Зборная Беларусі па пляжным футболе матчам з камандай Малдовы адкрые першы групавы этап еўрапейскага адборачнага турніру чэмпіянату свету ў іспанскім Кадысе. Стартавы паядынак у кваліфікацыйнай групе D падначаленыя іспанскага спецыяліста Нікаласа Альварада правядуць 4 кастрычніка, а 7 кастрычніка беларусы сустрэнуцца са зборнай Бельгіі. Абедзве сустрэчы пачнуцца ў 15.15 паводле менскага часу. У гэтай групе яшчэ мусіла гуляць зборная Турцыі, але яна знялася з турніру. Фінальная частка планетарнага форуму з удзелам 16 каманд з усіх кантынентаў пройдзе ў траўні 2025 года на Сейшэльскіх выспах.
Шчэнсны павінен будзе выплаціць кампенсацыю “Ювентусу” пры пераходзе ў “Барселону”
Былы брамнік «Ювентуса» і «Арсенала» Войцэх Шчэнсны абраны «Барселонай» на замену Тэр Штэгена, які атрымаў траўму, але ў паляка ёсць праблема. Клуб з Турына і брамнік дамовіліся аб тым, што пры ўмове вяртання ў футбол да вызначанага часу, брамнік павінен будзе заплаціць кампенсацыю клубу. Брамнік атрымаў 4 мільёны за сваё звальненне, і цяпер яму давядзецца заплаціць палову гэтай сумы, каб мець магчымасць падпісаць кантракт з каталонскім клубам. “Барселона” спадзяецца, што Шчэнсны вырашыць гэтыя пытанні ў бліжэйшыя некалькі дзён, каб правесці падпісанне.
Мбапэ выбыў са строю на тры тыдні з-за траўмы
Французскі нападнік Кіліян Мбапэ выбыў са складу на тры тыдні з-за траўмы. Форвард прапусціць матчы супраць “Атлетыка” і “Вільярэала” ў чэмпіянаце Іспаніі, супраць “Ліля” ў Лізе чэмпіёнаў і не дапаможа зборнай Францыі ў Лізе нацый.
Ірына Шымановіч выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў Тэмплтоне
Беларуска Ірына Шымановіч (225-ы нумар рэйтынгу ВТА) выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў Тэмплтоне. Прызавы фонд спаборніцтваў у амерыканскім горадзе складае 60 000 даляраў. Ірына Шымановіч адолела брытанку Тару Мур з лікам 6:0, 6:2
Форвард “Анахайма” беларус Сідараў закінуў шайбу ў перадсезонным матчы НХЛ
Беларускія хакеісты правялі першыя кантрольныя матчы перад стартам сезона Нацыянальнай хакейнай лігі. У Каліфорніі адбылося дэрбі “Сан-Хасэ” і “Анахайма”, у якім прыняў удзел беларускі нападнік “качак” Ягор Сідараў. 20-гадовы форвард стаў аўтарам другой шайбы сваёй каманды, рэалізаваўшы большасць, і дапамог “Анахайму” перамагчы з лікам 4:3. Усяго Сідараў правёў на пляцоўцы 14 хвілін і нанёс два кідкі па брамцы. Упершыню за “Вашынгтон” разам згулялі браты Аляксей і Ілля Протасы. Сталічны клуб на выездзе прайграў “Бостану” 2:4, абодва беларусы набранымі ачкамі не адзначыліся. Аляксей адыграў 16 хвілін, Ілля – крыху больш за 13, а ў канцы другога перыяду браты разам выйшлі на лёд. Аляксей Протас быў блізкі да гола, але шайба пасля яго кідка трапіла ў штангу.
Рэгулярны чэмпіянат Нацыянальнай хакейнай лігі стартуе 4 кастрычніка.
Беларускае Радыё Рацыя