Учора прайшлі дзве гульні ў адказ на стадыі 1/4 фінала ў футбольнай Лізе чэмпіёнаў. Мінулагодні фіналіст лігі «Барусія» ў Дортмундзе вырашыла не складваць рукі пасля крыўднай выяздной паразы 0:4 ад «Барселоны» і дала сапраўдны бой на Сігнал Ідуна Парк Арэне. Хет-трыкам за «чмялёў» адзначыўся француз Сіру Гірассі. І невядома, як склалася б гульня, каб у свае вароты не адправіў мяч абаронца «Барусіі» алжырац Рамі Бенсебаіні. І такім чынам лік у гульні 3:1, але па суме дзвюх сустрэч у паўфінал крочаць каталонцы.
Паралельна паўфінальная квота разыгрывалася на Віла Парк у англійскім Бірмінгеме. Там «Астан Віла» спрабавала адыграць паразу ад ПСЖ, якая здарылася тыдзень таму ў Парыжы з лікам 1:3. Тут гульня таксама была багатая на галы, але «дачнікам» не хапіла аднаго гола, каб перавесці ход сустрэчы ў дададзены час. Валявая перамога гаспадароў з лікам 3:2. На галы «гаражан» з Парыжу Хакімі і Мендэша, бірмінгемцы адказалі наступнымі трапнымі стрэламі Цілеманса, МакГіна і Консы.
Сёння свае гульні ў адказ правядуць «Інтэр» Мілан ды «Баварыя» Мюнхен, і «Рэал» Мадрыд ды лонданскі «Арсенал».
Учора прайшоў першы паўфінальны матч Кубка Беларусі па футболе. Дзеючы ўладальнік Кубка – гарадзенскі «Нёман» на сваім полі разграміў «Віцебск» з лікам 3:0 і стаў на крок бліжэй да таго, каб абараніць свой тытул. Галамі адзначыліся – на першай хвіліне Антон Сучкоў і ўжо напрыканцы сустрэчы Сяргей Пушнякоў ды Ягор Зубовіч з пенальці на апошняй хвіліне гульні. Сёння ж у барацьбу ўступіць другая пара паўфіналістаў – «Тарпеда» з Жодзіна ды віцебскі «МЛ».
Да навінаў хакея. У беларускай Экстралізе працягваецца змаганне за чэмпіёнскі тытул. Учора «Віцебск» на сваёй пляцоўцы ў экстратайме перамог дзесяціразовага чэмпіёна Беларусі менскае «Юнацтва» з лікам 4:3. Лік у серыі стаў 3:1. І зараз адна перамога аддзяляе дружыну з берагоў Дзьвіны да першага ў іх гісторыі чэмпіёнскага тытула.
А вось тым часам за акіянам у Нацыянальнай хакейнай лізе ўпершыню на лёд выйшаў 18-ы ў гісторыі лігі беларус. 25-гадовы галкіпер «Ванкувер Кэнакс» Мікіта Талапіла згуляў у пераможным для сябе матчы супраць «Сан-Хасэ», які яго каманда выйграла з лікам 2:1. Гадаванец менскага хакея з унікальным для галкіпера ў гэтым відзе спорту ростам 197 сантыметраў адбіў 15 з 16 кідкоў па сваёй браме, за што адразу атрымаў трэцюю “зорку” гульні. Ён стаў другім беларускім галкіперам пасля Аляксея Коласава, які згуляў у мацнейшай хакейнай лізе свету.
У гэтым сезоне ў НХЛ на лёд выходзілі адразу сем беларусаў і гэта рэкорд: вышэй згаданы Аляксей Коласаў («Філадэльфія»), абаронцы Уладзіслаў Калячонак («Пітсбург»), Ілья Салаўёў («Калгары») і Арцём Леўшуноў («Чыкага»), а таксама форварды Аляксей Протас («Вашынгтон») і Ягор Шаранговіч («Калгары»).
А першым беларусам, які згуляў у Нацыянальнай хакейнай лізе быў нападнік «Чыкага Блэкхокс» Аляксандр Андрыеўскі, які зрабіў гэта ў далёкім 1992 годзе. Рэкардсменам жа па колькасці згуляным матчаў у лізе застаецца легендарны Руслан Салей , у якога 917 выхадаў на паўночна-амерыканскі лёд.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя