
Беластоцкая “Ягелонія” пасля суботняга матча выйшла на першае месца ў новым футбольным чэмпіянаце.
Сустрэча другога тура ў Радаме выдалася няпростай для чэмпіёна Польшчы. Хоць у першым тайме усё ішло нібы алеем падмазана. Ролю лідара ў атацы крыху нечакана ўзяў на сябе Ярослаў Кубіцкі. Два яго суперстрэлы на 34-й і 40-й хвіліне вывелі беластоцкі клуб наперад.
Аднак у другім тайме сітуацыя істотна перамянілася. Арбітр сустрэы прызначыў вельмі спрэчны і нават недарэчны пенальці ў браму “Ягі” і на 52-й хвіліне Леанарда Роша рэалізаваў карны. Далей “Радомяк” працягваў атакі і на 77-й хвіліне той жа Роша забіў яшчэ раз, выйшаўшы у лепшыя бамбардзіры экстракласы – агулам ужо 4 галы.
“Ягелонія” усё ж здолела пераграупаваць свае шыхты і выйшаўшы на замену Мікі Вільяр на 88-й хвіліне ўдала завяршыў хрэстаматыйную камбінацыю. У выніку 3:2 на карысць чэмпіёна і “Яга”, набраўшы 6 ачкоў, выйшла ў лідары.
У гэты ж дзень клуб “Сталь” (Мелец), за які паспяхова выступае беларус Ілля Шкурын, саступіў на сваім полі клубу ГКС з Катавіцаў. Адзіны мяч быў забіты з пенальці.
Беларускае Радыё Рацыя






