BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусы не выступяць на Паралімпіядзе-2026

Паралімпіяда-2026

Атлеты з Беларусі не выступяць на Паралімпійскіх гульнях – 2026, якія пройдуць у Мілане з 6 па 15 сакавіка.

На маючых адбыцца спаборніцтвах не будзе прадстаўнікоў Беларусі ні ў адным відзе спорту, таму што ў спартоўцаў няма магчымасці прайсці кваліфікацыю і адабрацца на Гульні па спартыўным прынцыпе. Прычына ў тым, што за кваліфікацыю ўдзельнікаў адказваюць міжнародныя федэрацыі, якія працягнулі адхіленне беларускіх атлетаў.

23 кастрычніка на кантыненце быў вялікі футбольны дзень. Прайшло ажно 18 матчаў Лігі Еўропы і столькі ж сустрэч Лігі Канферэнцый. Раскажам толькі пра найбольш цікавыя для нас. На пачатку пра менш прэстыжную Лігу канферэнцый, дзе выступаюць польскія і ўкраінскія клубы. Беластоцкая «Ягелонія» гасцявала ў Страсбургу і прывязе адтуль адно ачко. Беластачане адкрылі лік на 53-й хвіліне – вызначыўся іспанец Алехандра Поза, аднак утрымаць перавагу не змаглі – гаспадары адыграліся на 79-й – выніковыя 1:1.

Данецкі «Шахтар» у Кракаве прымаў варшаўскую «Легію» і саступіў у самай канцоўцы, прапусціўшы на 94-й хвіліне – 1:2. Кіеўскае «Дынама» на выездзе змагалася з турэцкім «Самсунспорам» і без варыянтаў прайграла 0:3. Чэшская «Сігма» у родным горадзе Аламоуц сустракалася з чэнстахоўскім «Ракувам» – каманды абмяняліся галамі ў канцоўцы – 1:1. Гібралтарскі клуб «Лінкальн рэд імпс» дыктаваў свае ўмовы познаньскаму «Леху» і сенсацыйна перамог чэмпіёна Польшчы – 2:1.

Яшчэ некалькі цікавых вынікаў Лігі канферэнцый. Грэцкі афінскі АЕК разграміў некалі грозны шатляндскі «Абердзін» – 6:0. Гётэборгскі «Хеккен» правёў годны паядынак з мадрыдскім «Раё Валекана» – 2:2.

Пасля двух тураў у гэтым турніры наперадзе 6 каманд, якія набралі максімальныя 6 ачкоў. Далей ідуць яшчэ 5 калектываў, якія набралі па 4, сярод іх і «Ягелонія».

У Лізе Еўропы сустрэліся тытулаваныя «Нотынгем форэст» і «Порту» – у выніку вікторыю святкавалі брытанцы – 2:0. Нарвежскі «Бран» пасароміў шатляндскі «Глазга» – 3:0. Баявой выдалася сустрэча ў Зальцбургу, дзе мясцовы аднайменны клуб саступіў будапешцкаму «Ферэнцварашу» – 2:3. Грозная «Рома» на сваім полі гарэла «сінім полымем» пасля першага тайму чэшскай «Вікторыі» з гораду Пльзень і ў выніку прайграла 1:2. Французскі «Ліён» адолеў швайцарскі «Базель» – 2:0. За гонар шатляндскага футболу пастаяў «Селтык», які ўзяў верх над аўстрыяцкім «Штурмам» з Грацу – 2:1.

У турніры пасля 3 тураў лідзіруе трыо: дацкі «Мідт’юлан», партугальская «Брага» і «Ліён», якія маюць па 9 ачкоў.

У мужчынскай гандбольнай Лізе чэмпіёнаў прайшлі 5 чарговых сустрэч. Венгерскі «Веспрэм» прыкра мінімальна саступіў берлінскаму клубу «Фюхзэ» – 31:32. Польская «Індустрыя» з Кельцэ на выездзе дамаглася вікторыі над бухарэсцкім «Дынамам» – 28:24. Бліскучы матч правёў беларус Арцём Каралёк, абсалютна лепшы ў гэты дзень – лінейны закінуў ажно 9 мячоў. Іншая польская каманда – плоцкая «Вісла» на сваёй пляцоўцы без надзеі прайграла каталонскай «Барселоне» – 24:34. Нямецкі «Магдэбург» упэўнена разабраўся з македонскім клубам «Еўрафарм-Пелістэр» – 36:26. Нарэшце французскі ПСЖ быў крыху слабейшым за дацкі клуб ГОГ з Свенбаргу – 34:36.

У абедзвюх групах наперадзе нямецкія каманды: «Фюхзэ» і «Магдэбург», якія набралі максімальныя 12 ачкоў.

Зборная Беларусі па міні-футболе трапіла ў трэці кошык жараб’ёўкі фінальнай стадыі 13-га чэмпіянату Еўропы. Разам з беларускай камандай у гэтай кампаніі дружыны Польшчы, Грузіі і Арменіі. Іншыя пулы выглядаюць так:

1-ы кошык: Украіна, Іспанія, Францыя, Партугалія;
2-і: Чэхія, Італія, Славенія, Харватыя;
4-ы: Літва, Латвія, Венгрыя, Бельгія.
Лёсаванне групавога раўнду пройдзе сёння, 24 кастрычніка, у Каўнасе. Фінальную частку турніру, якая будзе разыграна з 21 студзеня па 7 лютага будучага году, прымуць Літва, Латвія і Славенія.

Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя