BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусы на алімпіядах: Усе суверэнныя залатыя медалі

Сёння завяршаецца летняя алімпіяда ў Парыжы. Для беларусаў, зважаючы на малаколькасны ўдзел, яна стала досыць паспяховай. Пры ўсяго 17 удзельніках удалося здабыць чатыры ўзнагароды (адно чэмпіёнства, два срэбра і адна бронза). Свой другі залаты медаль на алімпіядах заваяваў батутыст Іван Літвіновіч. Раней у суверэннай гісторыі такое ўдавалася толькі знакамітай вяслярцы Кацярыне Хадатовіч (Карстан).

Прыпомнім тут усе залатыя ўзнагароды беларусаў на летніх алімпіядах за суверэнную гісторыю:

27 ліпеня 1996 года – На алімпіядзе ў Атланце Кацярына Хадатовіч стала чэмпіёнкай у акадэмічным веславанні ў лодцы-адзіночцы на дыстанцыі 2000 метраў. Першае алімпійскае золата ў суверэннай гісторыі.

23 верасня 2000 года – На алімпіядзе ў Сіднэі Кацярына Карстан (Хадатовіч) стала чэмпіёнкай па акадэмічным веславанні ў адзіночцы.

27 верасня 2000 года – На алімпіядзе ў Сіднэі Эліна Зверава стала чэмпіёнкай у кіданні дыску.

28 верасня2000 – На алімпіядзе ў Сіднэі Яніна Карольчык стала чэмпіёнкай у штурханні ядра.

19 жніўня 2004 года – На алімпіядзе ў Афінах Ігар Макараў (вага да 100 кг) стаў чэмпіёнам па дзюдо.

21 жніўня 2004 года – У Афінах берасьцейка Юлія Несцярэнка стала алімпійскай чэмпіёнкай па бегу на 100 метраў.

18 жніўня 2008 года – На алімпіядзе ў Пекіне штангіст Андрэй Арамнаў усталяваў тры сусветныя рэкорды і стаў абсалютным чэмпіёнам у катэгорыі да 105 кг.

22 жніўня 2008 года – На алімпіядзе ў Пекіне беларускія весляры заваявалі два залатыя медалі. Браты Андрэй і Аляксандар Багдановічы перамаглі на каноэ на дыстанцыі 1000 м., а экіпаж байдаркі-чацвёркі (Раман Петрушэнка, Вадзім Махнеў, Аляксей Абалмасаў, Артур Літвінчук) перамог таксама на дыстанцыі 1000 м.

браты Багдановічы

“залатая” чацвёрка

3 жніўня 2012 года – На алімпіядзе ў Лондане Сяргей Мартынаў стаў чэмпіёнам па кулявой стральбе ў практыкаванні лежачы (50 м) з малакалібернай вінтоўкі.

5 жніўня 2012 года – На алімпіядзе ў Лондане Вікторыя Азаранка і Максім Мірны сталі чэмпіёнамі ў тэнісным міксце.

13 жніўня 2016 года – На алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанэйра Уладзіслаў Ганчароў стаў чэмпіёнам па скачках на батуце.

31 ліпеня 2021 года – На алімпіядзе ў Токіа Іван Літвіновіч стаў чэмпіёнам па скачках на батуце.

2 жніўня 2024 года – На алімпіядзе ў Парыжы Іван Літвіновіч стаў чэмпіёнам па скачках на батуце.

Падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя