BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Брэст” упершыню выйшаў у фінал беларускай хакейнай экстралігі

“Брэст” упершыню выйшаў у фінал беларускай хакейнай экстралігі. Паўфінальная серыя выйграна ў “Шахцёра” з лікам 4:2. У чацвер у шостым матчы “Брэст” перамог салігорцаў з лікам 4:2. Напярэдадні першым фіналістам беларускай хакейнай экстралігі стаў “Металург”. Жлобінцы выйгралі паўфінальную серыю ў “Гомеля” з лікам 4:1. 10 красавіка ў Жлобіне пройдзе першы матч “Металурга” і “Брэста”.

Беларусы Хацкевіч і Залеўскі пакінулі польскі клуб “Заглэмбе”

Беларусы Аляксандр Хацкевіч і Міхаіл Залеўскі пакінулі польскі футбольны клуб “Заглэмбе” з Сасноўца з другога польскага дывізіёна. Іх кантракты скасаваныя па пагадненні бакоў, піша “Трыбуна”. Яны пачалі працаваць з аўтсайдэрам у студзені. Хацкевіч быў галоўным трэнерам, а Залеўскі — спартовым дырэктарам. Выправіць сітуацыю хутка не атрымалася. А нядаўна на трэніроўцы на Аляксандра Хацкевіча напалі фанаты каманды. Хацкевіч — былы галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі, кіеўскага “Дынама”. Ён, як і экс-гендырэктар ФК БАТЭ Міхаіл Залеўскі, пасля падзей 2020-га далучыўся да свабодных спартоўцаў Беларусі.

Азаранка прабілася ў чвэрцьфінал турніру WTA у Чарльстане

Беларуска Вікторыя Азаранка выйграла другі матч на турніры WTA-500 у амерыканскім Чарльстане з прызавым фондам 922 тысячы даляраў. У 1/8 фіналу беларуская тэнісістка адолела ў трохсэтавым паядынку амерыканку Тэйлар Таўнсэнд – 6:7 (5:7), 6:3, 6:4. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 45 хвілін. Наступнай суперніцай Азаранкі будзе яшчэ адна прадстаўніца ЗША Джэсіка Пегула.

Беларусы заваявалі пяць бронзавых медалёў у першы дзень Кубка свету па самба

Беларускія спартоўцы заваявалі пяць узнагарод у стартавы дзень Кубка свету па самба, які праходзіць у Ерэване. На турніры выступілі 10 прадстаўнікоў нашай каманды, палове з якіх удалося дабрацца да медалёў. Бронзавымі прызёрамі аднаго з галоўных стартаў сезона сталі Ігар Міраеўскі (вага да 64 кг), Уладзіслаў Саяпін (да 71 кг), Аляксандр Кокша (да 79 кг), Сяргей Лесяк (да 98 кг) і Ілля Жупікаў (звыш 98 кг).

Шымановіч і Шкурдай атрымалі перамогі ў трэці дзень чэмпіянату краіны па плаванні

У Берасцейскім абласным цэнтры алімпійскага рэзерву па водных відах спорту працягваецца Адкрыты чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па плаванні. На спаборніцтвах выступаюць каманды абласцей Беларусі і горада Менска, а таксама спартоўцы з Расеі. У трэці дзень турніру плыўцы разыгралі восем камплектаў узнагарод. Першае асабістае золата нацыянальнага першынства заваявала берасцейка Анастасія Шкурдай, якая была першай на дыстанцыі 200 м вольным стылем. Трэцюю перамогу за тры дні святкаваў Ілля Шымановіч: на гэты раз менчаніну не было роўных на “палтынніку” брасам. На мужчынскай стомятроўцы найлепшы час паказаў Руслан Скамарошка з Гарадзенскай вобласці, а вырашальны заплыў на дыстанцыі 1500 м у жанчын выйграла прадстаўніца Магілёўскай вобласці Алеся Акінчыц. Яшчэ ў двух фіналах чацвярга першынствавалі расейскія плыўцы. Ягор Пляцко святкаваў поспех на дыстанцыі 200 м на спіне, а Соф’я Шахава раней за іншых закранула борціка на “палцінніку” на спіне. Акрамя таго, у эстафеце 4х200 м кролем перамог квартэт з Берасцейскай вобласці ў складзе Уладзіслава Задарожнага, Івана Ганчара, Сяргея Сталярчука і Уладзіслава Макарэвіча. У жаночай эстафеце 4х100 м комплексам наймацнейшымі сталі Маргарыта Калістратава, Ганна Пятруцкая, Анастасія Куляшова і Марыя Пучанкова са сталіцы.

Беларускае Радыё Рацыя