
Зборная Беларусі па футболе працягвае адбор на чэмпіянат свету 2026 года. І з кожнай гульнёй словы чыноўнікаў ад футбола ўсё больш аддаляюцца ад рэчаіснасці. Вы будзеце здзіўленыя, але зборная Беларусі ізноў прайграла. На гэты раз Шатландыі. Што праўда не з такім ганебным лікам, як Грэцыі, але ўсё ж.
Учора ў Венгрыі быў згуляны другі матч адборачнага цыклу. Карлас Алос істотна памяняў стартавы склад каманды, у параўнані з папярэдняй гульнёй, але і гэта таксама не дапамагло.
Выніковы лік 0:2 не на нашу карысць. І з трывогай чакаем кастрычніцкай гульні са зборнай Даніі. Якая ўчора, дарэчы, знатна прайшлася па зборнай Грэцыі на іх полі, перайграўшы з буйным лікам 3:0, на тым самым полі, дзе ў сваю чаргу прыбітыя ўчора грэкі тры дні таму прайшліся па нашай зборнай з куды больш непрыстойным лікам 5:1.
У іншых учорашніх матчах – зборная Харватыі перамагла Чарнагорыю з лікам 4:0. У «бітве гігантаў» – Гібралтар саступіў Фарэрскім выспам з лікам 0:1. Косава перамагло Швецыю з лікам 2:0. Швайцарыя Славенію 3:0. Зборныя Ізраіля ды Італіі выдалі феерверк галоў у матчы, набіўшы на дзвюх ажно 9 галоў! Сапраўдная перастрэлка галамі, асабліва інтэнсіўнай яна была апошнія 10 хвілін гульні, калі каманды па два разы абмяняліся трапнымі стрэламі. Канчатковы лік у гульні быў ўсталяваны на 91 хвіліне – 4:5 на карысць Італіі. Пры гэтым, акрамя 5 галоў у браму Ізраіля італійцы яшчэ два разы трапна стрэлілі і па сваёй браме.
Учора моладзевая зборная Беларусі па футболе грала свой матч адбору на Еўра 2027. У сустрэчы са зборнай Аўстрыі хлопцы глядзеліся куды больш сімпатычна, чым старэйшыя зборнікі. Хоць і саступілі аўстрыякам з лікам 2:3, але мелі досыць шансаў, каб перамагчы. Некалькі разоў мяч з лініі выносілі супернікі і на яго шляху паўставала стойка.
Таксама ў нашай адборавай групе ізноў жа тая ж Данія перамагла моладзевую зборную Уэльса з «хакейным» лікам 6:2. Пры гэтым скандынавы саступалі па ходзе сустрэчы 0:2.
Казахстан прайграў Англіі з лікам 0:2. Эстонія згуляла ўнічыю 1:1 з Ісландыяй.
Жытомірскае «Палісся», якое выступае ва ўкраінскай Прэм’ер лізе аб’явіла пра прызначэнне на пасаду віцэ-прэзідэнта экс-трэнера зборнай Беларусі Аляксандра Хацкевіча.
Адзначаецца, што адпаведнае рашэнне прыняў прэзідэнт каманды Генадзь Буткевіч.
Клуб завяршыў мінулы сезон на чацвёртым радку УПЛ. У гэтым годзе пасля чатырох тураў каманда займае 10-е месца з трыма ачкамі ў актыве. Таксама «Палісся» дайшло да плэй-оф кваліфікацыі Лігі канферэнцый, дзе саступіла італьянскай «Фіярэнціне» (0:3, 2:3).
Таксама ў трэнерскім беларускім дэсанце працягвае прыбываць і ў суседнім з украінскім – малдаўскім чэмпіянаце па футболе.
Беларускія спецыялісты Вячаслаў Герашчанка і Руслан Зубік увайшлі ў трэнерскі штаб Вадзіма Скрыпчанкі ў тэраспальскім «Шэрыфе» з Д1 Малдовы.
Герашчанка заняў пасаду памочніка галоўнага трэнера, а Зубік – трэнера па фізпадрыхтоўцы.
Раней Герашчанка працаваў галоўным трэнерам дубля менскага «Дынама»
Пасля 11 тураў у чэмпіянаце Малдовы «Шэрыф» займае першае месца, маючы ў актыве 26 ачкоў.
У беларускай хакейнай Экстралізе ўчора былі згуляныя некалькі цікавых матчаў.
Наваполацкі «Хімік» саступіў смаленскаму «Славуцічу» з лікам 0:1.
«Нёман» у Гародні ў овертайме перайграў жлобінскі «Металург» з лікам 5:4.
А вось «Ліда» ў Салігорску па булітах перайграла «Шахцёр» з лікам 3:2. У серыі булітаў «рыцары» былі мацнейшыя за «кратоў» 3:1.
Асацыяцыя тэнісістаў-прафесіяналаў (ATP) апублікавала абноўлены рэйтынг арганізацыі.
Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў стаў першай ракеткай краіны (№548 ATP), абагнаўшы Эрыка Аруцюняна, які апусціўся на 59 радкоў (№560 ATP).
Карлас Алькарас пасля перамогі над Янікам Сінерам у фінале US Open стаў першай ракеткай свету.
24-гадовы Сінер займаў першы радок 65 тыдняў запар з 10 чэрвеня 2024 года. 22-гадовы Карлас апошні раз быў №1 10 верасня 2023 года. Ён правёў на вяршыні рэйтынгу ATP 36 тыдняў у сваёй кар’еры.
1 (2). Карлас Алькарас (Іспанія) – 11 540 ачкоў
2 (1). Янік Сінер (Італія) – 10 780
3. Аляксандр Звераў (Германія) – 5 930
4 (7). Новак Джокавіч (Сербія) – 4 830
5 (4). Тэйлар Фрыц (ЗША) – 4675
6. Бэн Шэлтан (ЗША) – 4 280
7 (5). Джэк Дрэйпер (Вялікабрытанія) – 3 690
8. Алекс дэ Мінаўр (Аўстралія) – 3 545
9 (10). Ларэнца Музеці (Італія) – 3 505
10 (9). Карэн Хачанаў (Расія) – 3 280
548 (560). Ягор Герасімаў (Беларусь) – 68
560 (501). Эрык Аруцюнян (Беларусь) – 67
Жаночая тэнісная асацыяцыя (WTA) апублікавала абноўлены рэйтынг арганізацыі.
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка замацавала статус першай ракеткі свету з перамогай у US Open, Аляксандра Сасновіч страціла 7 пазіцый і стала 126-й, Вікторыя Азаранка апусцілася на адзін радок і стала 133-й.
Амерыканка Аманда Анісімава, якая прайграла ў фінале US Open Сабаленка, дэбютавала ў топ-5.
1. Арына Сабаленка (Беларусь) – 11225 ачкоў
2. Іга Свёнтак (Польшча) – 7933
3. Коры Гаўф (ЗША) – 7874
4 (9). Аманда Анісімава (ЗША) – 5159
5. Міра Андрэева (Расія) – 4793
6. Мэдысан Кіз (ЗША) – 4579
7 (4). Джэсіка Пегула (ЗША) – 4383
8. Жасмін Пааліні (Італія) – 4006
9 (7). Чжэн Цыньвэнь (Кітай) – 4003
10. Алена Рыбакіна (Казахстан) – 3833
126 (119). Аляксандра Сасновіч (Беларусь) – 580
133 (132). Вікторыя Азаранка (Беларусь) – 556
172. Ірына Шымановіч (Беларусь) – 414
254. Крысціна Дзмітрук (Беларусь) – 276
315. Алёна Фалей (Беларусь) – 208
449. Юлія Гатоўка (Беларусь) – 115
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






