
Нацыянальная зборная Беларусі па футболе працягвае сваё падзенне на дно еўрапейскага ды і сусветнага футбола.
Гэтым разам каманда гішпанскага спецыяліста Карласа Алоса разгромна прайграла Даніі з лікам 0:6 у адборавым матчы на чэмпіянат свету 2026 года. Пры чым «гарэлі» 0:4 ужо ў першай палове гульні, якая прайшла цалком пад дыктоўку скандынаваў. У валоданні мячом – 77% на 23%, ударах па браме – 24 на 5, з іх у створ – 11 на 1.
Сустрэча прайшла на «ZTE-Арэне» ў Венгрыі.
Раней зборная Беларусі, пра выхад якой на чэмпіянат свету заяўлялі чыноўнікі ад футбола, таксама саступіла Грэцыі 1:5 і Шатландыі 0:2. І зараз займае апошні радок у групе С з нулём ачкоў і розніцай мячоў 1:13.
Наступны матч зборная правядзе ўжо паслязаўтра ў Шатландыі. Якая ўчора ў Глазга здабыла валявую перамогу над камандай Грэцыі з лікам 3:1.
Акрамя гэтага ўчора ў Еўропе было згуляна яшчэ 6 матчаў.
Фінляндыя на сваім полі таксама здабыла валявую перамогу над Літвою з лікам 2:1.
Аўстрыя не пакінула каменя на камені ад зборнай Сан-Марына, разграміўшыя тую з непрыстойным лікам 10:0. «Покерам» адзначыўся Марка Арнаўтавіч.
Кіпр ды Боснія і Герцагавіна згулялі ўнічыю 2:2. Пры чым кіпрыёты адыграліся з ліку 0:2 і параўнялі яго ажно на 96-й хвіліне матча.
Чэхія і Харватыя таксама разыгралі нічыю – 0:0.
Мальта прайграла Нідэрландам – 0:4.
Фарэрцы ў сябе на выспах працягваюць тварыць футбольныя цуды. Гэтым разам з буйным лікам 4:0 перайгралі зборную Чарнагорыі.
Зборная Егіпта па футболе на выездзе перамагла каманду Джыбуці з лікам 3:0.
Дубль у актыве вінгера гасцей Салаха, яшчэ адзін гол у Адэля.
Дзякуючы гэтаму выніку егіпцяне забяспечылі сабе выхад на мундыяль.
Егіпет чацвёрты раз у сваёй гісторыі згуляе на чэмпіянаце свету – раней гэта было ў 1934-м, 1990-м і 2018-м гадах.
Таксама нацыянальная каманда Алжыра забяспечыла сабе ўдзел у фінальнай частцы чэмпіянату свету-2026 пасля перамогі ў адборавым матчы супраць Самалі.
Пад кіраўніцтвам Уладзіміра Петкавіча алжырцы разграмілі зборную Самалі з лікам 3:0 у 9-м туры кваліфікацыі і гарантавалі сабе першае месца ў сваёй групе.
За тур да заканчэння адбору каманда апярэджвае зборную Уганды, якая ідзе другой, на чатыры ачкі.
Зборная Алжыра згуляе на чэмпіянаце свету ўпершыню з 2014 года, калі дайшла да 1/8 фіналу. Турнір пройдзе ў ЗША, Канадзе і Мексіцы з 11 чэрвеня па 19 ліпеня 2026 года.
У рэгулярным чэмпіянаце Нацыянальнай Хакейнай Лігі «Вашынгтон» Аляксея Протаса саступіў «Бостану» (1:3). Протас правёў на лёдзе 19 хвілін 17 секунд (24 змены), зрабіў дакладную перадачу ў адзіным голе сваёй каманды, зрабіў тры кідкі па варотах і правёў адзін сілавы прыём. Матч завяршыў з паказчыкам карыснасці «+1».
А вось «Калгары» Ягора Шаранговіча па булітах выйграў у «Эдмантана» (4:3). Шаранговіч правёў на лёдзе 12 хвілін 47 секунд (з іх 1:25 у большасці), зрабіў два сілавыя прыёмы і заблакаваў адзін кідок. Пасляматчавы буліт не рэалізаваў, патрапіў у штангу. Матч завяршыў з паказчыкам карыснасці «0».
Адзначым, што «Калгары» па ходзе матчу саступаў 0:3.
У 1/8 фінала тэніснага турніра серыі WTA-1000 у кітайскім Ухані першая ракетка сусветнага рэйтынгу беларуска Арына Сабаленка без асаблівых цяжкасцяў у двух сэтах разабралася з 20-й ракеткай – расейкай Людмілай Самсонавай – 6:3, 6:2.
І такім чынам Арына давяла сваю пераможную серыю на турніры ва Ухані да 19 матчаў.
Гэтая серыя пачалася яшчэ ў 2018 годзе, калі Сабаленка ўпершыню заваявала тытул на Wuhan Open. Пазней яна двойчы паспяхова абараніла чэмпіёнства – у 2019 і 2024 гадах.
З моманту ўвядзення фармату турніраў WTA-1000 у 2009 годзе толькі двум дзеючым тэнісісткам удалося выйсці ў чвэрцьфінал спаборніцтваў у адным і тым жа горадзе ў рамках сваіх першых чатырох спроб.
Раней аналагічнага дасягнення дабілася яшчэ адна прадстаўніца Беларусі – Вікторыя Азаранка, якая чатыры разы даходзіла да чвэрцьфіналу ў Токіа на старце сваёй кар’еры на гэтым роўні.
У чвэрцьфінале турніру Арына Сабаленка сустракалася з 8-й ракеткай свету, прадстаўніцай Казахстану Аленай Рыбакінай і выйграла ў яе – 6:3, 6:3.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






