Дзьвума гульнямі ўчора распачалася праграма трэцяга тура ў Вышэйшым дывізіёне Чэмпіяната Беларусі па футболе. «Слуцк» на сваім полі згуляў унічыю 0:0 з жодзінскім «Тарпеда». А берасцейскае «Дынама» на сваім полі саступіла 0:2 дэбютантам лігі – віцебскаму «МЛ», якія займаюць зараз у турнірнай табліцы першы радок.

У футбольнай Лізе нацый сярод жаночых зборных учора прайшла гульня зборных Фінляндыі і Беларусі. Адзначым, што Фінская асацыяцыя футбола адмовілася прымаць беларусак на сваім полі ў Фінляндыі і таму гульня праходзіла на нейтральным стадыёне ў італьянскім Мілане. Гэтая сустрэча скончылася безвыніковай нічыёй 0:0. Такім чынам беларуская зборная ў ІІІ групе другога дывізіёна займае апошні чацьвёрты радок з двума ачкамі пасля трох гульняў.
4 красавіка адбылося лёсаванне групавога этапа Чэмпіяната свету па пляжным футболе 2025 года, які пройдзе на Сейшэльскіх выспах з 1 па 11 траўня. Беларуская зборная згуляе ў групе А з камандамі Сейшэлаў, Японіі і Гватэмалы. У групу Б увайшлі Партугалія, Іран, Парагвай і Маўрытанія. У групе С апынуліся Таіці, Сенегал, Гішпанія ды Чылі. А ў групе D Бразілія, Італія, Аман і Сальвадор.
На чэмпіянаце свету беларусы выступяць чацвёрты раз у гісторыі. Найлепшым дасягненнем каманды з’яўляецца 4-е месца, якое яна заняла на апошнім ЧС у ААЭ.
Лукашэнкаўскі міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук лічыць, што трэба зменьшыць колькасць камандаў у Вышэйшым беларускім футбольным дывізіёне. «У тым жа футболе, на мой погляд, 16 каманд — перабор. Часам мы вельмі рана пачынаем чэмпіянат, калі каманды яшчэ не паспяваюць завяршыць перадсезонную падрыхтоўку. Якасць палёў у сакавіку, умовы надвор’я — не заўсёды добрыя. Завяршаем чэмпіянат часам у снежні, і асноўныя матчы, калі нам трэба вызначаць чэмпіёна, прыпадаюць на незразумелае надвор’е.
У нас у краіне ёсць магчымасць пісьменна выбудаваць сістэму. Менш каманд — менш матчаў. А калі іх менш, мы можам пачаць чэмпіянат крыху пазней, а завяршыць крыху раней», — сказаў Кавальчук. У вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі па футболе выступае 16 камандаў, у свой час колькасць клубаў змяншалася да 14 і нават 12, але потым зноў вярнулася да 16. Сёлета чэмпіянат пачаўся ў сярэдзіне сакавіка, а скончыцца ў канцы лістапада.
Асістэнцкі дубль Ягора Шаранговіча дапамог «Калгары» абгуляць «Анахайм» у чарговым матчы Нацыянальнай хакейнай лігі з лікам 4:1. 26-гадовы беларускі форвард «агеньчыкаў» правёў на пляцоўцы 14 з паловай хвілінаў і адзначыўся двума дакладнымі перадачамі. Усяго ў сезоне ён правёў 66 матчаў, у якіх набраў 27 ачкоў.
У Экстралізе беларускага чэмпіяната па хакеі адбылася шостая гульня паўфінальнай пары «Гомель» – «Віцебск», дзе гамельчукі здабылі валявую перамогу над віцеблянамі 2:1 і тым самым зраўнялі лік у двубоі 3:3. Такім чынам лёс другога фіналіста Экстралігі вырашыцца ў сёмым матчы ў Віцебску.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






