BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Чарговы беларускі срэбны медаль на Алімпійскіх гульнях

Пачнем з добрых навінаў з алімпійскага Парыжу. Сёння капілка беларускіх спартоўцаў папоўнілася чарговым медалём. Вясляр Яўген Залаты выйграў срэбра ў акадэмічным веславанні ў заездзе на 2000 метраў. Беларус падчас гонкі моцна адставаў, ішоў па дыстанцыі апошнім – шостым, але выдатна накаціў на заключных 500 метрах і заняў другое месца.

«Гэта першы медаль у мужчынскім акадэмічным веславанні. Вельмі прыемна. Прывет усёй краіне, Краснаполлю!!! Ведаю як за мяне хварэлі і перажывалі на Магілёўшчыне!» — сказаў Яўген Залаты.

Такім чынам у беларускіх атлетаў на дадзены момант тры медалі – адзін залаты і два срэбра.
Нагадаем, што ўчора золата на Алімпіядзе заваяваў у скачках на батуце Іван Літвіновіч, а срэбра Віялета Бардзілоўская.

На гэтым беларуская праграма на Алімпійскіх гульнях на бліжэйшыя дні закончана.

У футбольным алімпійскім турніры пачаліся матчы плэй-оф. У 1/4 фінала прайшлі ўсе матчы і прынеслі наступныя вынікі. Марока разграміла ЗША 4:0, Гішпанія Японію 3:0, Егіпет з Парагваем згулялі асноўны і дададзены час 1:1, а ў серыі пенальці аказаліся мацнейшымі егіпцяне 5:4 і гаспадары алімпіяды мінімальна абыгралі аргенцінцаў з лікам 1:0. Паўфінальныя пары выглядаюць наступным чынам Францыя – Егіпет, Марока – Гішпанія.

Сёння бронзавы медаль у мужчынскім адзіночным разрадзе тэніснага турніра разыграюць між сабою італьянец Ларэнца Музэці і канадзец Фелікс Ажэ-Альясім. За залаты медаль заўтра пазмагаюцца серб Новак Джокавіч і гішпанец Карлас Алькарас.

Ну а лёс алімпійскага золата ў адзіночным жаночым разрадзе вырашаецца акурат у гэтыя хвіліны, дзе за яго б’юцца кітаянка Сінвэнь Жэнь і харватка Дона Векіч.

Таксама сёння былі разыграныя залатыя медалі ў парным мужчынскім разрадзе. Яго ўзялі аўстраліцы Мэцью Эбдэн і Джон Пірс, якія выйгралі з лікам 6:7, 7:6, 10:8 у амерыканцаў Аўсціна Крайчэка і Рэдж’ю Рэма.

У алімпійскім валейбольным турніры сёння пройдзе апошняя групавая гульня польскай зборнай супраць італьянскай. Варта адзначыць, што абедзьве каманды ўжо забяспечылі сабе выхад у 1/4 фінала.

Такім чынам на гэты момант у агульным медальным заліку на першым месцы па-ранейшаму ідуць спартоўцы Кітая з 13 залатымі медалямі, у шчыльную да іх прыблізіліся аўстралійцы з 12 медалямі, а на трэцім месцы – гаспадары Алімпіяды, у якіх на адзін залаты медаль менш.

Беларускія ж спартоўцы са сваім медальным наборам зараз ідуць на неафіцыйным 21 месцы, бо з-за накладзеных абмежаванняў, у выніку саўдзелу Беларусі ў вайне ва Украіне, нашая зборная выступае па-за конкурсам. У Польшчы і Украіны колькасць медаляў не павялічылася і яны займаюць агульнае 38 і 40 месцы адпаведна. Агулам ужо 55 краінаў маюць у сваім актыве медалі рознай вартасці.

Да падзеяў па-за алімпійскіх. Арына Сабаленка выйграла ў Вікторыі Азаранкі на турніры ў ЗША.

Дзве беларускія тэнісісткі пасля адмовы ад Алімпіяды ўдзельнічаюць у турніры ў Вашынгтоне. Сёння ноччу яны згулялі паміж сабой у 1/4 фіналу, і Арына перамагла 6:4, 6:4.

У паўфінале Сабаленка згуляе з чэшкай Мары Боўзкавай. Гульня пачнецца сёння а 23-й гадзіне па-беларускім часе.

Двума матчамі сёння працягнецца 16 тур чэмпіяната Беларусі па футболе ў Вышэйшай лізе. «Гомель» прыме «Слуцк» і магілёўскі «Дняпро» згуляе супраць мазырскай «Славіі».
А ў польскай Экстракласе сёння ў Беластоку згуляюць «Ягелонія» і «Сталь» з Мельца, за якую паспяхова выступае беларускі форвард Ілля Шкурын. Спадзяемся, што гэты матч будзе багаты на галы, як з боку «Ягелоніі» так і з боку Іллі.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя