BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусы перамаглі швейцарцаў на старце Суперфіналу Еўралігі па пляжным футболе

Зборная Беларусі па пляжным футболе пераможна пачала выступы ў Суперфінале Еўралігі ў італьянскім Альгера. Сёння, 10 верасня, у першым паядынку папярэдняй групы В беларусы сустракаліся з камандай Швейцарыі і святкавалі валявую вікторыю з вынікам 9:6. Пачатак сустрэчы лепш правялі швейцарцы, і спачатку лік адкрыў іх галкіпер Эліат Муну, а потым вызначыўся капітан каманды Ноэль От. Прапусціўшы два мячы, беларусы актывізаваліся, і Алег Гапон, Ягор Гардзецкі, Анатоль Рабко і Яўген Новікаў чатыры разы запар забілі супернікаў, на што Дзеян Станкавіч адказаў дакладным ударам за секунду да перапынку – 4:3 на карысць беларусаў. У самым пачатку другога перыяду Глен Хадэль зраўняў лік, але тут жа Юрый Пятроўскі забіў пяты гол. Незадоўга да другога перапынку Алег Гапон з пенальці аформіў галявы дубль – 6:4. У заключнай трэці матча па другім разе вызначыліся Юрый Пятроўскі і Анатоль Рабко, яшчэ адзін мяч забіў Арцемій Дрозд. Швейцарцы адказалі двума галамі. Заўтра беларускія падначаленыя іспанскага спецыяліста Нікаласа Альварада будуць супернічаць са зборнай Малдовы, а 12 верасня завершаць першы этап матчам з французамі.

Крывушэнка ўзначаліў «Нафтан»

60-гадовы беларускі спецыяліст Ігар Крывушэнка стаў галоўным трэнерам «Нафтана». Як паведамляе football.by, экс-трэнер БАТЭ пачаў трэніроўкі з камандай. Афіцыйна аб прызначэнні Крывушэнкі пакуль не абвешчана. Раней каманду ўзначальваў Альберт Рыбак. Крывушэнка пасля 19 тураў вышэйшай лігі спыніў працу на пасадзе коуча БАТЭ.

БАТЭ займае 11-е месца з 21 ачком, навапалачане з 16 баламі размяшчаюцца на 13-й пазіцыі.

БАТЭ на трансферы Мартынава ў «Лакаматыў» заробіць да 250 тысяч даляраў

20-гадовы расейскі абаронца БАТЭ Аляксандр Мартынаў адправіцца на прагляд у маскоўскі «Лакаматыў». Як паведамляе тэлеграм-канал «Ухо», сума пераходу складзе 200-250 тысяч даляраў. У гэтым сезоне Мартынаў прыняў удзел у 17 матчах, забіў адзін мяч і аддаў дзве галявыя перадачы. Пасля 7 тураў чэмпіянату Расеі маскоўская каманда займае трэцяе месца ў табліцы. БАТЭ пасля 20 тураў размяшчаецца на 11-й пазіцыі ў ЧБ.

«Чэлсі» хоча зімой адправіць Мудрыка ў арэнду

«Чэлсі» плануе падчас зімовага трансфернага акна адправіць вінгера Міхаіла Мудрыка ў арэнду, паведаміў журналіст Сайман Філіпс у Substack. Чакаецца, што ў студзені 23-гадовы ўкраінец далучыцца да новага клуба на правах арэнды. Адзначаецца, што новыя агенты футбаліста імкнуцца, каб у новай камандзе гулец зборнай Украіны атрымліваў больш гульнявога часу і рэанімаваў кар’еру, паколькі яна спынілася пасля пераходу на «Стэмфард Брыдж» 18 месяцаў таму. У гэтым сезоне Міхаіл зрабіў 1 асіст у 4 матчах за «Чэлсі».

Леброн Джэймс заробіць за адзін кантракт больш, чым Майкл Джордан за ўсю кар’еру ў НБА

Папулярныя інсайдэры Шэмс Чаранія і Эдрыян Вайнароўскі паведамілі аб рашэнні лідара «Лос-Анджэлес Лэйкерз» Леброна Джэймса датычна яго далейшай кар’еры ў НБА. Крыніцы паведамляюць, што Джэймс дамовіўся пра падпісанне новага двухгадовага кантракту з “Лэйкерз” на суму 104 млн даляраў. Цікава, што гэтая сума перавышае агульны заробак легендарнага Майкла Джордана за ўсю яго кар’еру ў Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі. За час выступаў у лізе Джордан зарабіў на кантрактах з клубамі каля 94 мільёнаў еўра.

Беларускае Радыё Рацыя