BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Бліскучая вікторыя “Ягелонія”

Пасля перапынку аднавіўся чэмпіянат Польшчы па футболе. Беластоцкая “Ягелонія” 2 лютага прымала на сваім полі “Радомяк” і разграміла яго з лікам 5:0.

Феерычным для чэмпіёнаў краіны стаўся пачатак сустрэчы – ужо на 10-й хвіліне лік быў 3:0 на карысць гаспадароў стадыёна. А перад перапынкам перавага ўзрасла да 5:0. Усе мячы забілі легіянеры – спярша вызначыўся Мікі Вільяр, а пасля па два галы на свой рахунак запісалі Афіміку Пулулу і Хесус Імас.

“Яга” магла пабіць уласны клубны рэкорд у польскай экстра-класе (6:0 над “Рухам” з Хожува ў сезоне 2013/14), аднак у другім тайме беластоцкія футбалісты не асабліва напружваліся, а трэнерскі штаб каманды ўрэшце даў адпычыць лідарам атакі.

Такім чынам “Ягелонія” зноў вярнулася на другі радок турнірнай табліцы – яна мае пасля 19 гульняў 38 ачкоў і адстае на 3 пункты ад лідара – познаньскага “Леха”. У чанстахоўскага “Ракува”, які ідзе трэцім, 37 ачкоў.

У 19-ы туры у польскім вышэйшым чэмпіянаце дэбютаваў яшчэ адзін беларускі футбаліст (цяпер іх будзе трое). Нападнік Герман Баркоўскі, які ў зімовую паўзу, перайшоў з берасцейскага “Дынама” у клуб “Пушча” (Непаломіцэ), выйшаў на замену ў Забжэ ў паядынку з “Гурнікам”. Выніковымі дзеяннямі ў матчы, які завяршыўся з лікам 1:1, Баркоўскі не адзначыўся, але толькі атрымаў жоўтую картку.

Беларускае Радыё Рацыя