BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусы працягваюць закідваць шайбы ў НХЛ

У рэгулярным чэмпіянаце Нацыянальнай Хакейнай Лігі шайба Лeўшунова дапамагла «Чыкага» абгуляць «Далас». А шайба Протаса не дапамагла «Вашынгтону» перамагчы «Атаву». Пра падрабязней.

«Чыкага» абыграў «Далас» з лікам 4:3.
У «Чыкага» беларус Арцём Лeўшуноў рэалізаваў большасць у сярэдзіне першага перыяду. Гэта яго другая шайба ў НХЛ у гэтым сезоне, дзе зараз у Арцёма 19 (2+17) ачкоў у 38 гульнях.
У матчы супраць «Даласа» беларус адыграў 18 хвілін 27 секунд, за якія паспеў зрабіць 2 кідкі, 2 сілавыя прыёмы, 1 страту. Паказчык карыснасці +1.
Яго «Чыкага» на 14-м месцы ў табліцы Заходняй канферэнцыі ў 4 балах ад зоны плэй-оф.

А вось «Вашынгтон» з такім самым лікам 3:4 прайграў «Атаве».
Беларускі форвард «Вашынгтона» Аляксей Протас таксама аформіў шайбу.
Аляксей адыграў сустрэчу ў першым звяне ў кампаніі Аляксандра Авечкіна і Дылана Строума. Хакеіст прабыў на лёдзе 14 хвілін 55 секунд. Ён выканаў 3 кідкі і 1 заблакаваў, дапусціў 1 страту і зарабіў паказчык карыснасці -1.
Усяго ў гэтым сезоне ў беларуса 31 (16+15) вынiковы бал у 41 матчы. «Вашынгтон», нягледзячы на паразу, застаўся на 7-й пазіцыі ў табліцы Усходняй канферэнцыі.
Акрамя гэтага Протас падоўжыў да пяці серыю гульняў, у якіх набірае бамбардзірскія балы. На гэтым адрэзку ў нападніка 4+5 па сістэме «гол+пас».
У тым выпадку, калі Протас адзначыцца карысным дзеяннем у наступным матчы сваёй каманды, ён паўторыць рэкордную серыю з хаця б адным ачком. Раней Аляксей двойчы ў кар’еры зарабляў балы ў шасці сустрэчах запар.
Дарэчы ў гэтым матчы ў нядзелю 4 студзеня «Кэпіталз» прымуць «Чыкага» Арцёма Леўшунова

Беларускі паўабаронца Мікіта Дземчанка перайшоў у клуб «Візела» партугальскай Сегунды. Кантракт разлічаны да лета 2029 года.
Пасля 15 тураў «Візела» займае 5-е месца ў другім дывізіёне чэмпіянату Партугаліі па футболе, набраўшы 24 балы.
У мінулым сезоне Вышэйшай лігі беларускага чэмпіяната Дземчанка правёў 21 матч у складзе менскага «Дынама» і набраў 3 (2+1) балы па сістэме «гол плюс пас». Таксама хаўбек вызначыўся дэбютным голам у складзе зборнай Беларусі ў браму Даніі (2:2) ў адборачным матчы да чэмпіянату свету 2026 года.

Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч (№ 114 сусветнага рэйтынгу) з перамогі пачала шлях у кваліфікацыі турніру катэгорыі «WТА-500» у аўстралійскім Брысбене.
У першым кваліфікацыйным раундзе Сасновіч перайграла ў дзьвух сэтах прадстаўніцу Балгарыі Вікторыю Томаву, у якой 131-я пазіцыя з лікам 6:2, 6:2.
У фінале кваліфікацыі Аляксандра будзе змагацца з прадстаўніцай Узбекістана Марыяй Цімафеевай (141-ы нумар рэйтынгу WТА).
Асноўная стадыя турніру ў Брысбене пройдзе з 4 да 11 студзеня. Год таму тут заваявала тытул першая ракетка планеты іншая беларуска – Арына Сабаленка, якая перамагла ў фінальным матчы Паліну Кудэрметаву. А вось сама Арына на гэтым турніры выступіць у парным разрадзе.
Беларуска згуляе з гішпанскай тэнісісткай Паолай Бадосай.
У першым крузе Сабаленка і Бадоса сустрэнуцца з парай Людміла Самсонава (Расея) / Чжан Шуай (Кітай).

А тым часам 5-разовая чэмпіёнка «Уімблдона» Вінус Уільямс (#581 WTA) атрымала вайлд-кард у асноўную сетку Australian Open-2026.
Дзякуючы гэтаму 45-гадовая амерыканка стане самай узроставай удзельніцай асноўнай сеткі ў гісторыі турніру – зараз рэкорд належыць японцы Кіміко Даце, якой у 2015-м было 44 гады і 3 месяцы.
Апошні раз тэнісістка ўдзельнічала ў гэтым турніры ў 2021 годзе. Тады яна саступіла Сары Эрані ў другім крузе – 1:6, 0:6.
Нагадаем, Вінус двойчы даходзіла да фіналу Australian Open у адзіночным разрадзе (2003, 2017), але ў абодвух выпадках прайгравала сваёй сястры Серэне.
У той жа час менавіта з ёй яна 4 разы станавілася чэмпіёнкай у парным разрадзе ў 2001, 2003, 2009 і 2010 гадах.
Australian Open-2026 пройдзе з 18 студзеня па 1 лютага ў Мельбурне.

Паводле інфармацыі «Трыбуны», нападнік «Славіі» Андрэй Салавей і ягоная жонка патрапілі ў спіс «памілаваных» Лукашэнкам. Гэта здарылася да заканчэння першага года прызначанай ім «хатняй хіміі».
Хутчэй за ўсё, пара патрапіла ў рашэнне ад 16 верасня ў гонар рэжымнага так званага «дня народнага адзінства». Тады, не называючы імёнаў, без высылак за мяжу вызвалілі ад пакаранняў 25 чалавек, «асуджаных у тым ліку за злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці». Указвалася, што ўсе «прызналі віну і раскаяліся».
Нагадаем, што 9 снежня 2024 года з’явілася інфармацыя пра тое, што Андрэй Салавей і ягоная жонка пакараныя судом рэжыму Лукашэнкі па Першамайскім раёне Менска па частцы 1-й артыкула 342 рэжымнага кодэкса, якім звычайна караюць удзельнікаў пратэстаў 2020 года. «Прысуд» быў вынесены яшчэ 19 лістапада. Пазней «Трыбуне» стала вядома, што пара атрымала па два гады «хатняй хіміі».

З 1 студзеня 2026 года «міністэрства спорту і турызму» стала проста – «міністэрствам спорту».
Такое рашэнне прынята 21 лістапада 2025 г. так званым Саветам міністраў Беларусі.
У сувязі з гэтым удакладненыя пытанні дзейнасці «міністэрства спорту»; скарэкціраваныя пералік арганізацый, падпарадкаваных «міністэрству спорту»; урэгуляваны пытанні фарміравання калегіі «міністэрства спорту».

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя