Беларускія батутысты заваявалі тры медалі на этапе Кубка свету па скачках на батуце ў сталіцы Азербайджана Баку.

У нядзелю ў Баку адбыўся фінал мужчынскага індывідуальнага турніру, удзел у якім прынялі двое беларусаў. Уладальнікам золата стаў двухразовы алімпійскі чэмпіён Іван Літвіновіч, які атрымаў ад суддзяў 65,950 бала. Бронзавы медаль заваяваў таварыш Івана па камандзе Станіслаў Яскевіч, які набраў 62,550 ачка. Паміж двума беларусамі размясціўся японец Русеі Нісіёка (63,440). Яшчэ адзін наш спартсмен Андрэй Буйлаў спыніўся на стадыі паўфіналу, а Себасцьян Станкевіч завяршыў выступленні ў кваліфікацыі.
Раней перамогу ў жаночых індывідуальных скачках атрымала Віялета Бардзілоўская. Усяго ўдзел на этапе Кубка свету па скачках на батуце і акрабатычнай дарожцы ў Баку прынялі больш як 80 спартсменаў з 16 краін.






