Зборная Беларусі ўпэўнена перамагла каманду Таджыкістана з лікам 5:0 у таварыскім матчы ў Душанбэ. Першая палова сустрэчы прайшла ў спакойным тэмпе, і беларусы толькі некалькі разоў стварылі небяспеку каля варот сапернікаў. Аднак пасля перапынку гульня кардынальна змянілася: на 64-й хвіліне Віталь Лісаковіч дакладным ударам адкрыў лік. Затым Трафім Мельнічэнка падвоіў перавагу, а Яўген Яблонскі, Віталь Лісаковіч і Арцём Канцавы давялі вынік да разгромнага. Наступны матч каманда Карласа Алоса згуляе 25 сакавіка супраць Азербайджана ў Баку.
Японія першай сярод азіяцкіх каманд забяспечыла сабе пуцёўку на ЧС-2026
Зборная Японіі ўпэўнена выйшла ў фінальную частку Чэмпіянату свету-2026. У хатнім матчы кваліфікацыйнага турніру японцы перамаглі Бахрэйн з лікам 2:0. Пасля гэтай перамогі Японія лідыруе ў групе C з 19 ачкамі, апярэджваючы Аўстралію на 9 ачкоў. Такім чынам, японцы забяспечылі сабе ўдзел у сусветным першынстве за тры туры да заканчэння адборавага цыклу.
У Лізе нацый стартуюць паядынкі плэй-оф і чвэрцьфіналы
Сёння пачынаецца барацьба за месца ў дывізіёне A Лігі нацый. У плэй-оф Венгрыя згуляе супраць Турцыі, Сербія — супраць Аўстрыі, а Украіна прыме Бельгію. Матчы ў адказ адбудуцца 23 сакавіка, і пераможцы пар перамесцяцца ў вышэйшы дывізіён. Таксама сёння стартуюць першыя чвэрцьфіналы. Харватыя сустрэнецца з Францыяй, Італія згуляе з Германіяй, а Нідэрланды прымуць Іспанію.
Герасімаў выйшаў у чвэрцьфінал турніру ў Францыі
Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў паказаў характар у 1/8 фіналу турніру ў Францыі, перамогшы Давіда Поляка з Чэхіі ў трохсэтавым матчы — 5:7, 6:4, 6:4. Паядынак працягваўся 2 гадзіны і 20 хвілін. Нягледзячы на тое, што Герасімаў саступіў у першым сэце, яму ўдалося пераламіць ход гульні і выйграць два наступныя.
“Дынама” вызначылася са складам на апошнія матчы рэгулярнага сезону КХЛ
Менскае “Дынама” абвясціла склад на завяршальны выезд у рэгулярным сезоне КХЛ. 21 сакавіка каманда сустракаецца з ЦСКА, а 23 сакавіка правядзе матч супраць “Сочы”. Трэнерскі штаб робіць стаўку на спалучэнне вопыту і маладосці. У склад увайшлі асноўныя лідары каманды, у тым ліку Шыпачоў і Цірні, а таксама перспектыўная моладзь, як Пінчук і Усаў.
Беларускія хакеісты паказалі сябе ў матчах АХЛ
Беларускі брамнік Аляксей Коласаў прынёс перамогу “Ліхай Вэллі Фантомс” у матчы Амерыканскай хакейнай лігі (АХЛ) супраць “Мілуокі Эдміралз” — 6:3. Коласаў адбіў 23 з 26 кідкоў і правёў на лёдзе амаль 60 хвілін. У гэтым сезоне ён мае 5 перамог у 11 матчах і каэфіцыент надзейнасці 3.20.
У іншым матчы “Рокфард Айсхогс” саступіў “Манітобэ Мус” у авертайме — 2:3. Беларус Дзмітрый Кузьмін згуляў у першай пары абаронцаў, зрабіў кідок і атрымаў паказчык карыснасці «+1». У яго 8 ачкоў (2+6) за 39 матчаў у сезоне.
“Сан-Дыега Галз” прайгралі “Сан-Хасэ Баракуда” — 0:4. Ягор Сідараў згуляў у другім звяне, зрабіў кідок і атрымаў паказчык карыснасці «-2». У сезоне на яго рахунку 30 ачкоў (15+15) у 47 матчах.
“Мяшкоў Брэст” развітаўся з егіпецкім гульцом
Юсэф Ахмед Хасан больш не згуляе за берасцейскі гандбольны клуб. “Мяшкоў Брэст” скасаваў кантракт з егіпецкім гульцом па ўзаемнай згодзе. Ахмед далучыўся да каманды ў студзені 2024 года, правёўшы 20 матчаў і закінуўшы 33 мячы. Падрабязнасці адносна прычын скасавання кантракта клуб не агучвае.
Беларускае Радыё Рацыя