Зборная Беларусі па пляжным футболе выйграла трэці матч запар на чэмпіянаце свету ў Дубаі. На гэты раз яна перамагла Калумбію – 4:1.

Хет-трыкам у камандзе Нікаласа Альварада вызначыўся Ігар Брышцель. Яшчэ адзін гол на рахунку Анатоля Рабко. Хто стане супернікам беларусаў па чвэрцьфінале, будзе вядома пасля завяршэння барацьбы ў групе D.
Сабаленка прайграла ў 1/16 фіналу турніру WTA-1000 у Дубаі
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка прайграла на старце буйнога турніру катэгорыі WTA-1000 у Дубаі з прызавым фондам 3 мільёны 200 тысяч даляраў. У 1/16 фіналу другая ракетка свету сустракалася з харвацкай тэнісісткай Донай Векіч, якая займае 31-е месца ў сусветным рэйтынгу, і саступіла ў трохсэтавым паядынку – 7:6 (7:5), 3:6, 0:6. У матчы за выхад у чвэрцьфінал суперніцай Векіч будзе 22-я ракетка планеты румынка Сарана Кырсця. Яшчэ адна беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка ў другім крузе згуляе з прадстаўніцай Казахстана Аленай Рыбакінай.
Антон Чычкан вядзе перамовы з «Віслай»
Былы брамнік БАТЭ, «Уфы» і батумскага «Дынама» Антон Чычкан можа працягнуць кар’еру ў складзе кракаўскай «Віслы»», якая зараз выступае ў другім дывізіёне Польшчы.
«У студзені ён скасаваў кантракт з батумскім «Дынама» і шукае новага працадаўцу. А «Вісле» патрэбны новы брамнік – адсюль перамовы зацікаўленых бакоў і верагоднасць таго, што беларус апынецца ў Кракаве», – паведамляюць SportoweFakty. У сваю чаргу журналіст Sport.pl Якуб Севярын адзначыў, што “перамовы працягваюцца, але да дасягнення пагаднення яшчэ далёка”, паколькі “найбольш важныя пытанні індывідуальнага кантракта да гэтага часу не ўзгоднены”. Чычкан правёў у «Дынама» Батумі адзін сезон, выйграўшы з камандай золата чэмпіянату Грузіі. Усяго правёў 21 матч (4 “сухіх”), у якіх прапусціў 20 мячоў. Пасля 20 праведзеных матчаў “Вісла” займае 4-е месца ў турнірнай табліцы другога дывізіёна, адстаючы ад лідыруючай “Аркі” на 3 ачкі.
2,31 секунды – у дзевятым ангельскім чэмпіянаце забіты самы хуткі гол у гісторыі?
У панядзелак адбыўся матч чарговага тура Усходняй футбольнай лігі паўднёвых графстваў – гэта дзявяты дывізіён Англіі – паміж камандамі «Кройдан» і «Какфорст». Гульня завяршылася з лікам 3:0 на карысць гаспадароў. Лік у паядынку быў адкрыты ўжо на 3-й секундзе сустрэчы. Суперударам з цэнтра поля вызначыўся 36-гадовы англійскі форвард Раян Хол, які ў свой час выступаў за “Лідс” і “Лутон”. Пасля гульні прэс-служба «Кройдана» напісала ў твітэры: «Гол быў залічаны за 2,31 секунды, што, як разумеем, з’яўляецца самым хуткім голам у дарослым футболе». «Кройдан» ужо адправіў запыт у Кнігу рэкордаў Гінэса
“Барселона” плануе купіць Хвічу Кварацхелію
Іспанская «Барселона» вызначылася з сумай для трансферу вінгера «Напалі» Хвічы Кварацхеліі. Як паведамляе BarcaTimes, кіраўніцтва “Барсы” разлічвае падпісаць футбаліста за 90-100 мільёнаў еўра.
У гэтым сезоне на рахунку Кварацхеліі 31 матч ва ўсіх турнірах, у якіх ён вызначыўся шасцю галамі і пяццю выніковымі перадачамі. Партал Transfermarkt ацэньвае Хвічу на 80 млн еўра.
Хакеісты менскага “Дынама” прымуць ніжнякамскі “Нафтахімік”
Хакеісты менскага “Дынама” сёння правядуць першую з дзвюх астатніх хатніх гульняў у рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Супернікам “зуброў” будзе “Нафтахімік” з Ніжнякамска, які да гэтага часу вядзе барацьбу за трапленне ў плэй-оф ад Усходняй канферэнцыі.
Падначаленыя Дзмітрыя Квартальнага ўжо гарантавалі сабе праход у першы раунд Кубка Гагарына: сталічны клуб дакладна не пакіне восьмую пазіцыю на Захадзе і знаходзіцца ў рэжыме чакання суперніка па плэй-оф. На гэтую ролю прэтэндуюць СКА, маскоўскае “Дынама” і “Лакаматыў”.
Беларускае Радыё Рацыя