BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Бокі з лепшым часам выйшаў у фінал Паралімпіяды на стометроўцы батэрфляем

У Парыжы стартавала праграма спаборніцтваў XVII летніх Паралімпійскіх гульняў, на якіх у нейтральным статусе выступаюць восем беларусаў. У сталіцы Францыі нашы паралімпійцы прадстаўлены ў двух відах спорту: плаванні і лёгкай атлетыцы. Першым відам праграмы з беларускім удзелам стаў папярэдні заплыў на стометроўцы батэрфляем у класе S13 (сярод атлетаў з парушэннямі зроку), дзе выступіў 16-разовы чэмпіён Паралімпійскіх гульняў Ігар Бокі. Беларускі спартовец праплыў дыстанцыю за 54,93 секунды і выйшаў у фінал з найлепшым вынікам сярод 14 удзельнікаў. Вырашальны заплыў на стомятроўцы батэрфляем у мужчын адбудзецца сёння. Ігар Бокі з’яўляецца сусветным рэкардсменам на гэтай дыстанцыі.

Сасновіч і Рахімава перамаглі ў першым крузе парнага разраду US Open

Беларуска Аляксандра Сасновіч і расейская тэнісістка Каміла Рахімава перамаглі ў стартавым матчы парнага разраду адкрытага чэмпіянату ЗША. У 1/32 фіналу беларуска-расейскі тандэм за паўтары гадзіны перайграў у двух сетах армяна-польскі дуэт Эліна Аванэсян / Катажына Піцер – 6:2, 6:4. У другім раўндзе Сасновіч і Рахімава сустрэнуцца з іспанска-чэшскай парай Сара Сарыбес Торма / Марыя Баўзкова. У адзіночным разрадзе дзве прадстаўніцы Беларусі прабіліся ў 1/16 фіналу. Арына Сабаленка у другім крузе абыграла італьянку Лючыю Бранцэці – 6:3, 6:1. Вікторыя Азаранка перамагла францужанку Клару Бюрэль – 6:1, 6:4.

“Црвена Звезда”, “Ліль” і “Слован” выйшлі ў групавы этап Лігі Чэмпіёнаў

Па сканчэнні матчаў у адказ плэй-оф кваліфікацыі «Црвена Звезда», «Ліль» і «Слован» прабіліся ў групавы этап Лігі чэмпіёнаў. “Црвена Звезда” пасля паразы ў першым матчы 1:2, на хатняй арэне абыграла крыўдзіцеля “Ягелоніі” – Будзе/Глімт – 2:0. “Ліль” прайграў “Славіі” – 1:2, але за кошт перамогі ў першым матчы 2:0 прайшоў у групавы этап. “Слован” перамог “Мідзьцюланд” – 3:2 пасля нічыі ў першым матчы 1:1.

Менскае “Дынама” пазмагаюцца з “Андэрлехтам” за выхад у асноўны этап Лігі Еўропы

Футбалісты менскага “Дынама” згуляюць з бельгійскім “Андэрлехтам” за выхад у асноўны этап Лігі Еўропы. Паядынак у Брусэлі будзе судзіць чарнагорская брыгада арбітраў, якую ўзначаліць Мікола Дабанавіч. Гульня пачнецца ў 21.00. Тыдзень таму ў венгерскім Мезекевешдзе мінчане ні ў чым не саступалі самаму тытулаванаму клубу Бельгіі, але не выкарысталі свае магчымасці для ўзяцця брамы, і ў выніку прайгралі з мінімальнай розніцай у ліку – 0:1. Пераможца двухматчавага супрацьстаяння згуляе ў асноўным этапе Лігі Еўропы, а той, хто прайграе, выступіць у трэцім па рангу турніры – Лізе канферэнцый.

Беларускае Радыё Рацыя