваеў у грэцка-рымскай барацьбе (паўлёгкая вага да 57 кг.), Леанід Гейштар і Сяргей Макаранка ў парным веславанні на каноэ на дыстанцыі 1000 метраў, фехтавальніца Тацяна Пятрэнка (у замужастве Самусенка). Срэбраныя ўзнагароды атрымалі Мікалай Мілігула ў спартовай гімнастыцы (камандавы турнір), Уладзімір Гараеў у лёгкай атлетыцы, трайны скачок. Бронзавымі прызёрамі сталі шпажысты Аляксандр Паўлоўскі і Арнольд Чарнушэвіч (у складзе каманды).

Арнольд Чарнушэвіч браў удзел яшчэ ў папярэдняй мельбурнскай алімпіядзе. На чэмпіянаце свету 1958 года стаў бронзавым прызёрам, 1959-га – сярэбраным. Пасля рымскай алімпіяды стаў чэмпіёнам планеты ў камандавым турніры 1961 года, а ў 1962-ім зноў была бронза. Чарнушэвіч быў надзвычай цікавым і тэмпераментным чалавекам. У адрозненне ад многіх іншых адчуваў сябе сапраўдным беларусам, добра ведаў родную мову, яго ўлюбёным пісьменнікам быў Янка Купала. Астатнія пяць гадоў жыцця працаваў дзіцячым трэнерам у Маладэчне. На больш высокім трэнерскім роўні таленавіты настаўнік дзяржаве не стаўся патрэбным. Памёр Чарнушэвіч у верасні 1991 года, два апошнія гады быў прыкаваны паралюшам да каляскі.

Арнольд Чарнушэвіч

Калега Чарнышэвіча Аляксандр Паўлоўскі нарадзіўся ў беларускай сталіцы. Пасля рымскага поспеху шпажыст стаў яшчэ бронзавым прызёрам чэмпіянату свету 1962 года. Памёр надзвычай рана – у 1977 годзе ў веку 40 гадоў.

А найбольш трагічна з гэтай плеяды склаўся лёс Алега Караваева, які ад нараджэння жыў у Менску, меў габрэйскае паходжанне па маці. Ён не здолеў вытрымаць выпрабавання „меднымі трубамі”. У Рыме яго назвалі самым тэхнічным барцом алімпіяды. Ён заўсёды, па словах сучаснікаў, ствараў выдатны барцоўскі спектакль на дыване, у якім быў і аўтарам, і рэжысёрам, і акторам. Яго вылучная тэхнічная падрыхтоўка дазваляла імправізаваць.

Акрамя рымскага трыумфу, Караваеў быў двухразовым чэмпіёнам свету (у 1958-ым і 1961-ым гадах), сяміразовым чэмпіёнам Савецкага саюзу. Пасля сканчэння кар’еры Караваеў працаваў трэнерам у менскім спартовым таварыстве «Буравеснік», але так і не знайшоў сваё месца ў жыцці, хварэў на алкагалізм і памёр у адзіноце ўсяго ў 42-гадо­вым веку. З 1994 года ў Менску праводзіцца традыцыйны міжнародны турнір яго памяці, імя Караваева носіць спартовая школа грэцка-рымскай барацьбы ў сталіцы Беларусі.

Алег Караваеў

Фатальна склалася і жыццё Таццяны Самусенкі (Пятрэнкі). Яна нарадзілася ў мястэчку Астрашыцкі гаадок, што непадалёк Менску. Бацьку зусім не ведала, ён загінуў яшчэ ў савецка-фінскай вайне. Маці ж працавала ў менскім НКВД і была эвакуявана ў чэрвені 1941 года. Трохгадовую дзяўчынку Таню і яе старэйшую сястру выхоўвала бабуля. У юнацтве Пятрэнка займалася яшчэ канькабежным спортам, але фехтаванне на рапірах урэшце пераважыла. Першы значны поспех прыйшоў у 1959 годзе, калі яна выйграла асабістую бронзу спярша на чэмпіянаце саюзу, а потым і на першынстве свету ў Будапешце. Усяго выступала ажно на чатырох алімпіядах, але на ўсіх – толькі ў камандавым спаборы.

Таццяна Пятрэнка

Пасля завяршэння выступаў стала дзіцячым трэнерам, потым дырэктаркай спецыялізаванай школы. У 1994 годзе арганізавала і ўзначаліла фехтавальны клуб «Залаты клінок», а праз год стала ініцыятаркай правядзення ў Менску першага міжнароднага турніра памяці славутага беларускага трэнера Германа Бокуна. У сакавіку 1996 года на кватэру Самусенкі ў Менску быў здзейснены разбойны напад. Ратуючыся ад злачынцаў, яна скокнула з балкона другога паверху ўніз. Пры тым моцна траўмавала нагу і хрыбетнік, бо знізу на зямлі былі раскіданыя цэглы, і пазней была прыкутая да ложка. Злачынцаў урэшце затрымалі, ім прысудзілі на траіх 33 гады турмы. А траўмы ног Самусенкі справакавалі цяжкую хваробу касцей, лекары нічога не змаглі зрабіць і 21 студзеня 2000 года знакамітая фехтавальніца памерла.

Нараджэнец Гомеля Леанід Гейштар, якому зараз 87 гадоў, сабраў нямала тытулаў. Акрамя алімпійскага золата, стаў чэмпіёнам свету ў 1963 годзе, а таксама двухразовым кантынентальным пераможцам (у 1961-ым і 1963-ім), ажно 8 разоў перамагаў на першынствах СССР.

Леанід Гейштар

Яго напарнік Сяргей Макаранка родам з Украіны, з гораду Крывы Рог, на год малодшы за Гейштара, таксама жыве.

Сяргей Макаранка і Леанід Гейштар

Гімнаст Мікалай Мілігула нарадзіўся ў Менску. Кар’еру спартоўца завяршыў у 1972 годзе, стаў трэнерам, сярод яго выхаванцаў – знакамітая гімнастка Нэлі Кім. У 1991 годзе пераехаў у ЗША і пасяліўся з Міннеапалісе. Зараз яму 87 гадоў.

(працяг будзе)

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя