
Беластоцкая “Ягелонія” удала вярнулася з вакацый. Пасля іх аднавіўся чэмпіянат Польшчы па футболе. Каманда Адрыяна Семенца на выездзе ў Лодзі досыць упэўнена перамагла мясцовы “Відзэў” – 3:1. Галы ў беластачанаў запісалі на свой рахунак Барташ Мазурэк (36-я хвіліна), Афіміку Пулулу, з пенальці (54-я) і Норберт Вайтушэк (80-я). Толькі ў канцоўцы сустрэчы з 11-мятровага карнага гаспадары адзін мяч адыгралі.
Такім чынам “Ягелонія” набрала 32 ачкі і выйшла на другое месца. Вышэй толькі “Гурнік” з Забжэ, які таксама ў суботу адолеў на сваім полі глівіцкі “Пяст” – 2:1. Беларускі форвард апошняга Герман Баркоўскі выйшаў на замену, але выніковымі дзеяннямі не адзначыўся. “Гурнік” мае цяпер 33 пункты і на гульню больш чым у беластоцкага клуба. Прапушчаны раней матч “Ягелонія” правядзе дома ў бліжэйшую сераду 4 лютага – супернікам будзе клуб ГКС (Катавіцэ), за які выступае беларускі нападнік Ілья Шкурын.
Беларускае Радыё Рацыя






