BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусы не змаглі выйграць медалі чэмпіяната свету па пляжным футболе

Зборная Бразіліі 15-ы раз стала чэмпіёнам свету па пляжным футболе. У фінале ў Дубаі за золата 22-га планетарнага форуму бразільцы перайгралі каманду Італіі 6:4. Італьянцы трэці раз гулялі ў фінале і зноў саступілі золата. У паядынку за бронзавыя ўзнагароды зборная Беларусі прайграла камандзе Ірана з лікам 1:6. Іранцы другі раз заваявалі бронзу. Лідэр атак беларускай дружыны Ігар Брышцель стаў найлепшым бамбардзірам чэмпіяната свету, забіўшы 12 мячоў.

Гол Шыкаўкі дапамог “Кароне” згуляць унічыю з “Легіяй”

“Карона” на хатняй арэне разышлася мірам з “Легіяй” у матчы 22-га тура чэмпіянату Польшчы — 3:3. У гаспадароў, якія саступалі падчас сустрэчы з лікам 0:2 і 1:3, другі мяч забіў беларускі нападнік Яўген Шыкаўка, які адыграў без замены. Гэта чацвёрты гол Шыкаўкі ў 21 гульні чэмпіяната за польскі клуб. “Карона” з 22 ачкамі ідзе 15-й у табліцы, у “Легіі” 37 балаў і пятая пазіцыя.

“Арыс” Шпілеўскага cаступіў “Амоніі”

“Арыс”, які ўзначальвае беларускі спецыяліст Аляксей Шпілеўскі, на сваім полі прайграў “Амоніі” ў матчы 27-га тура чэмпіянату Кіпра — 1:2. У гаспадароў беларускі форвард Арцём Шуманскі не трапіў у заяўку на паядынак. “Арыс” з 56 ачкамі займае другое месца ў табліцы, адстаючы ад АПАЭЛа на чатыры балы.

“Ліверупуль” выйграў Кубак Ангельскай Лігі

“Ліверпуль” на “Уэмблі” узяў верх над “Чэлсі” ў фінале Кубка ангельскай лігі — 1:0. Адзіны мяч на 118-й хвіліне даданага часу забіў нідэрландскі абаронца Вірджыл ван Дэйк. “Ліверпуль” таксама працягвае барацьбу за Кубак Англіі: у 1/8 фіналу каманда сыдзецца з “Саўтгемптанам”. У АПЛ пасля 26 тураў мерсісайдцы лідыруюць у табліцы з 60 ачкамі, на адзін бал апярэджваючы “Манчэстэр Сіці” і на два – “Арсенал”.

Менскае і маскоўскае “Дынама” сустрэнуцца ў першым раундзе плэй-оф Кубка Гагарына

Вызначыўся супернік менскага “Дынама” па чвэрцьфінале Заходняй канферэнцыі ў плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі. Аспрэчваць пуцёўку ў наступны раунд плэй-оф падначаленыя Дзмітрыя Квартальнага будуць з маскоўскімі аднаклубнікамі. Гэта стала вядома пасля нядзельнай паразы СКА ад “Куньлуня” з лікам 2:3. Гэты матч быў для пецябруржцаў апошнім у рэгулярным чэмпіянаце, і “армейцы” засталіся на другім месцы ў канферэнцыі. Такім чынам, упершыню за 10 гадоў уладальнікам першага пасева на Захадзе стала “Дынама” з Масквы, якое набрала найбольшую колькасць ачкоў сярод усіх каманд лігі.

Літвіновіч заваяваў бронзу на этапе Кубка свету па скачках на батуце ў Баку

У сталіцы Азербайджана Баку завяршыўся чацвёрты этап розыгрышу Кубка свету па скачках на батуце. У нядзелю былі разыграны медалі ў індывідуальных скачках у мужчын, у фінале прынялі ўдзел двое беларусаў – алімпійскі чэмпіён Іван Літвіновіч і чэмпіён свету Андрэй Буйлоў. Літвіновіч атрымаў 60,440 бала: гэты вынік апынуўся трэцім сярод васьмі батуцістаў. Андрэй Буйлоў замкнуў спіс фіналістаў.

Беларускае Радыё Рацыя