Беларускі плывец Ігар Бокій выйшаў у чарговы фінал на XVII летніх Паралімпійскіх гульнях у Парыжы.

У другі дзень спаборніцтваў у басейне Бокій разам з таварышам па камандзе Яўгенам Кавалёнкам выйшлі на старт стомятроўкі на спіне. Абодва спартоўцы прынялі ўдзел у другім папярэднім заплыве. Ігар пераадолеў дыстанцыю з найлепшым вынікам 58,97 секунды, а па выніках абодвух заплываў час беларуса аказаўся другім – яшчэ хутчэй справіўся расеец Уладзімір Сотнікаў 58,32. Кавалёнак з паказчыкам 1 хвіліна 5,97 секунды стаў апошнім сярод 14 удзельнікаў, у фінал прайшла наймацнейшая васьмёрка.
Берасцейскае “Дынама” і “Славія” адкрыюць 20 тур футбольнага чэмпіянату Беларусі
Стартавыя сустрэчы 20-га тура адбудуцца на чэмпіянаце Беларусі па футболе сярод каманд вышэйшай лігі. У першай з іх берасцейскае “Дынама” прыме на сваёй арэне мазырскую “Славію” (пачатак гульні ў 18.45). Матч першага круга ў Мазыры завяршыўся ўнічыю – 1:1. На мінулым тыдні абодва супернікі пацярпелі паразы. Берасцейцы пасля серыі з трох перамог нечакана саступілі на выездзе футбалістам “Мінска” 2:3, а мазыране прайгралі “Віцебску” 1:2.
Таксама сёння футбалісты “Гомеля” згуляюць на хатняй арэне з гасцямі са “Смаргоні” (пачатак у 20.45). У сустрэчы першага круга ў Смаргоні супернікі не выявілі пераможцу – нічыя 2:2. У папярэднім туры гамяльчане не гулялі, а смаргонская каманда адолела на сваім полі наваполацкі “Нафтан” 1:0. Заўтра лідар першынства гарадзенскі “Нёман” на выездзе будзе супернічаць з “Віцебскам”, у Наваполацку “Нафтан” прыме футбалістаў “Мінска”, а ў Салігорску мясцовы “Шахцёр” сустрэнецца з дзяржынскім “Арсеналам”.
Зборная Беларусі па пляжным футболе адкрые новы сезон Еўралігі матчам з іспанцамі
Зборная Беларусі па пляжным футболе правядзе стартавы паядынак новага сезона Еўралігі. У партугальскім Назарэ беларусы сустрэнуцца з камандай Іспаніі. Заўтра гульня з гаспадарамі турніру партугальцамі, а 1 верасня матч супраць зборнай Германіі. Перад ад’ездам у Партугалію беларускія падначаленыя іспанскага трэнера Нікаласа Альварада паспяхова правялі два кантрольныя паядынкі ў Баку супраць зборнай Азербайджана. У першым з іх беларусы выйгралі 4:2, а затым узялі верх з лікам 3:2. Пасля выступу ў Назарэ беларуская каманда будзе рыхтавацца да Суперфіналу Еўралігі, які пройдзе 10-15 верасня ў італьянскім Альгера.
Іга Свёнтэк наблізілася, але не перасягнула дасягненне Вікторыі Азаранкі
Першая ракетка свету, 23-гадовая прадстаўніца Польшчы Іга Свёнтэк стала самай юнай за апошнія дванаццаць гадоў тэнісісткай, якая здолела выйграць 20 са сваіх першых 22 матчаў другога круга турніраў “Вялікага шлема”. У 2012-м экс-першая ракетка планеты Вікторыя Азаранка, якой тады таксама было 23 гады, змагла ўзяць верх у 21 з першых 22 паядынкаў другога раунда турніраў “Вялікага шлема”, інфармуе OptaAce.
Беларускае Радыё Рацыя






