BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусы ў розных хакейных лігах

НХЛ

У матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ «Ванкувер» дома саступіў «Караліне» з лікам 4:6.
25-гадовы беларускі брамнік «Ванкувера» Мікіта Талапіла быў заяўлены на матч у ролі бэкапа Кевіна Ланкінена. Фінскі брамнік згуляў 31:53 хв, адбіў 18 з 22 кідкоў, прапусціў чатыры шайбы і быў заменены.
Адзначым, што Талапіла прапусціў шайбу адразу пасля першага кідка суперніка.
Усяго Талапіла адгуляў 27:03 хв, адбіў 9 з 10 кідкоў суперніка, прапусціў 1 шайбу (у канцы матча «Ванкувер» замяніў галкіпера на шостага палявога гульца і прапусціў яшчэ адну шайбу), а таксама скончыў сустрэчу з каэфіцыентам надзейнасці 1,00 і паказчыкам адбітых кідкоў 90,0%.
У бягучым сезоне НХЛ Талапіла правёў 12 матчаў, здабыўшы тры перамогі. Яго каэфіцыент надзейнасці складае 3,03, а адсотак адбітых кідкоў – 90,1.

Яго «Ванкувер» з 43 баламі пасля 61 праведзенага матча займае апошняе, 16-е месца ў Заходняй канферэнцыі і замыкаe агульную табліцу НХЛ. «Кэнакс» зведалі сёмую паразу запар.

«Рокфард» у гасцях саступіў «Гранд Рэпідс» з лікам 3:7 у рэгулярным чэмпіянаце АХЛ.
Беларускі абаронца «Рокфарда» Дзмітрый Кузьмін адзначыўся асістэнцкім балам на 47-й хвіліне, калі яго каманда скараціла адставанне да ліку 3:4. Беларус набраў 1 (0+1) ачко, выканаў 2 кідкі ў створ брамы і скончыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «-1».
У 40 матчах сезона Дзмітрый Кузьмін зарабіў 12 (4+8) выніковых балаў пры 11 хвілінах штрафу і паказчыку карыснасці «0». Ён набірае ачкі ў чатырох з пяці апошніх паядынкаў (0+4).

«Мэдысан Хэт Тайгерс» у гасцях абыграў «Брэндан Уіт Кінгз» з лікам 6:3 у рэгулярным чэмпіянаце WHL.
Беларускі форвард «Мэдысан Хэт» Яраслаў Брызгалаў адзначыўся двума асістэнцкімі баламі. У гэтай сустрэчы беларус набраў 2 (0+2) балы, выканаў 2 кідкі ў створ брамкі і зарабіў паказчык карыснасці «+1». Ён набірае ачкі ў трох паядынках запар (1+4).
У 57 матчах сезона на рахунку Яраслава Брызгалава 48 (10+38) ачкоў пры 55 хвілінах штрафу і паказчыку карыснасці «+29».

«Сэнт-Джон» дома абыграў «Блевіль-Буабрыян» з лікам 5:3 у рэгулярным чэмпіянаце QMJHL.
Беларускі галкіпер «Сэнт-Джона» Арсень Радзькоў адбіў 41 з 44 кідкоў (93.2%) і быў прызнаны першай зоркай матчу супраць каманды, у якой пачынаў цяперашні сезон.
Для Радзькова гэта 17-я перамога ў сезоне – 12 у 23 матчах ён здабыў у складзе «Блевіля», яшчэ 5 у 13 паядынках за «Сэнт-Джон», куды ён перайшоў цягам чэмпіянату. Усяго ў гэтым сезоне Радзькоў згуляў у 38 матчах, дасягнуў 17 перамог, адбіў 89% кідкоў і мае каэфіцыент надзейнасці 3.34.

У беларускай хакейнай Экстралізе ўчора быў згуляны першы матч 1/8 фінала стадыі плэй-ін, дзе каманды, заняўшыя месцы з 7 па 10 у рэгулярным чэмпіянаце, разыгрываюць пуцёўкі ў чвэрцьфінал.
«Дынама-Маладэчна» на сваім лёдзе прайграла гарадзенскаму «Нёману» з лікам 2:5.
Лік у серыі 0:1. Змаганне на гэтай стадыі доўжыцца да дзвюх перамог.

А зараз пяройдзем да навінаў футбола.
Учора «Цэле» прайграў «Алумініі» з лікам 1:2 у матчы 23-га тура чэмпіяната Славеніі па футболе.
Гэтая параза падапечных беларускага спецыяліста Івана Маеўскага стала трэцяй з пяці сустрэч чэмпіянату, як ён заступіў на пасаду галоўнага трэнера каманды. На рахунку «Цэле» таксама перамогі над «Радамле» (3:1), «Мурай» (5:1) і паразы ад люблянскай «Алімпіі» (1:3) і «Брава» (0:1).
На дадзены момант «Цэле» па-ранейшаму ўзначальвае табліцу з 50 ачкамі, адрыў ад другога – «Марыбора» – 8 балаў, але ў таго ёсць гульня ў запасе.

Беларускі брамнік Станіслаў Лапкес перайшоў на правах арэнды ў футбольны клуб «Сарасота Парадайз» з трэцяга дывізіёна чэмпіяната ЗША па футболе.
Тэрмін дзеяння арэнднага пагаднення – да 30 лістапада 2026 года.
Трансферныя правы на брамніка належаць клубу МЛС «Каламбус Кру». Мінулай вясной бакі дамовіліся пра супрацу да 2027 года з опцыяй падаўжэння яшчэ на два сезоны.

Жаночая зборная Беларусі па футболе да 19 гадоў правяла заключную сустрэчу адбору на чэмпіянат Еўропы ў рамках Лігі Нацый «Б». Нашыя дзяўчаты перамаглі люксембуржак з лікам 2:0. Галамі адзначыліся Вераніка Калюта і Валерыя Васілюк. Аднак з-за лепшай розніцы забітых і прапушчаных галоў у далейшы этап адбору з нашай групы прашла каманда Босніі і Герцагавіны. У іх дзяўчат, пры іншых роўных паказніках, розніца склала +7, у нашых +4 забітыя мячы.
Люксембург U-19 – Беларусь U-19 – 0:2
Галы: 0:1 – Калюта (7). 0:2– Васілюк (33).

Арына Сабаленка сёння ўвечары правядзе матч 1/32 фіналу турніру WTA-1000 у Індыян-Уэлсе.
Яе суперніцай будзе 24-гадовая японка Хімена Сакацуме (N136 WTA), якая ў першым раўндзе перамагла 96-ю ракетку планеты амерыканку Алісію Паркс з лікам 2:0 – 6:4, 6:3.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя