Зборная Беларусі трапіла ў чацвёрты кошык пры лёсаванні адборавага турніру футбольнага чэмпіянату свету 2026 года. Разам з беларусамі апынуліся футбалісты Літвы, Латвіі, Эстоніі, Арменіі, Люксембурга, Кіпра, Фарэрскіх астравоў, Балгарыі, Казахстана, Азербайджана і Косава.
Па выніках лёсавання, якое адбудзецца 13 снежня, будуць утвораны 12 груп па пяць і чатыры каманды. Групавы этап пройдзе з сакавіка па лістапад 2025 года. Пасля яго завяршэння прамыя пуцёўкі ў фінальную стадыю ЧС-2026 заваююць толькі пераможцы груп. Яшчэ чатыры пропускі будуць разыграны ў стыкавых паядынках з удзелам 12 каманд, якія зоймуць другія месцы. Гэтыя сустрэчы адбудуцца напрыканцы сакавіка 2026 года.
Фінальная стадыя 23-га планетарнага футбольнага форуму пройдзе з 11 чэрвеня па 19 ліпеня 2026 года на 16 арэнах Канады, ЗША і Мексікі. Упершыню ў гісторыі тры краіны стануць гаспадарамі сусветнага першынства, і ўпершыню ў ім прымуць удзел 48 каманд.
Лаўтара Марцінес і Ліянэль Месі паўтарылі гістарычныя дасягненні
У паўднёваамерыканскай зоне кваліфікацыі чэмпіянату свету адбыўся чарговы тур. Калумбія на сваім полі саступіла Эквадору 0:1. Аргенціна, дзякуючы пасу капітана Ліянэля Месі і голу Лаўтара Марцінэса, з такім жа лікам адолела Перу. Як паведамляе прэс-служба МЛС, Месі паўтарыў гістарычны рэкорд па колькасці галявых перадач у складзе зборных, зараз на рахунку гульца іх 58. Столькі ж галявых перадач зрабіў Лэндан Донаван у складзе зборнай ЗША. У сваю чаргу, Лаўтара Марцінэс паўтарыў дасягненне Дыега Марадоны па колькасці галоў за зборную Аргенціны. Марцінес забіў 32-і гол. Бразілія разышлася мірам з Уругваем 1:1. Зборная Аргенціны замацавалася на вяршыні табліцы.
Легендарны іспанскі тэнісіст Рафаэль Надаль на мінорнай ноце завяршыў гульнявую кар’еру
Славуты іспанскі тэнісіст Рафаэль Надаль завяршыў ігравую кар’еру пасля прайгранага чвэрцьфінальнага матча зборнай Іспаніі ў Кубку Дэвіса з камандай Нідэрландаў. У іспанскай Малазе ў сваім апошнім паядынку 38-гадовы Надаль саступіў Ботыку ван Зандсхулпу 1:2, прычым гэта толькі другая яго параза ў матчах галоўнага каманднага турніру планеты, першая здарылася ў лютым 2004 года ў матчы з чэхам Іржы Новакам. У складзе зборнай Іспаніі Надаль пяць разоў станавіўся ўладальнікам Кубка Дэвіса. Рафаэль Надаль пачаў прафесійную кар’еру ў 2001 годзе і з таго часу выйграў 92 турніры пад эгідай АТР. У яго паслужным спісе 22 перамогі на турнірах серыі “Вялікага шлема”, 14 з якіх – на парыжскіх кортах “Ралан Гарос”. У яго таксама чатыры чэмпіёнскія тытулы на US Open і па два на Уімблдоне і Australian Open. Таксама Рафаэль з’яўляецца двухразовым алімпійскім чэмпіёнам.
Пасля свайго заключнага матчу Рафаэль Надаль сказаў: “Тытулы, лічбы – усё гэта ёсць. Аднак хацелася б, каб запомнілі як простага чалавека з невялікай вёскі на Мальёрцы, які ішоў сваёй марай і шмат працаваў, каб стаць тым, кім з’яўляюся зараз “.
У НХЛ грымнула першая ў сезоне трэнерская адстаўка
Галоўны трэнер «Бостан Бруінз» Джым Мантгомеры звольнены са сваёй пасады, паведамляе прэс-служба каманды. Часова выконваць абавязкі коуча будзе асістэнт Джо Сака. Мантгомеры займаў пасаду галоўнага трэнера каманды з 1 ліпеня 2022 года. У бягучым сезоне “Бостан” размяшчаецца на восьмым месцы ў табліцы Усходняй канферэнцыі. У каманды 19 ачкоў пасля 20 матчаў. У панядзелак «Бостан» пацярпеў хатнюю паразу ад 14-й каманды Усходняй канферэнцыі «Каламбуса» – 1:5.
Беларускае Радыё Рацыя