
Пасля доўгага перапынку 1988, Сеул, 27 медалёў
Паводле палітычных меркаванняў савецкія спартоўцы былі змушаны прапусціць гульні 1984 года ў амерыканскім Лос-Анжэлесе. Пасля такога перапынку старты ў Сеуле атрымаліся для беларусаў даволі ўдалымі.

Чэмпіёнамі ў Карэі сталі баксёр Вячаслаў Яноўскі (вагавая катэгорыя да 63,5 кг), гандбалісты Аляксандр Каршакевіч, Георгій Свірыдэнка, Аляксандр Тучкін, Канстанцін Шаравараў, Юрый Шаўцоў, гімнастка Святлана Баітава, Марына Лобач (мастацкая гімнастыка), Ірына Шылава (кулявая стральба), штангіст Аляксандр Курловіч (у катэгорыі суперцяжаў), фехтавальнік Аляксандр Раманькоў (плюс бронза), Таццяна Ледаўская (бег, плюс срэбра). Найбольшага поспеху дасягнулі гімнастка Святлана Багінская (два золаты, срэбра і бронза) і вясляр на байдарцы Віктар Ранейскі (два золаты). Срэбным прызёрам стаў Ігар Лапшын (скачкі трайным), бронзавымі — баскетбалісткі Галіна Савіцкая і Ірына Сумнікава, вясляр Васіль Якуша (акадэмічнае веславанне), лёгкаатлет Аляксандр Каваленка, стралок Ігар Басінскі.
Віцеблянін Вячаслаў Яноўскі стаў першым і пакуль апошнім беларускім баксёрам — чэмпіёнам алімпіядаў. Гэты майстар скураной рукавіцы спалучаў магутную сілу рук і моц інтэлекту. Нездарма адзін час Яноўскага, сапраўднага патрыёта, апазіцыя БНФ мела ў спісе ценявога кабінета міністраў.

Вячаслаў Яноўскі
Вячаслаў Яноўскі нарадзіўся ў Віцебску ў 1957 годзе. Боксам пачаў займацца ў 13 гадоў. У 1981 годзе прабіўся ў зборную Савецкага саюза. У 1985-ым прызнаны лепшым баксёрам турніру СССР-ЗША, у тым жа годзе стаў бронзавым прызёрам чэмпіянату Еўропы ў Будапешце. Двойчы станавіўся чэмпіёнам Савецкага саюзу. Пасля 1989 года завяршыў «аматарскую» кар’еру і перайшоў у прафесіяналы. Выступаў у Японіі, станавіўся шасціразовым чэмпіёнам гэтай краіны, перамагаў сярод профі і ў Германіі. Баланс баёў Яноўскага – 30 перамог, 1 нічыя і толькі 1 параза. У 1998-2000 гадах узначальваў федэрацыю бокса Беларусі. Уганараваны тытулам пачэснага жыхара Віцебска.
Пасля каре’ры займаўся бізнесам і пераважна трэніраваў, зараз Яноўскаму 66 гадоў.

Вячаслаў Яноўскі
Варта адзначыць Аляксандра Раманькова, які вызначыўся трэцюю алімпіяду запар (усяго ў яго калекцыі 5 медалёў рознай вартасці). Раманькоў нарадзіўся на далёкім ад Беларусі востраве Сахалін. Але як спартовец вырас менавіта ў Беларусі. 11-гадовым хлопчыкам ён прыйшоў у менскую секцыю фехтавання да трэнера Эрнеста Асіеўскага і цэлы час, амаль 30 гадоў, займаўся толькі ў гэтага настаўніка. Раманькова пэўны час лічылі бесперспектыўным, але ён усім даказаў сваю моц.

Аляксандр Раманькоў
Раманькоў – 10-разовы чэмпіён свету па фехтаванні на рапірах, у тым ліку 5 разоў – у асабістым першынстве. Алімпійскім чэмпіёнам стаў, калі меў 34 гады. На алімпіядзе 2008 года нёс сцяг РБ на адкрыцци. Працаваў трэнерам у зборных Паўднёвай Карэі, Беларусі, Аўстраліі. Узначальваў Федэрацыю фехтавання Беларусі, працаваў у НАКу. У 2008 годзе ўключаны ў Залю славы сусветнага фехтавання.
Асабліва можна было парадавацца за менчука Аляксандра Каршакевіча, мацнейшага крайняга гандбаліста свету 1980-ых, кар’ера якога падыходзіла якраз да завяршэння. Пазней слыннага майстра ручнога мяча напаткала цяжкая хвароба. Каршакевіч яе пераадолеў, пасля чаго стаў другім трэнерам нацыянальнай беларускай дружыны, дапамагаў славутаму мэтру Спартаку Мірановічу. Гандбалістам стаў і сын Каршакевіча Максім. На жаль, у 2020 годзе пасля жорсткага здушэння народных пратэстаў Аляксандр Каршакевіч падпісаў ліст у падтрымку ўлады.

Аляксандр Каршакевіч
Астатнія чатыры гандбалісты, якія выступалі ў Сеуле, паспелі пагуляць за мяжой, а таксама за суверэнную Беларусь. Аляксандр Тучкін (нараджэнец украінскага Львова), праўда, затым змяніў грамадзянства — і яшчэ доўга выступаў за Расею, пасля чаго стаў працаваць функцыянерам у Маскве. А Юрый Шаўцоў — нараджэнец Слуцка — адзін з сама ўдалых беларускіх трэнераў за мяжой. У нямецкай бундэслізе ён дасягнуў значных поспехаў, перамагаў у чэмпіянаце і Кубку Германіі. Пасля гэтага вярнуўся на радзіму і ў 2009 годзе ўзначаліў зборную Беларусі, якую выводзіў у фінальную частку чэмпіянату свету, кіруе нацыянальнай дружынай і надалей.

Юрый Шаўцоў
За мяжой — у Іспаніі ўжо даўно жыве Галіна Савіцкая, якая была ўганаравана неафіцыйным тытулам лепшай беларускай баскетбалісткі ўсіх часоў. Яе дзявочае прозвішча – Крысевіч, нарадзілася Галіна ў Менску, яе маці ведамая ў Беларусі мікрабіёлаг – Наталля Сакольская. У складзе менскага «Гарызонта» Савіцкая істотна дапамагла зборнай Беларусі ў 1983 годзе стаць бронзавым прызёрам Спартакіяды народаў СССР, потым стала сярэбраным прызёрам савецкага чэмпіянату 1988/89, пасля чаго паехала выступаць у Іспанію. У Беларусь на працу яе ніхто не запрашаў.

Галіна Савіцкая з мячом
На алімпіядзе ў Сеуле яшчэ адзін беларус стаў чэмпіёнам у складзе футбольнай дружыны, хоць на той момант ён не прадстаўляў айчыну. Гутарка пра Сяргея Гарлуковіча, нараджэнца мястэчка Баруны, што на Ашмяншчыне, абаронца зборнай СССР па мянушцы «дзед». Ён адзіны ў гісторыі беларус — чэмпіён алімпійскіх гульняў па футболе.

Сяргей Гарлуковіч
Марына Лобач нарадзілася ў Смалявічах. Займацца спортам пачала з 7 гадоў. Цікава, што першыя драўляныя булавы для яе зрабіў бацька-сталяр. Лобач – першая савецкая і адпаведна беларуская чэмпіёнка алімпіяды па мастацкай гімнастыцы. У Менску трэніравалася ў Галіны Крыленкі. Перад сеульскай алімпіядай усё было супраць Марыны. Яна пашкодзіла нагу і дактары доўна не маглі паставіць дыягназ. Узнікла і яшчэ адна нечаканая праблема – моцна забалеў зуб. Але лячыць яго было нельга – бо абязбольванне адпаведным прэпаратам магло стварыць праблемы на допінг-кантролі. Таму лекар проста рабіў знешнюю замарозку, а зуб Лобач лячылі ўжо пасля трыумфальнага выступу.
Пасля актыўнай кар’еры, а яна кароткая ў гімнастак, перайшла на трэнерскую працу. Працавала ў Паўднёвай Карэі (перамога ў Сеуле спрыяла!), але вельмі кароткі час, пасля ў Спорткамітэце Беларусі. У 1993-94 гадах шматразова выязджала ў Італію, дзе трэніравала вядомых беларускіх гімнастак – Ларысу Лук’яненку і Тацяну Агрызку, пазней працавала на Апенінах клубным трэнерам. Цяпер жыве з мужам і дзвюмя дочкамі ў Менску, працуе трэнерам і суддзёй у Федэрацыі гімнастыкі.


Святлана Баітава – нараджэнка Магілёва. Акрамя сеульскага камандавага поспеху на яе медальным рахунку чэмпіёнства свету 1989 года ў камандзе, срэбра 1987 года ў такой жа намінацыі, перамогі на першынстве саюза 1987 года ў апорным скачку і ў практыкаванні на бервяне, золата 1989 года на бервяне. З 1991 года Баітава на трэнерскай працы. Яна – выкладчыца па харэаграфіі спецыялізаванай школы ў Магілёве. У яе родным горадзе праходзяць міжнародныя спаборніцтвы на Кубак імя гімнасткі.

Святлана Баітава
Ірына Шылава (дзявочае прозвішча Шэшко) нарадзілася ў Гародні, спецыялізавалася на стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, спярша трэніравалася ў трэнера Барыса Грыня, потым Віктара Авілава, а пасля, калі досыць рана выйшла замуж, у мужа – Уладзіміра Шылава. У Сеуле дамаглася золата ў камандзе пры стральбе з адлегласці 10 метраў. У 1990 годзе стала двухразовай чэмпіёнкай свету – у індывідуальным і камандавым спаборы лежачы (дыстанцыя 50 метраў). Шылава – 10-разовая чэмпіёнка савецкага саюзу. Алімпійскі залаты медаль, які стаў дарэчы першым у Сеуле для каманды СССР, у Шылавай укралі на пачатку 1990-ых гадоў зладзеі, якія абрабавалі кватэру і вынеслі ўсе каштоўныя рэчы. Злачынцаў, якія былі з Расеі, з Ніжняга Ноўгарада (а «наводчык» быў мясцовы гарадзенскі), урэшце арыштавалі і пакаралі, але медаль так і не знайшлі.

Ірына Шылава
Шылава выступала і на наступных алімпіядах, паказвала годныя вынікі, але больш на п’едэстал трапіць не ўдалося. У Гародні сямейная пара Шылавых сталася па вялікм рахунку незапатрабаванай. Апошнія 11 гадоў Шылавы жывуць і працуюць як трэнеры у Беластоку.
Пра некаторых іншых лаўрэатаў карэйскай алімпіяды будзе яшчэ нагода расказаць у наступным выпуску.
(працяг будзе)
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя
Беларусы на летніх алімпіядах: ад Хельсінкі да Парыжа
Беларусы на алімпіядах. Рым-1960
Беларусы на алімпіядах. Токіо-1964
Беларусы на алімпіядах. Мехіка-1968
Беларусы на алімпіядах. Мюнхен-1972