Японскае сонца ў наша ваконца 1964 год, Токіо, 4 медалі
Свой высокі клас пацвердзіла Тацяна Самусенка, якая стала срэбнай прызёркай. Пра яе падрабязна расказвалася ў мінулым выпуску. А на верхнюю прыступку п’едэстала ўзышлі адразу трох беларусаў. Рамуальд Клім выйграў спабор кідальнікаў молата, Аляксандр Мядзведзь перамог у вольнай барацьбе, а Алена Валчэцкая выступіла ў залатым складзе гімнастак.
Алена Валчэцкая, нараджэнка Гародні, ужо ў 15 гадоў стала майстрам спорту, прабілася ў склад зборнай, куды трапіць было вельмі няпроста. На адным з чэмпіянатаў СССР Валчэцкая першай у свеце пры выкананні апорнага скачка зрабіла паварот на 360 градусаў, гэта была сапраўдная гімнастычная навінка, якую прыдумаў трэнер Рэнальд Кныш. Перад такійскімі гульнямі гімнастка набрала лішнюю вагу. Давялося ў алімпійскай вёсцы шмат ездзіць на веласіпедзе, што дапамагло дасягнуць аптымальнай формы.
Алена Валчэцкая
На алімпіядзе ў краіне ўзыходнага сонца міняцюрная гарадзенка ў стартавым практыкаванні на брусах выступала трэцяй па ліку. Першыя два выступы іншых дзяўчат сталіся няўдалымі. Валчэцкая здолела паправіць становішча. Агульнымі высілкамі было здабыта камандавае золата. Такім чынам Валчэцкая стала першай алімпійскай чэмпіёнкай з Гародні. Акрамя гэтага яна заняла ў Токіо 8-е месца ў асабістым шматбор’і 5-е месца ў апорным скачку. Гарадзенка станавілася чэмпіёнкай СССР у апорным скачку (1960-62, 1965 гады) і ў практыкаванні на бервяне (1963, 1964 гады).
Скончыць кар’еру Валчэцкай давялося заўчасна. Прычынай стаў пералом нагі. Пайшла на трэнерскую працу, была першай трэнеркай славутай Вольгі Корбут. Значны час Валчэцкая працавала ў родным горадзе, вучыла гімнастыцы – спярша ў тэхнікуме фізкультуры, пасля ў мясцовым універсітэце. Потым, у 2000-ым годзе пераехала на сталае жыхарства за акіян – у Мініяполіс яе запрасіў іншы беларускі трэнер Мікалай Мілігула. Свае 60-я ўгодкі сустрэла ў Амерыцы, пяць гадоў працавала ў прыватнай школе, затым вярнулася ў горад над Нёманам. У 2008 годзе ёй далі тытул пачэснай грамадзянкі Гародні (у гэтым спісе ўсяго 32 чалавекі). Цяперашнія ўлады запрашаюць Валчэцкую на розныя афіцыёзныя мерапрыемствы, летась яе віншавалі з 80-годдзем.
Пра тое, як склаўся лёс Таццяны Самусенкі, мы расказвалі ў мінулым выпуску.
Аляксандр Мядзведзь, які нарадзіўся ва Украіне ў Белай Царкве Кіеўскай вобласці, дасягнуў вялікіх вяршыняў у вольнай барацьбе. Ён ажно тры разы станавіўся алімпйскім чэмпіёнам (1964, 1968 і 1972 гады), прычым у трох розных (!) вагавых катэгорыях (паўцяжкай, цяжкай і абсалютнай). 7 разоў Мядзведзь перамагаў на чэмпіянатах свету (1962-1963, 1966-1967, 1969-1971 гады), тройчы (1966, 1968 і 1972) – на чэмпіянатах Еўропы. Бесперапынна з 1961-га па 1970 год 9 разоў браў золата на чэмпіянаце савецкага саюзу.
Аляксандр Мядзведзь
Каронным прыёмам дужбіта было звальванне суперніка захопам галавы зверху і правай лыткі. Пасля сканчэння выступаў на спартовых арэнах, зрабіў кар’еру ў наменклатурных калідорах. Быў адным з набліжаных да прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Мае зараз 86 гадоў.
Не згубіўся ў пасляспартовым жыцці і Рамуальд Клім, які паходзіў з вёскі Хвоева, што на Нясьвіжчыне. З дзяцінства ён быў дужым хлопчыкам. Бацькі вылучаліся моцным здароўем. Вядома, што Клім-старэйшы працаваў на млыне, мог на спрэчку ўхапіць два мяхі са збожжам вагой па 80 кіль і хутка ўзбегчы з імі на чацвёрты паверх будынку млына. Рамуальд памагаў бацькам па гаспадарцы, а потым заняўся спортам. Паспяхова выступаў на многіх стадыёнах свету, а пасля доўгія гады перадаваў свой досвед іншым. Пра яго больш падрабязна ў наступным выпуску.
Рамуальд Клім
Варта прыгадаць у звязку з гэтай алімпіядай яшчэ адну асобу – нараджэнка Зэльвы Ядвіга Марка-Ксёнжэк, валейбалістка зборнай Польшчы, стала ў складзе гэтай дружыны бронзавай прызёркай такійскіх гульняў.
(працяг будзе)
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя