BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Бліскучая перамога! “Ягелонія” робіць крок да чвэрцьфіналу Лігі Канферэнцый

Футбольны вечар у Беластоку стаў сапраўдным святам для мясцовых заўзятараў! “Ягелонія” разграміла бельгійскі “Серкль Бруге” з лікам 3:0 у першым матчы 1/8 фіналу Лігі Канферэнцый. Асабліва ўразіў выдатны гол Афіміка Пулулу. Гэты еўракубкавы сезон стаў для польскага клуба сапраўдным выпрабаваннем – 14 матчаў, 7 перамог, 2 нічыі і 5 паразаў. Але каманда Адрыяна Семенца зараз за крок ад гістарычнага выхаду ў чвэрцьфінал. “Цэле”, у штабе якога працуе беларускі спецыяліст Іван Маеўскі, перамог “Лугана” з лікам 1:0. А вось варшаўская “Легія” ледзь не здзейсніла неверагодны камбэк у матчы з “Мольдэ”. Польскі клуб прайграваў 0:3, але змог забіць два галы і да апошняга імкнуўся выратаваць матч.

“Манчэстэр Юнайтэд” і “Рэал Сасьедад” разышліся мірам у Лізе Еўропы

Напружаны матч у Сан-Себасцьяне не выявіў мацнейшага! “Рэал Сасьедад” і “Манчэстэр Юнайтэд” разышліся нічыёй 1:1 у першай сустрэчы 1/8 фіналу Лігі Еўропы. Гасцям удалося адкрыць лік на 57-й хвіліне – адзначыўся Джошуа Зіркзэ. Але гаспадары не здаліся: праз 13 хвілін Мікель Оярсабаль з пенальці аднавіў раўнавагу. Лонданскі “Чэлсі” перамог 2:1 “Капенгаген”. Матч паміж “Ромай” і “Атлетыкам” выдаўся сапраўднай драмаю! Калі ўсё ішло да нічыі, на 94-й хвіліне Эльдор Шамуродаў забіў пераможны мяч і прынёс “Роме” вельмі важную перамогу 2:1.

Гістарычны трыумф «Дынама-БДУФК» у Суперкубку Беларусі!

Жаночы футбол у Беларусі перапісвае гісторыю! Менскае «Дынама-БДУФК» у драматычным матчы за Суперкубак краіны абыграла «Мінск» з мінімальным лікам 1:0. Адзіны і пераможны мяч на 78-й хвіліне забіла Ганна Піліпенка, прынёсшы сваёй камандзе ўжо чацвёрты трафей у гэтым турніры.

Беларусы ўпэўнена рухаюцца да Еўра па міні-футболе

Зборная Беларусі святкавала другую перамогу ў еўракваліфікацыі – на гэты раз над Фінляндыяй з лікам 3:0. Удзел у фінальнай стадыі чэмпіянату Еўропы становіцца ўсё больш рэальным.

Біятлонны спрынт: Жаклен першы, Бё ў тройцы

Француз Эмільен Жаклен стаў пераможцам спрынту на 7-м этапе Кубка свету ў Нове-Места. Ён без промахаў прайшоў дыстанцыю за 23 хвіліны і 13 секунд. Італьянец Джакомель стаў другім, а нарвежская зорка Ёханэс Бё – толькі трэцім.

Беларускае Радыё Рацыя