
Стала вядома, што тэлеканал СТБ прыбраў з праграмы футбольных трансляцый адзін з матчаў футбольнага чэмпіянату Еўра-2024. Лукашэнкаўскія ідэолагі пастанавілі не трансляваць сустрэчу зборных Украіны і Румыніі. Хутчэй усяго быў атрыманы нейкі загад “зверху”.
Гульня пачнецца 17 чэрвеня а 16-й гадзіне беларускага часу. Яшчэ зранку матч быў пазначаны ў праграме перадач СТБ. Аднак пасля 11-й гадзіны ён адтуль знік — застаўся толькі паядынак паміж аўстрыйцамі і французамі. Няма гэтага матча і ў праграме тэлеканала РТР-Беларусь — там пакажуць толькі гульню камандаў Бельгіі ды Славакіі.
Раней на СТБ абяцалі паказаць усе паядынкі футбольнага чэмпіянату Еўропы ў адпаведнасці з турнірным раскладам.
У праграме перадач на пятніцу, 21 чэрвеня, пакуль яшчэ ёсць наступны матч зборнай Украіны — супраць Славакіі.