Футбалісты берасцейскага “Дынама” разграмілі наваполацкі “Нафтан” з лікам 6:3 у гасцявым паядынку 21-га тура чэмпіянату Беларусі. Для навапалачан гэтая сустрэча стала першай пад кіраўніцтвам Ігара Крывушэнкі, але дэбют атрымаўся няўдалым. Гаспадары двойчы вялі ў ліку – 1:0 і 2:1, але ў выніку пацярпелі буйную паразу. У складзе пераможцаў хет-трык аформіў Міхаіл Гардзяйчук, галявы дубль у актыве Ягора Карцова, адзін раз вызначыўся Аляксандр Свірэпа. У гаспадароў два мячы забіў Антон Сучкоў, яшчэ адзін гол на рахунку Максіма Жытнёва.
Таксама БАТЭ на полі “Барысаў-Арэны” адолеў футбалістаў “Віцебска” – 1:0. Пераможны гол на 88-й хвіліне гульні забіў казахстанскі форвард барысаўчан Аралхан Аміртаеў. Гэта першая вікторыя БАТЭ ў нацыянальным чэмпіянаце з 22 чэрвеня.
Таксама лідар першынства гарадзенскі “Нёман” нечакана прайграў на сваім полі “Іслачы” – 0:3. Футбалісты жодзінскага “Тарпеда-БелАЗа” разграмілі на выездзе “Смаргонь” з лікам 4:0, дзяржынскі “Арсенал” і мазырская “Славія” разышліся мірам – 1:1, таксама ўнічыю завяршыўся паядынак “Слуцка” і салігорскага “Шахцёра” – 0:0.
Менскія дынамаўцы завяршылі выязную серыю паразай ад маскоўскіх аднаклубніка
Хакеісты менскага “Дынама” няўдала завяршылі першую выязную серыю ў новым сезоне Кантынентальнай хакейнай лігі. Заключны прыпынак перад вяртаннем на радзіму падначаленыя Дзмітрыя Квартальнава зрабілі ў Маскве. Мінчан прымала мясцовае “Дынама”, якое ў мінулым сезоне выбіла “зуброў” з плэй-оф Кубка Гагарына. У стартавым перыядзе гаспадары закінулі двойчы. Адну з шайб за масквічоў правёў былы гулец мінскага клуба Седрык Пакет. У другім перыядзе «зубры» прапусцілі яшчэ двойчы, аўтарам дубля стаў Дзмітрый Рашэўскі.
Пасля чацвёртай прабоіны галкіпер “зуброў” Ягор Вельмакін саступіў месца ў брамцы Андрэю Ціхаміраву. Неўзабаве пасля гэтага мінчане атрымалі права пагуляць у большасці ў фармаце “5 на 3”, чым скарыстаўся Сэм Энас. Да перапынку госці паспелі яшчэ раз засмуціць масквічоў – дэбютным голам за клуб вызначыўся Нікалас Мелаш. У заключнай траціне віншаванні з першай шайбай за новую каманду прымаў яшчэ адзін абаронца – Брэды Лайл. Хакеісты са сталіцы Расеі прабілі Андрэя Ціхамірава адзін раз, а ў канцы сустрэчы трапілі ўжо ў пустую брамку – 6:3 на карысць “Дынама” маскоўскага.
Жлобінскі “Металург” абыграў “Авіятар” у матчы экстралігі
Паядынак “Металурга” і “Авіятара” завяршыў гульнявую праграму нядзелі ў рэгулярным чэмпіянаце беларускай хакейнай экстралігі. Сустрэча адбылася ў лядовым палацы Баранавіч. У выніку 4:3 на карысць “Металурга”.
Раней “Дынама-Маладзечна” у авертайме абыграла “Славуціч” 2:1, а “Лакаматыў” з такім жа лікам быў мацней за “Хімік”, перамогшы ў серыі булітаў. Таксама ў пасляматчавай “перастрэлцы” “Магілёў” адолеў “Ліду” 3:2.
Беларускае Радыё Рацыя