BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Белшына» і берасцейскае «Дынама» выйшлі ў 1/8 фіналу Кубка Беларусі

У розыгрышы Кубка Беларусі па футболе вызначыліся чарговыя ўдзельнікі 1/8 фіналу. У першым матчы футбалісты берасцейскага «Дынама» абыгралі на выездзе «Слонім-2017» з лікам 2:0. Абодва мячы былі забітыя ў першай палове сустрэчы: спачатку вызначыўся Ягор Карцоў, а потым Герман Баркоўскі рэалізаваў пенальці. Бабруйская «Белшына» прымала на сваім полі футбалістаў «Мінска» і выйграла з лікам 3:1. У гаспадароў галявы дубль аформіў Уладзіслаў Кабачэўскі, яшчэ адзін мяч на рахунку Мікіты Голубя, а менчукі адказалі голам Яўгена Малашэвіча. Яшчэ пяць сустрэч 1/16 фіналу адбудуцца сёння: «Д-Медыя» (Менск) згуляе з БАТЭ (Барысаў), «Баранавічы» са «Смаргонню», гомельскі «Бумпрам» з мазырскай «Славіяй», РЦАР-БДУ (Менск) са «Слуцкам», і «Ліда» з «Віцебскам».

Беларускія футбалісткі перамаглі грузінак у кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы

Беларускія футбалісткі выйшлі ў першы раўнд плэй-оф кваліфікацыі жаночага чэмпіянату Еўропы 2025 года. У перадапошнім матчы адборавага турніру падначаленыя Юрыя Малеева адолелі ў Тбілісі каманду Грузіі з лікам 2:0. У канцы сустрэчы мячы забілі Карына Альховік і Вікторыя Валюк. Такім чынам, беларускі забяспечылі сабе першае месца ў групе С1, павышэнне ў лігу В і ўдзел у стыкавых матчах за выхад на Еўра-2025.

Беларусы саступілі зборнай Расеі па пляжным футболе ў першым спарынгу

Беларусы прайгралі зборнай Расеі па пляжным футболе ў першым з двух таварыскіх матчаў. Пачатак гульні ў Санкт-Пецярбургу прайшоў з перавагай гаспадароў, якія выйшлі наперад на 7-й хвіліне пасля ўдару Амадыуса Вінаградава, які неўзабаве забіў і другі мяч. У самым пачатку другога перыяду Ягор Рэмізаў забіў трэці мяч у браму беларусаў, пасля чаго Арцемій Дрозд, а таксама галкіперы Міхаіл Аўгустоў і Уладзімір Усціновіч тройчы запар забілі расейцам – 3:3. У заключнай трэці матча ў гаспадароў вызначыліся Станіслаў Кашарны і Аляксей Макараў, а потым Вадзім Бокач скараціў разрыў да мінімуму – 5:4 на карысць расейцаў. Другі спарынг таксама пройдзе на піцерскай Nova Arena 14 ліпеня.

Шымановіч, Змушко і Куляшова здабылі чарговыя перамогі на Кубку краіны па плаванні

У Берасцейскім абласным цэнтры алімпійскага рэзерву па водных відах спорту завершаны трэці дзень Адкрытага Кубка Беларусі па плаванні. Разам з наймацнейшымі беларускімі плыўцамі ўдзел у спаборніцтвах бяруць атлеты з Расеі. У пятніцу спартоўцы разыгралі 11 камплектаў узнагарод, чарговыя перамогі святкавалі лідары ​​беларускай нацыянальнай каманды. Ілья Шымановіч і Аліна Змушко сталі лепшымі на стомятроўцы брасам, а мянчанка Анастасія Куляшова першынствавала на дыстанцыі 100 м вольным стылем. Усяго прадстаўнікі сталіцы выйгралі сем з адзінаццаці фіналаў дня. Вераніка Страшнова і Дзмітрый Сабалеўскі заваявалі золата на 200-метроўцы на спіне, Канстанцін Курачкін паказаў лепшы вынік на дыстанцыі 400 метраў вольным стылем, таксама менскія квартэты забралі абедзве эстафеты 4х100 м – мужчынскую кролем і жаночую комплексным плаваннем. На стомятроўцы вольным стылем пераможцам турніру стаў Руслан Скамарошка з Гарадзенскай вобласці, на дыстанцыі 400 метраў комплексам у дзяўчат першай борціка закранула Аляксандра Шляйко, якая прадстаўляе Менскую вобласць, а ў вырашальным заплыве на 800 метраў вольным стылем роўных не было Алесе Акінчыц з Магілёўскай вобласці. Адкрыты Кубак Беларусі па плаванні завершыцца ў Берасці сёння, у праграме заключнага дня спаборніцтваў 12 фіналаў.

Алькарас згуляе з Джокавічам у фінале Уімблдонскага турніру

Іспанскі тэнісіст Карлас Алькарас другі раз запар прабіўся ў фінал Уімблдонскага турніру. У паўфінале дзейны пераможца Уімблдона з лікам 6:7 (1:7), 6:3, 6:4, 6:4 перайграў за тры гадзіны расейскага тэнісіста Данііла Мядзведзева, які ў 1/4 фіналу адолеў першую ракетку планеты Янніка Сінэра з Італіі. У другім паўфінальным матчы сяміразовы чэмпіён Уімблдона серб Новак Джокавіч адолеў італьянца Ларэнца Музеці 6:4, 7:6 (7:2), 6:4. 24-разовы чэмпіён турніраў «Вялікага шлема» Новак Джокавіч шосты раз запар выйшаў у фінал адзіночнага разраду Уімблдона.

Беларускае Радыё Рацыя