BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусы ўдала стартавалі на Сэйшэлах

На Сэйшэльскіх выспах пачалася фінальная частка чэмпіянату свету па пляжным футболе. У ёй бярэ ўдзел і зборная Беларусі, якую называюць адной з фаварытаў. У першым матчы групы А каманда Японіі разграміла дружыну Гватэмалы – 6:2. Пазней беларусы сустрэліся з камандай гаспадароў турніру. У няпростым змаганні мацнейшай стала наша каманда – 6:3. Хет-трыкам вызначыўся Арцемій Дрозд, яшчэ па адным мячы забілі Анатоль Рабко, Ігар Брыштэль і Мікіта Чайкоўскі. Наступны матч беларусы згуляюць 3 траўня супраць галоўнага канкурэнта ў групе – японцаў. Усяго ў першынстве бяруць удзел 16 мацнейшых зборных з усіх кантынентаў.

Дамінацыя ангельскіх футбольных клубаў

У футбольнай Лізе Еўропы прайшлі два першыя паўфінальныя матчы. У цэнтры ўвагі была сустрэча фаварытаў – «Атлетык» з Більбао прымаў тытулаваны «Манчэстэр юнайтэд», які імкнецца рэабілітавацца за правальны сезон. У першым тайме баскі пацярпелі жорсткае фіяска, прапусціўшы тройчы. Прычым арбітр, акрамя пенальці, выдаліў яшчэ іхнага гульца. Усе спробы пераламаць сітуацыю пасля перапынку нічога не далі. Выніковыя – 0:3.

У іншым паядынку лонданскі «Тотэнхэм», які зусім няўдала выступае ў ангельскай прэм’ер лізе, экзаменаваў сенсацыйны нарвежскі «Будзё Глімт». Лонданскія шпоры выразна дамінавалі і перамаглі 3:1. Пэўныя шанцы ў скандынаваў на агульны поспех яшчэ застаюцца.

У трэцяй па значнасці на кантыненце Лізе Канферэнцый севільскі «Беціс» змагаўся з фларэнційскай «Фіярэнцінай». Гаспадары былі наперадзе 2:0, але не ўтрымалі перавагу і аднойчы схібілі ў абароне. Лік 2:1 пакідае шанцы на агульны поспех абедзвюм камандам.

Паралельна шведскі «Юргордэн» супрацьдзеіў лонданскаму «Чэлсі». Брытанцы дыктавалі свае ўмовы, а шведская каманда прапусціла некалькі недарэчных галоў, у выніку – 1:4.

Падсумуем, што несумненнага поспеху дамагліся ў гэты дзень ангельскія клубы, якія перамаглі ў трох матчах з агульным лікам 10:2.

Юніёры вызначаюць фіналістаў хакейнага чэмпіянату свету

На чэмпіянаце свету па хакею сярод гульцоў да 18 гадоў вызначыліся ўсе паўфіналісты. У чвэрцьфінальных паядынках фаварыты пацвердзілі свой статус. У скандынаўскім дэрбі Швецыя разграміла каманду Фінляндыі – 7:2. Славакія не без праблемаў адолела Германію – 3:2. Юныя хакеісты ЗША упэўнена давялі сваю перавагу над Латвіяй – 6:3. Найбольш упартым выдалася змаганне паміж дружынамі Канады і Чэхіі – толькі ў авертайме паўночнаамерыканцы даціснулі еўрапейцаў – 3:2. У паўфіналах пары сфармаваліся так: Канада – Славакія, ЗША – Швецыя.

У плэй-оф НХЛ клуб «Вашынгтан», за які выступае беларускі форвард Аляксей Протас, перамог 4:1 «Манрэаль» і з такім жа лікам узяў верх у серыі, выйшаўшы ў другі раўнд Кубку Стэнлі. Для каманды гэта здарылася ўпершыню за апошнія 7 гадоў. Наступным супернікам «Вашынгтана» будзе «Караліна», якая ў сваёй серыі перамагла 4-1 «Нью-Джэрсі».

Шэфілд: у паўфіналах тры чэмпіёны свету ранейшых гадоў

На першынстве свету па снукеры ў Шэфілдзе настала пара паўфіналаў. На гэтай стадыі змаганне ідзе да 17 пераможных фрэймаў. Першымі вышлі да стала сяміразовы чэмпіён Роні О’Саліван з Англіі і кітайскі малады майстар Чжао Сіньтун, які да гэтага выйграў 22 (!) матчы запар. Стартавая сесія завяршылася парытэтам – 4:4, так што асноўныя падзеі яшчэ наперадзе.

У іншым паўфінале змагаюцца два лаўрэаты мінулых гадоў – валіец Марк Уільямс і ангелец Джад Трамп. Пасля першай сесіі іх спабору наперадзе Трамп 5:3.

“Таймы мадрыдскага двара”: у фінале Гаўф і Сабаленка

У Мадрыдзе на прадстаўнічым жаночым тэнісным турніры ўчора прайшлі паўфінальныя матчы. Другая ракетка свету полька Іга Свёнтэк сустракалася з чацвёртым нумарам рэйтынгу – амерыканкай Коры Гаўф. Упэўнена перамагла тэнісістка ЗША – 6:1, 6:1.

Позна ўвечары выйшлі на корт першая ракетка асацыяцыі Арына Сабаленка і 17-я – украінка Эліна Світоліна. Перамагла беларуска – 6:3, 7:5 па партыях.

На мужчынскім мадрыдскім тэнісным пуле у чвэрцьфінале нарвежац Каспер Руд выбіў маскоўца Данііла Мядзведзева за два сэты – 6:3, 7:5.

На менш значным спаборы ў іспанскім горадзе Вік беларуска Аляксандра Сасновіч выйшла ў паўфінал. У чвэрцьфінальным паядынку яна перамагла Калоту Марцінес Сірэс з Іспаніі – 6:3, 7:5. У наступным раўндзе чэленджара Сасновіч, якая зараз 110-я па рэйтынгу, сустрэнецца з швайцаркай Рэбекай Машаравай, 153-ым нумарам сусветнай жаночай асацыяцыі.

Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя