BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Брэст” пачаў плэй-ін з перамогі над “Славуцічам”

Хакеісты “Брэста” паспяхова стартавалі ў кваліфікацыйным этапе плэй-іна чэмпіянату Беларусі, перамогшы “Славуціч” з лікам 3:1.

Ice hockey stick and puck 20181220

Гаспадары адкрылі лік ужо на другой хвіліне, а да сярэдзіны першага перыяду падвоілі перавагу. Супернікі змаглі скараціць разрыў, але берасцейцы перад перапынкам зноў зрабілі розніцу ў дзве шайбы. У наступных двух перыядах закінутых шайбаў не было, і матч завяршыўся перамогай “Брэста”. Другі паядынак серыі да дзвюх перамог адбудзецца заўтра ў Смаленску. Калі “Славуціч” возьме рэванш, вырашальная гульня пройдзе ў Берасці. Таксама ў бітву за месца ў плэй-оф уступяць “Лакаматыў” і “Хімік”, іх сустрэча адбудзецца ў Оршы.

“Вісла” не здолела абыграць “Арку”, Чычкан застаўся ў запасе

У 22-м туры чэмпіянату Польшчы па футболе ў другім дывізіёне “Арка” на хатнім стадыёне згуляла ўнічыю з “Віслай” – 2:2. Беларускі брамнік гасцей Антон Чычкан на гэты раз не з’явіўся на полі, застаўшыся ў запасе. Пасля гэтага матчу “Арка” з 45 баламі займае другое месца ў турнірнай табліцы, а “Вісла” з 34 ачкамі трымаецца на шостай пазіцыі.

«Баварыя» вяртаецца са Штутгарта з перамогай

Мюнхенская «Баварыя» змагла пераламіць ход сустрэчы і перамагла «Штутгарт» у гасцявым матчы 24-га тура Бундэслігі. Гаспадары першымі выйшлі наперад дзякуючы голу Ангела Штылера на 34-й хвіліне, аднак яшчэ да перапынку «Баварыя» зраўняла лік — вызначыўся Майкл Алісэ. У другой палове матчу перавагу мюнхенцаў замацавалі Леон Гарэцка на 64-й і Кінгслі Коман на 90 хвіліне. Пасля гэтай перамогі «Баварыя» ўмацавала свае пазіцыі на першым радку турнірнай табліцы з 61 ачком, а «Штутгарт» застаецца на сёмым месцы з 36 ачкамі.

 Хандошка заваявала бронзу на Кубку свету ў Парыжы

На першым этапе Кубка свету па сінхронным плаванні, які праходзіць у Парыжы, беларуская спартоўка Васіліна Хандошка заваявала бронзавы медаль у тэхнічнай праграме сінглаў. За перамогу змагаліся 23 удзельніцы з 17 краін. Хандошка саступіла толькі прадстаўніцам Іспаніі і Кітая. Заўтра беларуска выступіць у вольнай праграме, дзе паспрабуе палепшыць свой вынік.

Беларускія пяціборцы прабіліся ў фінал Кубка свету ў Каіры

Беларускія спартоўцы паспяхова выступілі на этапе Кубка свету па сучасным пяцібор’і, які праходзіць у Каіры. У паўфіналах змагаліся 36 атлетаў, а ў лік найлепшых увайшлі трое беларусаў. Яўген Арол фінішаваў восьмым у сваёй групе, а Уладзіслаў Мелказёраў заняў другое месца ў іншым паўфінале. Таксама адборавы этап пераадолеў Максім Марук, які паказаў восьмы вынік. Фінальныя старты мужчын адбудуцца сёння ўвечары, а раніцай за ўзнагароды будуць змагацца жанчыны, сярод якіх беларускі Марыя Гнедчык, Віялета Гурэева і Анастасія Малашонак. Летась Гнедчык станавілася срэбранай прызёркай фінальнага этапу Кубка свету.

Новы рэкорд у скачках з шастом: Дзюпланціс зноў пераўзышоў самога сябе

Шведскі лёгкаатлет Арман Дзюпланціс чарговы раз усталяваў сусветны рэкорд у скачках з шастом. На турніры ў французскім Клермон-Феранэ ён пераадолеў вышыню 6 метраў 27 сантыметраў, палепшыўшы ўласнае дасягненне на адзін сантыметр. Гэта ўжо адзінаццаты сусветны рэкорд у кар’еры 25-гадовага спартоўца. Дзюпланціс — двухразовы алімпійскі чэмпіён, уладальнік рэкорду Гульняў і шматразовы пераможца чэмпіянатаў свету, Еўропы і фіналаў Брыльянтавай лігі.

Беларускае Радыё Рацыя